Цыганкоў: Міністэрства аховы здароўя вынесла на грамадзкае абмеркаваньне праект пастановы пра нормы мэдыцынскай этыкі. Мэдыкам хочуць забараніць грубіць пацыентам, рэклямаваць лекі, насіць нарошчаныя пазногці і высокія абцасы на працы.
Аўтары праекту адзначылі маральна-этычныя нормы паводзінаў, да якіх аднесьлі павагу, спачуваньне, абавязак быць стрыманымі, калегіяльнымі, дэмакратычнымі, а таксама захоўваць канфідэнцыйнасьць. Ёсьць дастаткова шмат правільных і фактычна бясспрэчных пажаданьняў, якія прынятыя як прафэсійныя нормы, бадай, у большасьці цывілізаваных краінах.
Але ёсьць і спрэчныя моманты, якія выклікалі дыскусіі ў сацыяльных сетках. Напрыклад, мэдработнік мусіць «пазьбягаць любых дзеяньняў, якія падрываюць давер грамадзтва да сыстэмы аховы здароўя». Ці не зьяўляецца гэта спробай забараніць любую крытыку, напрыклад, беларускіх лекаў? Бо вядома, што зараз дактарам рэкамэндуюць прапісваць пацыентам беларускія лекі, якія не заўсёды самыя якасныя. Але сумленьне і грамадзкі абавязак дактароў б’юць рэкамэндацыі чыноўнікаў.
Мне здаецца, ніякія інструкцыі па этыцы ня могуць вырашыць праблемы хамства, бо дактары замучаныя і раздражнёныя. Толькі пераход на платную, то бок страхавую мэдыцыну, калі людзі плацяць, хай і невялікія, грошы — 20, 30, 50 даляраў у месяц, як у краінах Усходняй Эўропы, і маюць адпаведны падыход
Далей рэакцыю выклікаў пункт 7 гэтай прапановы, які тычыцца зьнешняга выгляду мэдработніка. Мне здаецца, што тут усё адэкватна, хоць людзі шмат іранізуюць. Нельга насіць нарошчаныя пазногці, матэрыял халату не павінен быць празрыстым, даўжыня самога халату павінна быць не менш за 2/3 сьцягна. Мяркую, што патрабаваньні да зьнешняга выгляду мэдыкаў прысутнічаюць у большасьці краін сьвету, і міністэрства аховы здароўя можа сказаць, што карыстаецца міжнароднай практыкай.
На сёньня праблема беларускай мэдыцыны менавіта ў яе гібрыднасьці. То бок у зьмяшаньні бясплатнай і платнай мэдыцыны. Паводле Канстытуцыі і практыкі беларуская мэдыцына бясплатная, але гэта ў значнай ступені ня так, усе ведаюць выказваньне Жванецкага, вы канешне можаце не плаціць доктару, калі вас не цікавіць вынік. Рэч у тым, што ў фармальна бясплатнай мэдыцыне шмат чаго робіцца з непрымальнымі падзякамі. Іншая справа, што зараз вельмі разьвіваецца і платная мэдыцына, і калі казаць пра этычныя нормы, то вось там яны даўно дзейнічаюць і без усялякіх праблем. Калі я прыходжу ў прыватную стаматалягічную клініку, там усё ідэальна ў зносінах з пацыентамі. Там усьміхаюцца, прапануюць ваду і тэлевізар падчас чаканьня, хоць звычайна чакаць не даводзіцца, бо візыт запісаны. Нават калі ты спозьнісься, то цябе чакаюць дактары. Нават калі сядзіш у стаматалягічным крэсьле, зьверху тэлеэкран, на якім можна глядзець відэакліпы альбо мультфільмы. То бок гэта такі астравок заходняй мэдыцыны. Там я ні разу не сустракаўся ня тое што з хамствам, нават з адсутнасьцю ўсьмешкі ці добразычлівасьці.
Нядаўна ў нас на сайце было дасьледаваньне пра тое, як у Беларусь прыяжджаюць іншаземцы, пераважна з Расеі, але і з Захаду, ЗША, Брытаніі на лекаваньне. У мяне таксама ёсьць такія знаёмыя. Бо там дорага, а тут танна і дастаткова якасна.
Тое, што напісана ў праекце, напісана менавіта для дзяржаўных устаноў, дзе ўсе згаданыя праблемы ёсьць, гадамі абмяркоўваюцца, і не пераадольваюцца. І немагчымасьць атрымаць талёнчык, трэба часам чакаць некалькі дзён ці тыдняў, і вялікія чэргі. Як гэтыя праблемы вырашыць? Мне здаецца, ніякія інструкцыі па этыцы ня могуць вырашыць праблемы хамства, бо дактары замучаныя і раздражнёныя. Толькі пераход на платную, то бок страхавую мэдыцыну, калі людзі плацяць, хай і невялікія, грошы — 20, 30, 50 даляраў у месяц, як у краінах Усходняй Эўропы, і маюць адпаведны падыход.
Глод: Мне падаецца, што ў мэдыцыне, як ні ў воднай іншай сфэры нашага жыцьця, накапілася столькі праблем, што абмеркаваць іх дасканала ніякага часу ня хопіць. Тут Віталь Цыганкоў зьлёгку пажартаваў над даўжынёй халату доктаркі, яго празрыстасьці альбо непразрыстасьці. А мне сёньняшняя тэма найперш нагадала падзеі 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці. Тады дактары сутыкнуліся з сапраўды маральнай для іх праблемай. Пакінуць «цяжкога» пацыента ў шпіталі ці адправіць у міліцэйскі ізалятар, можа вырашыць толькі доктар. Бо не існуе ніякай агульнапрынятай этыкі паводзінаў мэдыкаў.
