Перад адʼездам у Менск новаму паслу Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэсу была пастаўлена задача ўсебакова разьвіваць беларуска-францускія дачыненьні.
Пра гэта дыплямат заявіў у інтэрвію праграме «Карціна сьвету» на тэлеканале СТВ 10 сьнежня.
«Адносіны паміж Францыяй і Беларусьсю набылі новы кантэкст. Практычна ўсе санкцыі Эўрапейскага Зьвязу зьнятыя. Гэта былі вельмі важныя рашэньні, прыняцьцю якіх Францыя спрыяла. Перад тым як накіравацца ў Менск, наш міністар замежных справаў паставіў мне задачу разьвіваць усебакова нашы дачыненьні, — сказаў дыплямат. —
Гэта, вядома, ня значыць, што заклапочанасьць з нагоды сытуацыі з правамі чалавека (у Беларусі), дэмакратызацыі зьнікла. Я думаю, што важна працягваць адкрыты дыялёг у гэтых пытаньнях».
«Мы заахвочваем Беларусь праводзіць палітыку, арыентаваную на канкрэтныя вынікі ў пляне захаваньня міжнародных стандартаў у правядзеньні дэмакратычных выбараў, права на дэманстрацыі, права на асацыяцыі і сходы», — падкрэсьліў амбасадар Францыі.
Паводле Дзідзье Канэса, для Францыі і Беларусі важна паглыбляць палітычны дыялёг і разьвіваць двухбаковыя гандлёва-эканамічныя стасункі, культурныя сувязі. Ён сказаў, што ў цэнтры ягоных прыярытэтаў знаходзіцца менавіта разьвіцьцё гандлёва-эканамічных дачыненьняў.
«Цяпер ровень нашых абменаў не адпавядае патэнцыялу Беларусі і эканамічнай вазе Францыі, якая ёсьць пятай эканомікай у сьвеце. Мы павінны сумесна старацца лепш распаўсюджваць інфармацыю сярод дзелавых колаў пра магчымасьці на беларускім рынку і інфармацыю пра высілкі (беларускага боку) дзеля паляпшэньня ўмоваў для інвэстараў», — адзначыў Дзідзье Канэс.
Ён лічыць, што ў сфэры эканомікі Францыі варта было б зьвярнуць увагу на беларускую малочную прадукцыю, карʼерныя самазвалы, сфэру інфарматыкі.
А сябрам, якія зьбіраюцца прыехаць у Беларусь, ён бы параіў «разглядаць краіну праз прызму літаратуры і гісторыі».
«Я б, напэўна, параіў творы Васіля Быкава, Сьвятланы Алексіевіч. Вядома, не забыцца пра Шагала, Суціна, Малевіча», — адзначыў францускі дыплямат.
Дзідзье Канэс прыбыў у Беларусь 21 верасьня. Ён кадравы дыплямат. Перад прызначэньнем у Беларусь працаваў намесьнікам дырэктара крызыснага цэнтру МЗС Францыі.