Юркойцеў суд. The dark side of the Квітнеючая Беларусь

Алесь Юркойць

Кажаш, калі дыктатуры старэюць, яны ўжо не такія страшныя? Зубы зьядаюцца, рухі марудныя, голас слабне… Гэта ілюзія.

Пачатак ТУТ

Проста адбываецца сэпарацыя міру і вайны. Мір – гэта БТ і чыстыя вуліцы. Вайна – гэта турма. З аднаго боку квітнеючая Беларусь, зь іншага – цэлы архіпэлаг Беллаг. Але мэдаль адзін. Часам адбываюцца прарывы міру ў вайну і вайны ў мір.

Штосьці падобнае я назіраю на працэсе ашмянскіх мытнікаў. Пачаўся ён строга. На любы твой адвольны рух ці шэпт – «Не жестикулировать!», «Не разговаривать!». Міліцыянты ўвесь час стаяць, задамі закрываюць клетку, дзе сядзіць Алесь. Каб нават вачыма нельга было сустрэцца.

Але зь цягам часу вастрыня і строгасьць прытупляюцца. Пракуроры, адвакаты і абвінавачаныя гавораць адны да адных ветліва, неяк па-дамашняму нават. Мянты ўжо больш не стаяць, а сядзяць, зьняўшы фуражкі. Абвінавачаныя ўсьміхаюцца. Здаецца, у судовую залю завітала стомленая чалавечнасьць.

Ідзе допыт сьведкаў. Усе нічога ня ведаюць і ня бачылі. Мірна, ціха, ветліва і невыразна.

Вось мілавідная ці то дзяўчынка ці то кабетка, цяпер яна працуе мэнэджарам у Менску.

– Калі ў вашым аддзеле зьявіўся Юркойць? – Я с ним не трудилась… Мне как девочке было трудно проводить досмотр, ребята помогали…

А вось чалавек, якога абмінула чаша сія – як працаваў, так і працуе мытнікам на Каменным Лагу.

– З кім з абвінавачаных вы працавалі ў аддзеле? – пытаецца пракурор.

Сьведка абводзіць вачыма прысутных.

– Швінта… Лапейка… Бабровіч… Канстанціныч, как ваша фамілія?

Забыў. Усе сьмяюцца.

І раптам… Вайна! Ахоўнікі забегалі, зазванілі службовыя тэлефоны. Зараз прывядуць абвінавачанага зь іншага суду. На калідоры шум. Дзьверы расчыняюцца, і адтуль, з калідору, дзікі зьвярыны рык:

– Пашол!!!

У залю ўрываецца турма.

Заводзяць агромнага, голенага нагала дзядзьку ў спартовым строі. Заводзяць падкрэсьлена жорстка. У дзеўкі-ахоўніцы ў руках электрашокер, штатны пісталет і дубіна. Вакол яшчэ па два міліцыянты з кожнага боку.

Мы вяртаемся ў рэальнасьць абсурду. Дзядзька, якога прывялі, яшчэ ўчора – галоўны інспэктар ашмянскай мытні, сямейны, вышэйшая адукацыя. Нікога не забіў, не абрабаваў, увогуле не пакрыўдзіў. Інкрымінуюць яму хабар, атрыманы ад свайго начальніка, што яшчэ трэба даказаць. Мая пастаянная думка – навошта вайна? Навошта турма?..

Былы мытнік Шытко кажа, што яго падмануў сьледчы КДБ. Сказаў пісаць пра «бесьперашкодны пропуск» «кветкавай прадукцыі». Сказаў, чым болей эпізодаў напіша, тым хутчэй яго адпусьцяць. А яму канцом дзела трэба дадому, у яго цяжка хворае дзіця. Ён сьледчаму паверыў, а сьледчы яго падмануў. Насамрэч усё было ня так, як у тым пратаколе. Начальнік Карповіч двойчы даваў яму па сто даляраў – як дапамогу на лячэньне дзіцяці, грошы зьбіралі ўсім калектывам. І гэта нармальная практыка ў іх была – дапамагаць, каму на вясельле, каму на сьмерць.

– Мы ўсе гэтага вельмі моцна баяліся – калі кіроўца фуры прапаноўваў хабар. Інспэктар адразу паведамляў начальству і ў бясьпеку.

На мытнай мове гэта называецца – выявіў індыкатар рызыкі.

Дзядзька агромны, але наіўны, сам у сабе заблытаўся. У пратаколе грошы за афармленьне машын, а тут расказаў пра хворае дзіця, яшчэ сказаў, што гэта была прэмія.

– Вы разумееце, што грошы незаконныя? – Так. – А чаму ўзялі? – Баяўся выдзеліцца, стаць белай варонай, страціць працу.

Агромны наіўны дзядзька ў наручніках загнаны ў кут, за нешта адчайна чапляецца. За што?

У Pink Floyd ёсьць словы: самае страшнае – быць выкарыстаным.

За сьпінаю Шытко сядзяць шасьцёра адпушчаных з турмы абвінавачаных, якія прызналі сваю віну і паказалі на іншых. Шытко на мяжы. Ён што моцы тузаецца – паміж клеткай і гэтымі адпушчанымі.

Калі ты выкарыстаны, мяжа пяройдзеная і табе ўжо ня страшна… Ужо… проста… квітнеючая Беларусь.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.