Ніякіх «нарматыўных» дакумэнтаў на гэты конт няма — рашэньне аддаваць ці не аддаваць хворага міліцыянтам залежыць ад доктара, які лечыць пацыента
І падзеі 19 сьнежня выклікалі шмат разваг ня толькі аб лёсе затрыманых там людзей, але і спарадзілі шмат спрэчак на тэму этыкі паводзінаў дактароў. Падставай для гэтага найперш стала тое, як галоўны лекар шпіталя хуткай дапамогі Віктар Сірэнка дазволіў «невядомым людзям» забраць з палаты зьбітага кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева. А ўжо на наступны дзень пасьля здарэньня Сірэнка заявіў Беларускаму тэлебачаньню, што Някляеў сам сыйшоў са шпіталю. І толькі пасьля жонка Някляева Вольга распавяла, што зьбітаму палітыку галоўны доктар шпіталя зьмяніў дыягназ. Паводле яго, Някляеў атрымаў толькі лёгкія цялесныя пашкоджаньні.
Ніякіх «нарматыўных» дакумэнтаў на гэты конт няма — рашэньне аддаваць ці не аддаваць хворага міліцыянтам залежыць ад доктара, які лечыць пацыента.
Тут пытаньне тычыцца непасрэдна толькі дваіх: таго, хто забірае, і таго, хто лечыць, — як ім гэта «разруліць». І тут усё залежыць ад таго, што скажа доктар. І менавіта ён павінен прыняць рашэньне. А ніякіх нарматыўных дакумэнтаў на гэты конт не існуе.
І, канечне, не даўжыня пазногцяў ці халату вызначаюць мэдычныя праблемы. Іх вырашае тая сыстэма, у якой мы жывем.
Этыка этыкай, а трэба вырашаць рэальныя, а не некаторыя надуманыя праблемы. Адна з галоўнейшых — штогадовая дыспансэрызацыя насельніцтва. Да гэтага часу яна ня вырашаная. А ўпершыню такая задача была пастаўленая на Пленуме ЦК КПСС яшчэ ў чэрвені 1983 году. Ужо і краіны той няма. А задача ўсё ня вырашаная.
Гурневіч: Я пазнаёміўся з гэтым дакумэнтам і яго крытыкай. Станоўчых ацэнак я пакуль не пабачыў. Але, магчыма, сам закрыю гэты прабел. Галоўная прэтэнзія да гэтага праекту, што ён, маўляў, не палепшыць сытуацыю сыстэмы аховы здароўя, бо лекаў і абсталяваньня больш ня стане. Гэта, нібыта, і праўда, але,зь іншага боку, гэты праект ня ставіць перад сабою такой задачы. Усе гэтыя нормы датычаць этыкі, а не набыцьця новай тэхнікі. І хаця этыка наўпрост не ўплывае на эфэктыўнасьць мэдычных апаратаў, яна вельмі важная ў працы лекара. Гэта ведае кожны, хто хоць раз перакрочыў парог шпіталя ці паліклінікі.
Таму калі нейкі юрыдычны акт лішні раз узгадвае пра этыку, то гэта карысна. І павага, і спачуваньне, ветлівасьць, талерантнасьць. Гэта вельмі пазытыўны момант, што такія рэчы прапісваюцца з дакумэнце
Я ўзгадваю эпізод з кнігі ўраджэнца Пінска Рышарда Капусьцінскага «Імпэрыя». Гэта легендарная ўжо кніга рэпарцёра пра постсавецкія краіны. І там аўтар узгадвае сваю размову са швэдзкім прафэсарам, выкладчыкам унівэрсытэту ў Лундзе на поўдні Швэцыі. Капусьцінскі яму скардзіцца, што капіталізм ужо крочыць вялікі крокамі па гэтай прасторы, а людзі жывуць горш і горш. На гэта швэд адказвае, што постсавецкія людзі часта мяркуюць, што дастаткова зьмяніць сыстэму кіраваньня і форму ўласнасьці і ўсё пойдзе як па масьле. Гэта важна, кажа ён, але без этыкі працы і бізнэс-адносін нічога не атрымаецца.
Таму калі нейкі юрыдычны акт лішні раз узгадвае пра этыку, то гэта карысна. І павага, і спачуваньне, ветлівасьць, талерантнасьць. Гэта вельмі пазытыўны момант, што такія рэчы прапісваюцца з дакумэнце. Яны робяцца дзеля таго, каб нейкая новаўвядзеньне стала нормай. Лекарам, якія карыстаюцца гэтымі нормамі штодня, гэта ня будзе замінаць і не павінна іх абражаць. Гэта нагода задумацца пра свае этычныя нормы тым, хто імі не карыстаецца.
І пра палітычную, і пра рэлігійную нэўтральнасьць, і пра дзелавую манеру. Гэта менавіта тое, паводле мяне, што хоча бачыць і чуць пацыент. Пэўныя сумневы могуць выклікаць запісы пра зьнешні выгляд, пра рэзкі парфум і нарошчаныя пазногці. Я думаю, што гэта датычыць усё ж нейкіх радыкальных праяў, якія не сустракаюцца штодня. Мяркую таксама, што прапановы ў гэты праект рабіліся пасьля пэўных кансультацый альбо атрыманьня зваротнай сувязі ад пацыентаў. Ва ўсякім разе, я чытаў гэты праект і шукаў да чаго б прычапіцца, але нічога такога не знайшоў. Іншая справа — як усё можа і будзе інтэрпрэтавацца. Ці будуць злоўжываньні. Але лепш, каб такі дакумэнт быў. Сытуацыя, калі кожны сам усталёўвае правілы, значна горшая.