Ці будуць расейскія банкі выводзіць свой капітал зь Беларусі?

Глод: На ўчорашняй сустрэчы ў Менску са старшынём расейскай дзяржкарпарацыі «Банк разьвіцьця і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці» Сяргеем Гаркавым кіраўнік беларускай дзяржавы гарантаваў падтрымку працы «Внешэкономбанка». Аднак адначасова Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў суразмоўцу і пра тое, што трэба выконваць дамоўленасьці. Ён нагадаў, што тыя, хто яго ня слухаўся, кшталту «Ўралкалія», разваліліся, там сёньня іншыя людзі.

Экспэрты адзначаюць, што сваё папярэджаньне Лукашэнка зрабіў зусім не выпадкова. Ён баіцца, што на тле крызісу ў эканоміцы самой Расеі расейскія банкі пачнуць выводзіць капіталы зь Беларусі. А гэта можа абваліць беларускую эканоміку, якая цяпер у рэцэсіі. Таму Лукашэнка і папярэджвае: калі што, ён задзейнічае мэханізмы, якія перашкаджаюць вываду фінансаў з краіны.

Падобна, што беларускі прэзыдэнт вельмі хвалюецца за фінансы. Іх катастрафічна не хапае: не дае чарговы транш Эўразійскі фонд, не дае грошай і Міжнародны валютны фонд. У апошнія месяцы беларускі кіраўнік аб’езьдзіў шмат краін у пошуках грошай, аднак адчувальнай дапамогі, наколькі вядома, так і не атрымаў. А калі яшчэ і расейскія банкі пачнуць забіраць свае грошы, то гэта будзе наагул катастрофа. А расейскія банкіры на загад Крамля могуць так зрабіць. Бо няма ніякага сакрэту ў тым, што «Внешэкономбанк», як і іншыя дзяржаўныя структуры, — гэта фінансавыя рычагі палітыкаў з Расеі.

Падобна, што беларускі прэзыдэнт вельмі хвалюецца за фінансы. Іх катастрафічна не хапае.

У Беларусі «Внешэкономбанк» мае свой банк-дачку — «Белзьнешэканамбанк». Цікава, што нават кантрольны пакет гэтага банка-дачкі знаходзіцца не на радзіме, а ў Расеі. Раней Масква выдавала «Белзьнешэканамбанку» нядрэнныя рэсурсы. Таму банк у Менску быў адным з найбуйнейшых крэдытораў беларускай эканомікі. Аднак апошнім часам пайшлі чуткі, што «Внешэкономбанк» сам мае праблемы зь ліквіднасьцю, а таму чакаць ад яго фінансавай дапамогі ня варта. Хоць, магчыма, пад канкрэтныя праекты нешта і дадуць.

Дарэчы, падчас размовы з Лукашэнкам кіраўнік «Внешэкономбанка» заявіў, што ў яго ёсьць цікавыя прапановы наконт павелічэньня сумеснага экспарту Беларусі і Расеі. Аднак што канкрэтна меў на ўвазе маскоўскі банкір, у паведамленьнях пра гутарку не сказана. Зразумела толькі адно — паколькі «Внешэкономбанк» займаецца якраз крэдытаваньнем экспартна-імпартных апэрацыяў, то новыя праекты будуць тычыцца гэтай сфэры.

Мне падаецца, што Лукашэнка ўчора невыпадкова некалькі разоў падкрэсьліваў, што ён дае «Внешэкономбанку» гарантыі бясьпечнай працы ў Беларусі. Гэта выцякае з рэальнага стану рэчаў у краіне. Тут няма сапраўднай рынкавай эканомікі, тут не заўсёды дзейнічаюць законы. І ў Маскве цудоўна ведаюць, што дзеля таго, каб пасьпяхова весьці справы, трэба мець блізкасьць да ўлады, найперш да прэзыдэнта, бо ён можа і падтрымаць, і, як кажуць, загубіць.

