Колішні старшыня «Белкаапсаюзу» і намесьнік старшыні Савету міністраў БССР Кандрат Церах стаў апошнім міністрам гандлю Савецкага Саюзу. Цяпер 81-гадовы Церах кажа, што яго адразу пазнавалі як беларуса з акцэнту, што за 30 гадоў так і не прызвычаіўся да Масквы і ўжо паклапаціўся пра месца на Ўсходніх могілках у Менску. Кандрат Церах згадвае працу ў камандзе Гарбачова, разважае, ці можна было запоўніць прылаўкі крамаў у апошнія гады СССР, распавядае, як згубіў грошы на пастаўках беларускіх харчоў расейскаму войску, і параўноўвае ўмовы працы і заробкі савецкіх міністраў і цяперашніх урадоўцаў у Расеі. Гутарка адбылася ў Менску, куды ў сьнежні Кандрат Зыгмундавіч прыехаў павіншаваць зь юбілеем шматгадовага сябра.
Як дамовіўся пра месца на могілках у Менску
Ганна Соўсь: Кандрат Зыгмундавіч, мяне вельмі ўразіла, калі размаўляла па тэлефоне з вамі і вашай жонкай у Маскве, як і вы, яна вельмі прыязна адгукнуліся на беларускую мову і адказалі на ёй, пры тым, што ўжо 30 гадоў жывяце ў Маскве. Што вас цяпер зьвязвае з Беларусьсю?
Кандрат Церах: Гэта мая любімая радзіма. Хачу, каб мой прах быў на радзіме, таму я зьвярнуўся з просьбай да кіраўніцтва краіны, каб мяне пахавалі на Маскоўскіх могілках. Там ляжаць каля 100 чалавек, якіх я асабіста праводзіў — пачынаючы ад першага кіраўніка Васіля Казлова, потым Прытыцкі, Сурганаў, Машэраў (я быў тады старшынём «Белкаапсаюзу»). Дзясятак зь іх — мае блізкія людзі. Гэта я як бы з канца зайшоў...
Беларусь мне вельмі дарагая. Мне не было і шасьці гадоў, калі пачалася вайна. Я нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Альковічы (каля 100 км ад Менску), тады Заходняя Беларусь была тэрыторыяй Польшчы. Мы, дзеці, хаваліся ў траву, бо ляцелі тысячы самалётаў. На пяты-шосты дзень немцы разьмясьцілі гарнізон у нашай вёсцы... Калі скончылася акупацыя ў 1944 годзе, мы згарэлі датла, нічога не засталося...
Пра службовыя прыступкі і найцяжэйшыя часы ў апошнія гады СССР
Соўсь: Ваша карʼера ўражвае. Вы паступова прайшлі ўсе службовыя прыступкі. Пачыналі бухгальтарам у сельскім спажывецкім таварыстве, далей былі розныя пасады ў сыстэме гандлю і «Белкаапсаюзу», у 49 гадоў вы ўжо былі намесьнікам старшыні Савету міністраў БССР, курыравалі гандаль і бытавое абслугоўваньне. Што ў Беларусі было зроблена Кандратам Церахам? Я чытала недзе, што гэта вы ўпершыню ў Савецкім Саюзе ўвялі сыстэму самаабслугоўваньня ў крамах БССР.
Церах: Я ніводнай пасады не прапусьціў. Пачаў вучнем у сельпо пасьля 7 клясы, потым была гандлёва-каапэратыўная школа, далей працаваў старэйшым бугальтарам у сельпо, 4 гады службы на Балтыйскім флёце, далей быў дырэктарам Вілейскага гандлю, Маладзечанскага гандлю, намесьнікам старшыні Менаблспажыўсаюзу, праз 2-3 гады начальнікам ўпраўленьня гандлю Менаблвыканкаму, першым намесьнікам «Белкаапсаюзу», старшынём «Белкаапсаюзу». Прайшоў зьнізу да верху... У мяне бацька — вартаўнік, маці — прыбіральшчыца. Не было ніякіх «цёплых рук», якія мяне прасоўвалі. Усё сам. Я не пытаўся, калі мне прапаноўвалі павышэньне, які будзе заробак. Нават калі ў Маскву бралі на пасаду міністра, не задаваў гэтага пытаньня.
