Сустрэча адбылася. Надзея Саўчанка ў Менску сапраўды гаварыла з Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім. Гэта пацьвердзіла і сама яна, і лідэры кантраляваных Расеяй баевікоў. Многія ўкраінскія палітыкі абвінавачваюць Саўчанку за гэтыя яе дзеяньні, а партыя «Бацькаўшчына» ад такога кроку свайго дэпутата адхрысьціліся.
«Была дзейсная», — так коратка адказала Надзея Саўчанка пра эфэкт ад сустрэчы зь лідэрамі баевікоў. Больш ніякіх падрабязнасьцяў. Інфармацыя пра яе перамовы зь вярхушкай незаконных узброеных груповак спачатку зьявілася як «працёк» — пра гэта на выходных са спасылкай на тры свае крыніцы ў Менскай перамоўнай групе паведаміла выданьне liga.net. У панядзелак факт сустрэчы пацьвердзіў лідэр луганскіх баевікоў Ігар Платніцкі.
«Гэта трэба ўспрымаць правільна, трэба разумець, што ўвесь гэты працэс ідзе ў рамках менскіх перамоваў. Асноўнай тэмай нашых гутарак быў абмен палоннымі паводле формулы «ўсіх на ўсіх», — заявіў верхавод групоўкі «ЛНР».
А ўвечары Саўчанка, якая да таго адмаўлялася ад камэнтароў, заклікала журналістаў на Сафійскую плошчу. Там усё патлумачыла: сустрэча адбылася. На гэтай сустрэчы прысутнічалі, акрамя яе, Захарчанка, Платніцкі і прадстаўнікі расейскага боку.
Гэта трэба было, каб узмацніць менскі фармат — так тлумачыць свой крок Надзея Саўчанка.
Your browser doesn’t support HTML5
Холадна? Зараз разьвернецеся і пойдзеце па хатах і будзе цёпла.Надзея Саўчанка
«Вам цяпер холадна? Зараз разьвернецеся і пойдзеце па хатах і будзе цёпла, гэтак жа, як і мне. А ў луганскіх, данецкіх і расейскіх турмах цяпло ня будзе. Таму кожны ўкраінец павінен зрабіць усё для таго, каб забраць нашых герояў дадому, нават калі для гэтага давядзецца аддаваць тых, хто страляў у нас », - сказала Надзея Саўчанка. Езьдзіла ў Менск з звычайным, а не дыпляматычным пашпартам, запэўніла яна ў адказ на пытаньне журналістаў.
«Супрацоўнічаю з СБУ ў рамках, вызначаных законам»
Журналіст беларускай газэты «Наша ніва» Арцём Гарбацэвіч у гутарцы з Радыё Свабода паведаміў, што на сустрэчы прысутнічаў старшыня арганізацыі «Афіцэрскі корпус» Уладзімір Рубан — удзельнік перамоваў па абмене палоннымі. Уладзімір Рубан і не пацьвердзіў і не абверг свайго ўдзелу ў сустрэчы. Удакладніў толькі, што цяпер ён — у Данецку.
«Анонсамі не займаюся. Буду ў Кіеве — з задавальненьнем адкажу на ўсе пытаньні», — сказаў ён.
СБУ была ня ў курсе паездкі Саўчанкі, паведаміў раней у інтэрвію тэлеканалу «112 Украіна» дарадца кіраўніка службы Юры Тандзіт, які займаецца абменамі палонных.
«Ня буду даваць ацэнак і камэнтароў адносна гэтай сустрэчы, магу толькі сказаць, што Служба бясьпекі не была папярэджана Надзеяй Саўчанкай аб яе паездцы», — адзначыў ён. Паводле Тандзіта, СБУ праверыць акалічнасьці паездкі. Пакуль паведамленьняў пра вынік гэтай праверкі ад СБУ не было.
Супрацоўнічаю з СБУ ў рамках, вызначаных законамНадзея Саўчанка
«Я супрацоўнічаю з СБУ ў рамках, вызначаных законам, як народны дэпутат Украіны», — патлумачыла Надзея Саўчанка той факт, што СБУ ня ведае пра яе сустрэчы з баевікамі.