І апошняе, на што я хачу зьвярнуць вашу ўвагу, калегі, — на фінансавую сытуацыю ва Ўкраіне. Нягледзячы ні на што, расейскія банкі не перасталі працаваць у гэтай краіне. Сур’ёзнага супрацьстаяньня ў банкаўскай сфэры там няма. Таму праз гэтую прызму выглядае, што расейскія банкі ня будуць выводзіць грошы зь Беларусі. А што думаеце вы, калегі: ці існуе магчымасьць адтоку расейскіх грошай зь Беларусі?

Карбалевіч: Сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком расейскага «Внешэкономбанка» адбылося на тле інфармацыі, што Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця ня выдаў Беларусі чарговы транш у памеры 300 млн даляраў, які павінен быў паступіць восеньню. Ня выключана, што Беларусь, магчыма, хоча атрымаць гэтую суму ад «Внешэкономбанка». Раней ужо бывала, што Беларусь у крытычныя моманты атрымлівала крэдыт ад расейскіх банкаў. Напрыклад, ад «Сбербанка».

Напамін Лукашэнкі пра лёс гендырэктара «Ўралкалія» Баўмгертнэра вельмі паказальны, выглядае як шантаж.

Нагадаю, што найбуйнейшыя расейскія банкі, у тым ліку «Внешэкономбанк», знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. Яны ня могуць пракрэдытавацца ў заходніх банках. І гэта звужае іх магчымасьці.

Афіцыйна абвешчана, што банк крэдытуе толькі сумесныя беларуска-расейскія праекты, прычым найперш пастаўкі расейскай прадукцыі ў Беларусь — напрыклад, пастаўкі расейскіх аўтамабіляў.

Напамін Лукашэнкі пра лёс гендырэктара «Ўралкалія» Баўмгертнэра вельмі паказальны, выглядае як шантаж.

Наконт вывазу капіталу. Гэта ж не звычайны банк, а дзяржаўны расейскі банк. І таму палітычны чыньнік у ягонай дзейнасьці вельмі важны. Усё тут будзе залежаць ад міждзяржаўных адносін паміж Беларусьсю і Расеяй.

Цыганкоў: Банкаўская сфэра — адна з самых прагрэсіўных і лібэральных у беларускай далёка не лібэральнай эканоміцы. І з пункту гледжаньня ўмоў, у якіх існуюць тут беларускія і замежныя банкі, і таго працэнту, які тут маюць банкі замежнага паходжаньня. Ён даволі вялікі і расьце досыць пасьлядоўна. І гэта моцна кантрастуе з астатняй беларускай эканомікай, дзе замежныя інвэстыцыі альбо вельмі цяжка прыходзяць, альбо прыходзяць і сыходзяць назад. Пры тым банкаўская сфэра належыць ня толькі замежнікам з усходу, але і з захаду. Найбольш яркі прыклад — «Прыёрбанк», стабільная і пасьпяховая замежная інвэстыцыя ў беларускую банкаўскую сфэру. Ён у свой час быў куплены аўстрыйскім Райффайзэн Банкам.

Як часам жартуюць, беларускі кіраўнік — гаспадар свайго слова, як даў, так і ўзяў.

Агульны цяперашні фон — эканамічны крызіс у Беларусі, і тым больш у Расеі — узмоцнены тым, што многія расейскія структуры, у тым ліку некаторыя банкі, знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. Асабістыя гарантыі кіраўніка Беларусі часам ужо ня тое што не задавальняюць замежных інвэстараў, — яны выступаюць недастатковай умовай. Цяпер патрэбны перш за ўсё адпаведны бізнэс-клімат, заканадаўства, правілы гульні. Традыцыйна ў беларускай эканоміцы было так, што з найбуйнейшымі крэдыторамі, банкірамі ці прадпрымальнікамі сустракаўся Аляксандар Лукашэнка і абяцаў ім самыя льготныя ўмовы і самае спрыяльнае стаўленьне. Але, як часам жартуюць, беларускі кіраўнік — гаспадар свайго слова, як даў, так і ўзяў. Мы гэта ведаем на прыкладах некалькіх скандальных выпадкаў, калі Лукашэнка адмяняў уласныя абяцаньні з розных прычын. І бізнэсмэны, у тым ліку расейскія, цяпер чакаюць большых гарантыяў, а ня толькі ягонага слова.