Соўсь: А які заробак у вас быў на гэтай пасадзе?
Церах: Прыкладна ў чатыры разы быў большы, чым заробак па краіне. Цяпер у Расеі розьніца паміж заробкам чыноўніка і сярэднім заробкам — у сотні ці тысячы разоў. Калі я пачаў працаваць у каапэрацыі, на мяне вялікае ўражаньне зрабіла выстава «Рацыё-72» у ГДР. Там удзельнічалі ўсе сацыялістычная і некаторыя капіталістычная краіны. Дэманстравалі найноўшыя дасягненьняў у сфэры гандлю, у тым ліку сыстэму самаабслугоўваньня ў крамах. Калі я вярнуўся, адразу ўзьнікла пытаньне, што ў рамках праважна драўляных крамаў, якія былі пасьля вайны на тэрыторыі Беларусі, нічога зрабіць было немагчыма. І мая галоўная задача была — зьмяніць матэрыяльную базу. За мой пэрыяд працы (эканамісты палічылі) на 70-80% была абноўленая матэрыяльна-тэхнічная база. Мы стараліся, каб у кожным раёне быў унівэрмаг, рэстаран, кілбасны цэх, і гэтага мы дамагліся. І беларуская каапэрацыя стала абʼектам для вучобы ўсяго СССР...
Як Гарбачоў хацеў добрае зрабіць і пра маштабы карупцыі ў СССР і ў Расеі
Соўсь: У 51 год вы сталі міністрам гандлю СССР. Як вы мяркуеце, чаму гэтую высокую пасаду прапанавалі менавіта вам? Давайце згадаем гучныя карупцыйныя справы, зьвязаныя з гандлем за савецкім часам, былі нават расстрэльныя прысуды. У якой ступені была распаўсюджаная карупцыя ў беларускім гандлі ў параўнаньні з Масквой, з рэспублікамі Сярэдняй Азіі? Можа, тое, што вам прапанавалі пасаду міністра гандлю, тлумачылася яшчэ і тым, што ў БССР маштабы карупцыі былі значна меншыя ў гэтай сфэры?
Церах: У Беларусі нашмат лепей было з гэтай справай. Тады па ўсёй краіне ў параўнаньні зь цяперашняй сытуацыяй у Расеі нашмат менш карупцыі было. Адзін хабарнік Захарчанка колькі мільярдаў накраў. Такога раней не было. У Беларусі таксама былі выпадкі, але ні ў якае параўнаньне не ідзе з тым, што цяпер у Расеі адбываецца. Так, прыцягвалі да адказнасьці, у тым ліку і за хамства. Але галоўнае была — справа. Калі я быў намесьнікам старшыні Саўміну, гэта была прыступка для саюзнага міністра. Мікалай Іванавіч Рыжкоў тады стаў старшынём Савету міністраў СССР. Праходзілі партыйныя канфэрэнцыі, і ўсе члены Палітбюро разьяжджаліся па рэспубліках. Рыжкоў заплянаваў Беларусь. Мікалай Мікітавіч Слюнькоў, тагачасны першы сакратар ЦК КПБ, па дамоўленасьці з Рыжковам тады арганізавалі ў Палацы спорту выставу тавараў народнага спажываньня... Калі Рыжкоў прыехаў, я яму дакладваў. Напэўна яму спадабаўся і дакладам, і сымпатыю выклікаў як чалавек. На другі дзень была партыйная канфэрэнцыя менскага гаркаму партыі, я сядзеў за Рыжковым у прэзыдыюме, і падчас перапынку Слюнькоў мне па сакрэце кажа: «Ты — міністар гандлю СССР».
Соўсь: Якая была ваша рэакцыя?
