«Гадамі нас мачылі, хай цяпер ім дастанецца?»

Віталь Цыганкоў

Памятаю, неяк у пачатку 90-х, калі ў Беларусі дзяржаўнымі сымбалямі былі Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг, адзін мой знаёмы, гледзячы на новую форму (аздобленую нацыянальнымі сымбалямі) беларускіх міліцыянтаў, сказаў — «так хочацца пабачыць, як яны будуць камунякаў лупцаваць».

«Ведаеш, — кажу яму ў адказ, — у мяне іншая мара. Хацелася б, каб яны ўвогуле як мага менш кагосьці лупцавалі»

Магчыма, у гэтых дзьвюх рэпліках выявіліся два альтэрнатыўныя погляды на сутнасьць і характар беларускай дзяржавы. За апошнія гады як сацыялягічныя дасьледаваньні, гэтак і мае прыватныя назіраньні, дыскусіі ў сацыяльных сетках пераконваюць, што ня толькі праўладныя, але і «апазыцыйныя» беларусы пераважна выступаюць за моцную дзяржаву, за вялікія паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і структураў, у тым ліку і сілавых. Проста апазыцыйныя беларусы хочуць, каб гэтая дзяржава была «правільна» моцнай, арыштоўвала тых, каго трэба, — вобразна кажучы, «іхніх», а ня «нашых».

Мяне зьдзіўляе, наколькі шмат патрыятычных беларусаў на самой справе не прымаюць ідэі, што дзяржава як структура павінна быць больш мяккай, спакойнай, чалавечай, лібэральнай. Яны хочуць, каб яна была ня менш злобнай, паўсюднай, магутнай, ваяўнічай, чым цяпер — проста каб ваявала ня з «намі», а зь «імі». І, заўважце, заўжды абвяшчаецца, што пакуль яшчэ «ня час» патрабаваць паслабленьняў і лібэралізму — пакуль, маўляў, існуе пагроза незалежнасьці і сувэрэнітэту. Дык яна вечная, гэтая пагроза, пакуль існуе краіна на Ўсходзе ад Беларусі — што ж нам цяпер, увесь час у паўваенным стане жыць?

Апошнія арышты трох аўтараў расейскіх прапагандысцкіх рэсурсаў выклікалі ў некаторых ледзь не эўфарыю. Так і хочацца сказаць — вы што, сапраўды верыце, што беларускія сілавыя органы «перавыхаваліся», «усьвядомілі» і нарэшце пачнуць хапаць і саджаць тых, каго трэба? Тыя самыя людзі, якія 19 сьнежня 2010 году зьбівалі на горкі яблык Някляева, ламалі ногі дзяўчатам і кінулі за адзін дзень за краты 700 чалавек, якія зусім нядаўна судзілі Пальчыса і сувалі дручок у зубы Дашкевічу — раптам сталі правільнымі?

Адкрыю вам адзін сакрэт — яны хапаюць ворагаў Лукашэнкі, а ня ворагаў беларускай незалежнасьці.

Часам мне здаецца, што задаволенасьць ад такіх дзеяньнях улады тлумачыцца проста ірацыянальнай прагай помсты — «гадамі нас мачылі, хай цяпер ім дастанецца».

Не хвалюйцеся, у найлепшым выпадку будзе раўнавага — і «нам» пры цяперашнім рэжыме па-ранейшаму будзе даставацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.