Як паведамляе ВВС, у першы дзень судовага працэсу ў Кембрыджы над савецкім дысыдэнтам Уладзімерам Букоўскім высьветлілася, што большая частка файлаў, якія зьмяшчаюць дзіцячую парнаграфію і выяўленыя на яго кампутары, ніколі не прайгравалася ў відэаплэеры і не адчыняліся ў прыладах для прагляду фота.
Экспэрт паліцыі, які выступіў у панядзелак у судзе, заявіў, што з тысячаў знойдзеных файлаў толькі вельмі невялікая частка праглядалася ў адпаведных праграмах — гэта значыць, адносна пераважнай большасьці файлаў у паліцыі няма фізычных доказаў прагляду.
Пракуратура абвінавачвае 73-гадовага Уладзіміра Букоўскага ў вырабе (пад гэтым словам маецца на ўвазе запампоўка з інтэрнэту) і захоўваньні фатаграфій і відэа зь дзецьмі ў непрыстойных сцэнах. Букоўскі заявіў, што не прымае гэтых абвінавачваньняў.
У суд Букоўскага, якому 30 сьнежня споўніцца 74 гады, памочнік прывёз у інвалідным крэсьле. У мінулым годзе Букоўскі перанёс цяжкую апэрацыю, пасьля якой яго ўводзілі ў штучную кому.
Падчас пасяджэньня адвакат Букоўскага сказаў судзьдзі, што ягоны падабаронны, магчыма, у часе слуханьняў будзе прасіць пра дадатковыя перапынкі, паколькі ён стамляецца і губляе канцэнтрацыю.
Паводле пляну, слуханьні па справе Букоўскага ў Каронным судзе Кембрыджу будуць ісьці кожны дзень на гэтым тыдні. Уладзімер Букоўскі мяркуе, што прысяжныя могуць вынесьці вэрдыкт ужо ў канцы тыдня.
ВВС паведамляе, што паліцыя прыйшла ў дом Букоўскага ў Кембрыджы ў кастрычніку 2014 года, пасьля таго як атрымала інфармацыю, што з кампутара, які знаходзіцца па гэтым адрасе, заходзілі на сайты зь дзіцячай парнаграфіяй. На кампутары і іншых электронных прыладах у доме Букоўскага былі выяўленыя тысячы фота і відэа з непаўналетнімі.
Абвінаваўца Ўіл Картэр, апісваючы ў панядзелак сутнасьць справы прысяжным, нагадаў і пра тлумачэньні Букоўскага, якія ён тады даў у паліцыі. Згодна з гэтым тлумачэньнем у пераказе пракурора, Букоўскі шмат гадоў таму зацікавіўся праблемай абмежаваньня свабоды інтэрнэту, у тым ліку ў сувязі з распаўсюджваньнем дзіцячай парнаграфіі, і ў рамках дасьледаваньня гэтага пытаньня вывучаў даступнасьць і зьмест сайтаў з дзіцячым порна.
У Букоўскага і ягоных адвакатаў, паведамляе ВВС, ёсьць і іншыя пярэчаньні і апраўданьні, і пра некаторых зь іх Букоўскі ў панядзелак распавёў Рускай службе ВВС, але гэтыя довады ня могуць быць апублікаваныя да таго, як іх пачуюць у судзе прысяжныя.
Уладзімер Букоўскі называў гэтую крымінальную справу супраць яго «кафкіянскай». Ён падаў супраць Каралеўскай пракуратуры пазоў аб паклёпе, але Высокі суд у Лёндане адхіліў пазоў.
Уладзімер Букоўскі быў адным з заснавальнікаў дысыдэнцкага руху ў СССР. Ён правёў 12 гадоў у зьняволеньні і на прымусовым лячэньні. У 1976 годзе савецкія ўлады абмянялі Букоўскага на лідэра чылійскіх камуністаў Люіса Карваляна.