Церах: Я маліў: «Не хачу». Я быў вельмі задаволены сваёй пасадай намесьніка старшыні Саўміну, толькі тры гады працаваў, будаваў пляны, якія яшчэ не былі выкананыя. Мне ішоў 51 год. А потым я не хацеў зь Беларусі зьяжджаць... Іх увагу прыцягнула тое, што я прайшоў усю школу, зьнізу даверху. 25 сьнежня 1986 году было рашэньне Палітбюро, потым Гейдар Аліеў мяне прадставіў апарату міністэрства гандлю (каля 800 чалавек). Я не хацеў, шчыра кажучы, проста адчуваў, як мне цяжка будзе, таму што самыя цяжкія гады працы ў мяне былі на пасадзе міністра Савецкага Саюзу, калі рынак быў разбалянсаваны. Са мной размаўлялі амаль усе члены Палітбюро, напярэдадні паседжаньня прыняў Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў. Я і цяпер магу сказаць, што лічу, што Гарбачоў хацеў добрае зрабіць. Проста ягоны ўзровень не дазволіў яму гэта зрабіць да канца. Я яму верыў да апошняга.
Як можна было напоўніць прылаўкі крамаў, забраўшы грошы з абароны
Соўсь: Калі распадаўся Савецкі Саюз, людзі былі вельмі незадаволеныя тым, што ў крамах нічога не было. Ці можна было гэты гандлёвы крызіс пераадолець?
Церах: Было даведзена да таго, што было немагчыма закрыць брэш, разрыў каля 150 мільярдаў паміж таварнымі рэсурсамі і грашыма. Трэба было зьняць з абаронных галінаў сродкі, ці зь іншых.
Соўсь: Чаму не зрабілі?
Церах: Мне цяжка сказаць.
Соўсь: Калі былі б поўныя крамы, Савецкі Саюз, можа, і не разваліўся так хутка...
Церах: Было ня проста. Калі б зрабілі так, бясьпека была б пад пагрозай. З боку казаць лёгка.
Соўсь: А што вы як міністар маглі зрабіць, а што не маглі зрабіць?
Церах: Я ня мог напоўніць рынак. Гэта была галоўная праблема. Хаця спажываньне прадуктаў на душу насельніцтва ва ўсёй краіне было нашмат вышэйшае чым цяпер у Расеі пры поўных прылаўках. Тады практычна аднолькава спажываў што рабочы, што міністар. А цяпер у крамах прылаўкі перапоўненыя. Калі бачыш, як падыходзіць старая, ёй узважаць шэсьць яблык, яна просіць адняць, бо няма чым разьлічыцца, душа кроўю абліваецца. Некалькі разоў я такое бачыў, падыходзіў і даплачваў. Апошнія лічбы па спажываньні мяса ў СССР — 75 кіляграмаў на душу насельніцтва ў год, апошняя лічба па Расеі, якую я запомніў, 43 кіляграма. Беларускіх лічбаў я ня ведаю. Пасьля 30 гадоў у Маскве камэнтаваць беларускія лічбы неэтычна. Толькі магу сказаць, што Беларусь і тады, і цяпер выглядала нашмат лепш. Цяпер, калі заходжу ў беларускую краму, душа радуецца, упакоўкі, асартымэнт — ідэальныя. Цэны, канечне, кусаюцца і ў Маскве, і ў Менску.
Лічбы былі расьпісаныя і збалянсаваныя, але гэта не выконвалася, на жаль
Беларусь і балтыйскія рэспублікі ў часы СССР былі ў гандлі на больш высокім узроўні, чым іншыя рэспублікі. А калі ўзьнікла пытаньне, што разрыў паміж рынкам і грашовай масай у таварах вельмі вялікі, БССР першая прыняла рашэньне, што ўсе прадпрыемствы, незалежна ад таго, што яны выпускаюць, павінны адпаведна ўзроўню заробку сваіх работнікаў выпускаць і тавары народнага спажываньня. Далей Саюз гэта падтрымаў, у тым ліку і я ўносіў прапановы. Усім прадпрыемствам, нягледзячы на тое, што выраблялі, самалёты ці аўтамабілі, трэба было з таго матэрыялу, які маюць, вырабіць тавары народнага спажываньня. Міністэрства гандлю, атрымаўшы валюту, закупіла з усяго сьвету ўзоры і стварыла эталён узораў. Калі маеш мэталы, выбірай што можаш зь іх зрабіць, маеш тканіны — выбірай што можаш зь іх зрабіць. Лічбы былі расьпісаныя і збалянсаваныя, але гэта не выконвалася, на жаль. Гэта ня так проста было зрабіць.
