Куды варта пайсьці і за чым сачыць заўтра, 13 сьнежня
Што будзе?
У Віцебску 14 сьнежня адбудзецца суд за бел-чырвона-белы сьцяг на акцыі ў дзень нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. 26 лістапада, у дзень 86-й гадавіны Караткевіча, віцябляне прыйшлі да помніка пісьменьніку. Адзначаць народзіны беларускага клясыка ўскладаньнем кветак і чытаньнем вершаў стала ўжо традыцыяй. Хрыстафор Жаляпаў, ідучы да помніка ад сваёй машыны, разгарнуў нацыянальны сьцяг. Празь некалькі дзён актывісту патэлефанавалі з РАУСа, каб паведаміць, што завялі адміністрацыйную справу.
Кіно і выставы
Дыскусія пра позьнесавецкі кінэматограф
Эўрапейскі каледж Liberal Arts (ECLAB) ладзіць кінапрагляд стужкі Валера Рыбарава «Сьведка». Пасьля прагляду — абмеркаваньне, як і чаму адбывалася пераацэньваньне ваеннай гісторыі ў савецкім кіно.
Менск, Галерэя «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а).
Пачатак у 18:30.
Уваход вольны.
Выстава «Дыялёг скульптур. Чырвонае. Чорнае. Італьянскі экзэрсіс»
Некамэрцыйная галерэя «Брама» прэзэнтавала 12 сьнежня выставу, якая перанясе наведнікаў зь зімовага Менску ў сонечную Італію. «Брама» — найстарэйшая ў Беларусі прыватная галерэя з 25-гадовай гісторыяй. Новая выстава — гэта супастаўленьне плястыкі і фактуры аб’ёмных аб’ектаў у тэкстылі і мэтале.
Менск, Палац Рэспублікі, мастацкая галерэя «Ўнівэрсытэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1).
Час працы: 11:00–19:00.
Літаратурныя імпрэзы
Фінал паэтычнага конкурсу «Рухавік»
Шматсэрыйны паэтычны турнір паміж маладымі літаратарамі ідзе зь верасьня. За перамогу будуць змагацца 12 творцаў. Іх задача — зьдзівіць публіку сваёй творчасьцю ўсяго за 5 хвілін.
Менск, арт-цэнтар «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33).
Пачатак у 19:00.
Уваход вольны.
Літаратурная вечарына «Тутэйшых»
Незалежнае абʼяднаньне маладых літаратараў «Тутэйшыя» было заснавана ў 1987 годзе. Ня маючы магчымасьці публікаваць свае творы ў афіцыйных выдавецкіх структурах, літаратары пачалі выпускаць альманах «Літаратура». Імпрэза, у якой возьмуць удзел Уладзімер Някляеў і Міхась Скобла, будзе прысьвечана блізкаму ўжо 30-годзьдзю літаратурнага абʼяднаньня.
Менск, Палац Мастацтваў (вул. Казлова, 3).
Пачатак у 18:30.
Уваход вольны.