Памёр заслужаны настаўнік Уладзімер Дзіско

Уладзімер Дзіско

9 сьнежня пайшоў з жыцьця Ўладзімер Дзіско — заслужаны настаўнік Беларусі, выкладчык беларускай мовы Коласаўскага ліцэю. Яму было 80 гадоў.


«Яго пэдагагічная дзейнасьць няспынна доўжылася больш за паўстагодзьдзя — з 1961 па 2016 — і ў ёй незвычайным чынам сышліся і праца ў міністэрстве асьветы, і ў пэдагагічным каледжы, і ў коласаўскім ліцэі», — піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку мастацтвазнаўца, выкладчык Ягор Сурскі.

Летась, на ўрачыстай лінейцы, на якую штогод зьбіраюцца ля свайго былога будынку колішнія навучэнцы і выкладчыкі зачыненага ўладамі Коласаўскага ліцэю, Уладзімер Дзіско казаў: «Не саромеюся паўтараць, што гады, праведзеныя ў ліцэі, я лічу самымі лепшымі, самымі шчырымі, самымі сяброўскімі».

Уладзімер Дзіско нарадзіўся 6 верасня 1936 года ў вёсцы Брольнікі Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Дзяцінства прайшло пад нямецкай акупацыяй, у 1944 пераросткам пайшоў у школу. Скончыў пэдагагічны інстытут у Менску, паводле разьмеркаваньня ў 1961 годзе паехаў выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Аршанскую індустрыяльна-пэдагагічную вучэльню (сёньня гэта пэдагагічны каледж), гэтай справе аддаў 19 гадоў. У 1980 годзе пераехаў у Менск. Пісаў вершы. У 2005 выдаў паэтычны зборнік «Хвіліны смутку».

«У яго былі самыя сьветлыя заняткі. Асабліва падабаўся яго падыход: абавязковым было вывучэньне вершаў „Бульба“ і „Беларуская мова“ Пімена Панчанкі. Мы працягвалі сябраваць шмат гадоў пасьля заканчэньня ліцэю. Цяжка ўявіць больш спагадлівага і мудрага чалавека. Кожнае сьвята дашле паштоўку, пацікавіцца справамі, і нікога не праміне сваёй увагай», — кажа былы навучэнец Коласаўскага ліцэю Франак Вячорка.

«Страта тым больш вялікая, таму што менавіта такіх адданых справе выкладчыкаў сёньня не хапае. Сто разоў будуць перапісвацца падручнікі, мяняцца школьныя праграмы, але асоба сумленнага і адказнага настаўніка застанецца. Менавіта такой асобай ёсьць і будзе Уладзімер Антонавіч Дзіско ў памяці сваіх навучэнцаў», — піша Яўген Сурскі.