Пра антыалькагольную кампанію і 25 працэнтаў тавараў у вагонах
Соўсь: Давайце згадаем, як разьмяркоўваліся тавары ў СССР. Што з БССР забірала Масква, а што давала? Беларусы больш аддавалі ці больш бралі ад цэнтра?
Церах: Тады народнагаспадарчы комплекс быў збалянсаваны ў цэлым па краіне. Калі ўзбэкі выраблялі бавоўну і зь яе тканіны, значыць іх трэба было забясьпечыць мясам і малаком. Ад усяго абʼёму таваразвароту 25 працэнтаў было ў вагонах, перасоўваліся. Лядоўні выраблялі толькі ў сямі рэспубліках, але ўся краіна гандлявала. Беларусь вырошчвала бульбу, павінна была яе пастаўляць.
Соўсь: Ці магла Беларусь быць у гэтым самастойнай?
Усё, што вырабляла, Беларусь «зьесьці» не магла. Але добрасумленна пастаўляла ў саюзны фонд
Церах: Тады гэта не прапрацоўвалі. У галаву нават не прыходзіла нікому. Беларусь заўсёды была адной з самых дысцыплінаваных рэспублік па пастаўках тавараў у саюзны фонд. Першая пачала зрываць пастаўкі, на жаль, Украіна. Мне некалькі разоў асабіста даводзілася размаўляць з Уладзімерам Васільевічам Шчарбіцкім як першым сакратаром і членам Палітбюро і прасіць яго ўмяшацца. Некалькі разоў да мяне зьвяртаўся Ельцын, будучы прэзыдэнт Расеі. Ён тады быў першым сакратаром маскоўскага гаркаму партыі. Нешта выпраўлялася, але далёка ня ўсё. Канечне, мяса зьядаць маглі і іншыя, і ў Беларусі яно не было лішнім, хаця ўсё, што вырабляла, Беларусь «зьесьці» не магла. Але добрасумленна пастаўляла ў саюзны фонд. Перад распадам СССР пачалі зрывацца пастаўкі, рынак яшчэ больш абвастрыўся. Выдаткаваць валюту і закупіць наўпрост любыя тавары, канечне, можна было. Але трэба было валюту мець. Апошні год урад СССР прыняў рашэньне наўпрост два мільярды даляраў вылучыць міністэрству гандлю, каб скараціць тэрміны афармленьня кантрактаў, таму што тавары ішлі ў краіну праз міністэрства зьнешнеэканамічных сувязяў. Разглядалася пытаньне, каб глаўкі Главкпродторг, Внешэкономпродторг, якія пастаўляюць тавары, перадаць наўпрост Міністэрству гандлю, Глаўк прамысловых тавараў нам ужо перадалі, на чарзе было харчаваньне. Але гэтага не пасьпелі зрабіць. Мы зрабілі групу — намесьнік старшыні Зьнешэканомбанку, намесьнік міністра замежных справаў — і мы за пятнаццаць дзён абляцелі шмат краінаў, падпісалі кантракты, але тавары паставіць ужо не змаглі, спазьніліся. А самая вялікая страта, падрыў пад эканоміку — гэта не прадуманая, вельмі авантурыстычная антыалькагольная кампанія.
Соўсь: Дык вы былі супраць?
Церах: Ня толькі я. Але я нічога зрабіць ня мог. Калі я стаў міністрам у 1986 годзе, гэты закон ужо быў прыняты. І пры мне мы расхлёбвалі, спрабавалі зьменшыць наступствы. Па запісцы Рыжкова, да якой прыкладалася і мая запіска як міністра гандлю, і міністра аховы здароўя Чазава, разглядалі пытаньне на Палітбюро з 10 раніцы да 10 вечара. Тады вырашылі піва і сухія віны прадаваць, хаця вінаграднікі многія ўжо былі зьнішчаныя. І толькі гэтая апэрацыя ня дала рынку каля 63 мільярдаў рублёў. А даляр тады ацэньвалі ў 63 капейкі. 100 мільярдаў даляраў не было збалянсавана. Антыалькагольная кампанія выклікала чэргі, дэфармавала цукровую праблему. Цукру сталі прадаваць удвая болей, а перабоі ўсё роўна былі. Многія на месцах пачалі ўводзіць талёны, картачкі. Абсурд. Канечне, гэта вельмі паўплывала на сьвядомасьць людзей. Была вялікая незадаволенасьць. Грошы ёсьць, а купіць нічога нельга. Павысілі заробкі, а таварных рэсурсаў пад гэта не было.