Цімашэнка: мы за гэта не адказваем
Ад дзеяньняў Саўчанкі адхрысьцілася і партыя, якую яна прадстаўляе ў парлямэнце: спачатку «Бацькаўшчына», а затым і сама яе лідэрка Юлія Цімашэнка канстатавалі, што экс-палонная не ўзгадняе зь імі свае дзеяньні.
Your browser doesn’t support HTML5
Яна не каардынуе сваю дзейнасць з партыяй «Бацькаўшчына»Юлія Цімашэнка
«Вы добра ведаеце, што Надзея Саўчанка заявіла аб стварэньні ўласнага палітычнага праекту. Таму яна не каардынуе сваю дзейнасьць з партыяй „Бацькаўшчына“, не ўзгадняе свае дзеяньні, і таму „Бацькаўшчына“ не нясе за гэтыя дзеяньні ні палітычнай, ні якой-небудзь іншай адказнасьці. Мы лічым, што перамовы з тэрарыстамі недапушчальныя», — сказала Цімашэнка на брыфінгу.
Масква выкарыстоўвае Саўчанку «наўсьлеп» — Бясьсьмертны
На думку паліттэхноляга Тараса Беразаўца, зрыў абменаў палоннымі, які назіраецца сёлета, і паездка Саўчанкі ўкладаюцца ў адну «канцэпцыю Крамля», і цяпер менавіта Саўчанка мае стаць чалавекам, якому ўдасца дамовіцца.
Пачалася чарговая фаза рэанімацыі Менску — «Менск-3», лічыць былы прадстаўнік Украіны ў палітычнай падгрупе трохбаковай кантактнай групы Раман Бясьсьмертны. Саўчанка ў ім — новая фігура на дошцы. Паводле інфармацыі Бясьсьмертнага, якую ён агучыў у перадачы «Ваша Свабода», на сустрэчы была ня толькі лётчыца-дэпутат, але і іншыя ўкраінскія дзеячы.
Менскаму працэсу створаны а) – канкурэнт, б) – працягРаман Бясьсьмертны
«Там былі прадстаўнікі і іншых груп грамадзкіх, палітычных. Па сутнасьці, менскаму працэсу створаны а) — канкурэнт, б) — працяг у выглядзе сходу, які там адбыўся. Што з гэтага будзе — можна прагназаваць некалькі варыянтаў, але адна з роляў у гэтым працэсе адведзена, відавочна, спадарыні Саўчанцы. Гэтая фігура найбольш вядомая. Я б сказаў, што ў дадзеным выпадку яе выкарыстоўваюць «наўсьлеп», — сказаў Бясьсьмертны.
Затое палітоляг Алеся Яхно лічыць, што Расея, наадварот, так спрабуе «саскочыць» зь менскага працэсу:
«Саскочыць зь менскіх пагадненьняў і Нармандзкага фармату, якія, згодна з агульнай пазыцыяй Украіны, Нямеччыны, Францыі павінны рэалізоўвацца ў пасьлядоўнасьці, катэгарычна непрымальнай для расейскай улады — „спачатку палітыка, потым бясьпека“. Такая пасьлядоўнасьць дэманструе Расеі недарэчнасьць яе вайны супраць Украіны — навязаць Украіне фэдэралізацыю праз ваенны шантаж ня выйшла і ня выйдзе».
У канцы мінулага тыдня расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў заявіў у Гамбургу, што Расея і баевікі гатовыя да абмену палоннымі паводле формулы «ўсе на ўсіх» і ня супраць нават абмяняць Сянцова, Кліха і Сушчанку — але працэс, маўляў, тармозіць нежаданьне Кіева сесьці за стол перамоваў з прадстаўнікамі сэпаратыстаў. Раман Бясьсьмертны лічыць, што паміж гэтай заявай і падарожжам Саўчанкі ёсьць сувязь: на фоне выбараў у Францыі і Нямеччыне Расеяй знойдзена база для навязваньня Ўкраіне далейшых паводзінаў у канфлікце.