Чаго ня трэба казаць хвораму на рак

Як вы думаеце, якое пытаньне часьцей за ўсё задаюць чалавеку, які хварэў або хварэе на рак? Калі вы мяркуеце, што гэта «Як ты?», вы маеце рацыю.

Лекары, аднак, лічаць, што часта гэтыя словы зусім не карысныя і нават могуць быць шкоднымі.

Дыягназ «рак» можа зрабіць нашых сяброў і блізкіх нямымі або заахвоціць іх да недарэчных камэнтараў. А бывае і так, што тыя, хто ня ведае, што сказаць, пачынаюць пазьбягаць хворага — і гэтае пазьбяганьне на практыцы можа быць больш балючым для хворага, чым няправільныя і недарэчныя словы.

Нядаўна зьявілася новая кніга «Жыцьцё, падтрымка і клопат пра хворага на рак», якую напісаў спэцыяліст у галіне камунікацыі, былы прафэсар Унівэрсытэту Сан-Францыска Стэн Голдбэрг. Ён сам ва ўзросьце 57-мі гадоў даведаўся, што мае агрэсіўную форму раку прастаты.

У інтэрвію газэце The New York Times прафэсар Голдбэрг сказаў, што хворым на рак вельмі часта сустракаюцца людзі, якія бяруць на сябе ролю спачуваючых і кажуць: «Не турбуйся пра гэта», «Усё будзе добра», «Мы будзем змагацца з гэтым разам», «Неўзабаве будуць адкрытыя новыя лекі» і т.д.

Прафэсар Голдбэрг сьцьвярджае, што словы аптымізму могуць працаваць у кароткатэрміновай пэрспэктыве, але ў доўгатэрміновай яны могуць нават выклікаць пачуцьцё віны, калі рак пераможа ўсе намаганьні чалавека.

Прафэсар сьцьвярджае, што ілжывы аптымізм ягоных сяброў і блізкіх быў дэвальваваны тым, што адбывалася ў ягоным целе, а людзі вакол яго былі неадчувальныя не ад недахопу спагады, але ад няведаньня, што насамрэч вельмі карысна.

Сёньня Стэн Голдбэрг упэўнена сьцьвярджае, што для хворага найбольш карысныя ня словы, але дзеяньні. Калі замест пытаньняў «Як ты?» або «Што я магу зрабіць, каб дапамагчы?» вы скажаце: «Я буду прыносіць абед для вашай сям’і на гэтым тыдні. Які час дня найбольш зручны для гэтага?»

Прафэсар Голдбэрг апісвае свае пачуцьці, калі ягоны сын проста прыйшоў да яго на кватэру падчас аднаўленьня пасьля апэрацыі і сказаў: «Тата, кінь падымаць тыя скрынкі, я зраблю гэта сам».

Тое сама кажа і іншы аўтар падобнай кнігі пра жыцьцё хворых на рак, доктарка Уэнды Гарфам. Яна мяркуе, што лепш за ўсё прапаноўваць хворым канкрэтныя спосабы дапамогі.

Напрыклад, можна прапанаваць хадзіць замест хворага ў краму па прадукты, даглядаць дзяцей, выгульваць сабаку або суправаджаць пацыента ў паходзе да лекара. Доктарка Гарфам таксама мяркуе, што найгоршае, што можна зрабіць для хворага на рак, гэта спытацца: «Як ты?»

Нарэшце, доктарка Голдбэрг мяркуе, што пры наведваньні хворага на рак, людзям трэба менш гаварыць і больш слухаць.