Як за савецкім часам даставалі мэблю і разьмяркоўвалі машыны
Соўсь: За савецкім часам было прэстыжна і выгадна працаваць у сыстэме гандлю. У часы дэфіцыту супрацоўнік гандлю на добрай пасадзе мог «вырашыць» шмат пытаньняў — дапамагчы паступіць у ВНУ, уладкаваць на працу, дастаць мэблю, абутак, кнігі, харчы і гэтак далей. Цяпер гандлёвы факультэт колішняга «наргасу» не такі прэстыжны, як тады, бо галоўная праблема цяпер — як прадаць, а не як знайсьці тавар. Як вы ставіцеся да таго, што ваша прафэсія стала ня тое, што менш запатрабаванай, але не такой прэстыжнай як тады?
Тады гэта лічылася спэкуляцыяй. Цяпер — камэрцыйнай працай
Церах: Вы ня маеце рацыю, што не прэстыжная. Цяпер усе, каму не лянота, гандлююць. Умеюць ці не ўмеюць, але пачынаюць гандляваць, каб зарабляць і жыць. Тады гэта лічылася спэкуляцыяй. Цяпер — камэрцыйнай працай. Што тычыцца прэстыжна ці не прэстыжна. Шчыра скажу, для мяне гэта было самым цяжкім пытаньнем. Калі ў Маскву прыехаў, не было таго міністра, які б мне не патэлефанаваў і нешта не папрасіў. Сыну мэбляй дапамагчы ці нешта іншае. Ня мог я ўсім адмаўляць. Выклікаў свайго намесьніка і казаў: «Трэба неяк дапамагчы». А што значыць дапамагчы? Трэба было магазыну сказаць, каб прадалі. А як па-іншаму? Прадавалі абсалютна па тым кошце, які быў. Хто папаўся, мусіў у турме сядзець. Былі спробы і мне хабар прынесьці. Я аднаго пашкадаваў і кажу: «Вось Кручкова трохзначны тэлефон, хочаш, каб я цябе здаў? Прэч, і больш да мяне ніколі не прыходзь». Калі быў зямляк, добры чалавек, садзіліся, каньяку па кілішку выпівалі. Мы ўсе людзі. Канечне, было шмат фактаў хаваньня тавараў. Такое жыцьцё было. Гэта было ненармальна. Цяпер жа ня трэба хаваць.
Што тычыцца машын, гэта душу вымотвала. У рэшце вырашылі машыны разьмяркоўваць па міністэрствах, па ведамствах, праз прафсаюзныя камітэты. Гэта было ненармальна. Але не было іншага выйсьця, не было машын. Купляць па імпарту? Грошай не было.
Пра «Масквіч», «Волгу» і «Чайку», а таксама чаму ня хоча езьдзіць у маскоўскім мэтро
Соўсь: А вы якую машыну мелі?
Церах: Я асабістай машыны ў Маскве ня меў. Тады ніводзін міністар ня мог. Жонка па сёньняшні дзень мяне папракае. Яна здала на правы, і хацела, каб я «Жыгулі» купіў. Я мог вельмі проста гэтыя «Жыгулі» узяць, але катэгарычна адмовіўся. Але ў Маскве мяне «Чайка» абслугоўвала. Я жыў на дзяржаўнай дачы. Пра якую машыну магла ісьці гаворка.
Соўсь: А ў Беларусі?
