Прэзыдэнт ЗША Барак Абама зьняў абмежаваньні на пастаўкі ўзбраеньня сырыйскай апазыцыі і сілам міжнароднай кааліцыі.
Распараджэньне апублікавана на сайце Белага дому.
Абама падкрэсьліў, што пастаўкі зброі павінны дапамагчы Злучаным Штатам у барацьбе з тэрарызмам. Каб скарыстацца гэтым распараджэньнем, дзяржаўны сакратар і міністар абароны павінны атрымаць адабрэньне Кангрэсу.
Кааліцыя зь некалькіх дзесяткаў дзяржаў на чале з Вашынгтонам ад 2014 году праводзіць апэрацыю ў Сірыі. Самалёты кааліцыі падтрымліваюць з паветра некаторыя фармаваньні ўзброенай апазыцыі ў барацьбе з баевікамі «Ісламскай дзяржавы».
Сырыйская ўрадавая армія змагаецца з паўстанцамі пры падтрымцы расейскай авіяцыі. Пасьля чарговай наступальнай апэрацыі сілы прэзыдэнта Башара Асада ўзялі пад кантроль усе раёны ў гістарычным цэнтры горада Алепа.