Церах: Калі працаваў у «Белкаапсаюзе», была «Волга». Цяпер у мяне ёсьць памочнік. Мне цяжка яго ўтрымліваць, але пасьля Чарнобыльскай катастрофы ў мяне быў рак вока, і я не магу машыну вадзіць. У 23 гады, калі мяне прызначылі дырэктарам вілейскага гандлю, у мяне ўжо быў разьбіты «Масквіч», і ўсё жыцьцё ў мяне была машына. У Маскве лічаныя разы ў мэтро праехаў. Я і цяпер баюся яго. Хаця мяне і крытыкавалі, што міністар ня ведае, як трапіць у мэтро. Я не выбачаўся, але не хачу ў мэтро езьдзіць. Паводле штату ў мяне заўсёды быў службовы транспарт. Цяпер не, канечне.
Пра пэнсіі і льготы былых міністраў СССР
Церах: Не хачу шырока казаць, але да нас, былых міністраў СССР, паставіліся вельмі дрэнна. Бог зь імі. Адзінае, што два гады таму Пуцін падпісаў указ, і аднавілі нам ільготныя пуцёўкі. А то нашай пэнсіі не хапала выкупіць гадавую пуцёўку для лячэньня.
Соўсь: А якая ў вас пэнсія была?
Церах: 23 тысячы 800 рублёў была. Калі даляр каштаваў 30 рублёў, гэта было каля 800 даляраў. Быў падпісаны ўказ Ельцынам і Чарнамырдзінам (усё ж сумленьне меў, быў наш калега), паводле якога я павінен быў атрымліваць пэнсію 75% ад заробку дзейнага міністра. Кажуць, я дакладна ня ведаю, што цяпер у міністраў 450 тысяч рублёў заробак. Але нам у 1992 годзе прызначылі пэнсію ад тагачаснага акладу, які быў 30 тысяч, і аклад не мянялі. Гады два таму ўдакладнілі ў міністраў асноўны аклад, у іх яшчэ каэфіцыенты за ненармаваны працоўны дзень, за сакрэтнасьць (у нас усё гэта таксама было). І ў мяне цяпер пэнсія 61 тысяча расейскіх рублёў. І аднавілі льготнае абслугоўваньне.
Як пастаўляў беларускія харчы расейскім вайскоўцам
Соўсь: Чым займаецца на пэнсіі апошні міністар гандлю Савецкага Саюзу? Наколькі запатрабаваны ваш досьвед?
Я падумаў, што вайскоўцы — гэта ўсё ж дзяржаўная структура, не камэрцыйная і мяне не «бартане»
Церах: Створаны савет вэтэранаў былых міністраў СССР і РФ. Указ аб адстаўцы ўраду СССР быў падпісаны ў дзень майго нараджэньня, 26 лістапада 1991 году. Я стварыў Зьнешнеэканамічную асацыяцыю. Нейкія грошы зарабіў як пасярэднік на пастаўках тавараў. Мне ў сьвеце давяралі, і калі разваліўся Саюз, многія італьянскія, нямецкія, францускія, бэльгійскія фірмы прапаноўвалі браць тавар на кансыгнацыю, каб праз паўгода разьлічыцца. Працэнт быў ня вельмі вялікі — 7-8%. Такая камэрцыйная праца віталася. Але я імкнуўся падтрымліваць таксама сувязі Беларусі і Расеі і пастаўляў расейскім вайскоўцам беларускае харчаваньне. У 1998 годзе ў мяне ўжо былі падпісаныя кантракты. Я сустрэўся з тагачасным кіраўніком ураду Беларусі Сяргеем Лінгам. Справа ў тым, што жывых грошай расейскае войска не выдаткоўвала, і яны са свайго рэзэрву выдаткавалі прадукты. А ў мяне кантракты ўжо былі падпісаныя. Я падумаў, што вайскоўцы — гэта ўсё ж дзяржаўная структура, не камэрцыйная і мяне не «бартане». І я паставіў прадукты. Дакумэнты афармляліся ў далярах, тады даляр каштаваў 6 рублёў. А калі ў 1998 годзе ў мяне запазычанасьці ў Беларусі назапасілася, даляр стаў каштаваць не 6, а 24 рублі. Я быў вінны Беларусі пэўную суму ў далярах, а расейскія вайскоўцы разьлічваліся ў рублях. Столькі даляраў купіць на рублі я ня мог. Тыдзень пакутаваў, ня ведаў, што рабіць. Але потым мне дапамаглі былыя кіраўнікі, у тым ліку Юры Дзьмітрыевіч Масьлюкоў, тагачасны першы намесьнік старшыні Саўміну і былы старшыня Дзяржпляну. І ўсё, што расейскія вайскоўцы ня зьелі — кансэрвы, мяса, масла — усё што мог, я вярнуў беларускім пастаўшчыкам. Інакш я ня мог разьлічыцца. Розьніца, усё, што ўжо было зьедзена, усё што я зарабіў, патрацілі. З фірмы, у якой было 25 чалавек, засталося толькі 6. Потым, шчыра кажучы, проста выжываў... Ужо чацьвёрты год, як зусім кінуў гэта. Грамадзкія нагрузкі ў мяне немалыя. Я — сябра кансультатыўнай рады пры міністэрстве прамысловасьці і гандлю Расея. Ня так даўно міністар запрашаў мяне на размову, прасіў выказаць бачаньне сытуацыі. Шмат чаго трэба рабіць. Асабліва нізкі кантроль за якасьцю тавараў, якія мы ямо...
Пра беларускае сала ў Маскве альбо як пазнаць беларуса
Соўсь: У Расеі вельмі папулярныя беларускія тавары. Вы, калі вяртаецеся зь Менску ў Маскву, што зь беларускіх крамаў прывозіце?
Церах: Я заўсёды купляю беларускае сала, паляндвіцы, сыравэнджаныя, сыравяленыя кілбасы. Такіх у Маскве няма, там усё з займеньнікамі. Сапраўды, па беларускія тавары ў Маскве стаяць чэргі. Беларускія тавары на фоне ўсіх астатніх вялікім попытам карыстаюцца. І гэта заслужана...
Мне вельмі прыемна, калі ўва мне пазнаюць беларуса. Як бальзам на душу. Я шмат краінаў абʼехаў, нават не палічу ўсе. І паўсюль пазнаюць мяне паводле акцэнту. Кажуць: «Ты — беларус». Я ганаруся гэтым. Шэварнадзэ быў міністрам замежных справаў СССР, «картавіў» на грузінскай і таксама гэтым ганарыўся... Хаця я беларускай мовай толькі ў школе карыстаўся. Калі прыяжджаю ў Беларусь, гэта для мяне адпачынак. У Менску жыве дачка, яна лекарка, у яе сына ўжо сямʼя ёсьць, маю праўнучку. Кажуць, што хто праўнукаў дачакаўся, той у рай трапіць.
Пра кватэру міністра і пра тое, як у Маскве за 30 гадоў не прызвычаіўся
Церах: У Маскве за 30 гадоў не прызвычаіўся. Для жонкі лепей ня трэба, чым Масква. А я не прызвычаіўся і ўсё. Выйду на вуліцу — перагар, машыны, народу шмат. Больш за 15 мільёнаў прыехалі ў Маскву. Усе хочуць выжыць, я іх усіх шкадую. У мяне побач з Крамлём кватэра, канечне, па тых мерках нармальная. 4 пакоі як міністру далі, 135 квадратных мэтраў. Калі ў цяперашняга міністра, у прэмʼера жытло — 600 квадратных мэтраў ці тысячу, я дзіўлюся, навошта ім гэта трэба.
Калі Аляксандар Рыгоравіч прыйшоў да ўлады, і я прыяжджаў у Менск, ён нас, былых, зьбіраў. Ня горшых жа бралі ў Маскву. І мы раілі. У 1996 годзе праходзіў Усебеларускі зьезд, калі мянялі Канстытуцыю, у тым ліку і па тэрмінах абраньня прэзыдэнта, мяне, Сянько і Панічава запрасіў прэзыдэнт. У Палацы спорту мы сядзелі ў прэзыдыюме за ім.
Соўсь: Ці вы падтрымлівалі зьмену ў Канстытуцыі?
Церах: Нас галасаваць ніхто не прасіў. Галасавалі іншыя.
Гэта скарочаная вэрсія інтэрвію. Цалкам гутарка -- глядзіце відэа.