Расея заявіла, што сырыйскае войска прыпыніла ваенныя дзеяньні на ўсходзе Алепа

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, выступаючы ў кулюарах пасяджэньня кіраўнікоў МЗС краінаў АБСЭ ў Гамбургу, распавёў, што з Алепа выводзяцца каля васьмі тысяч мірных жыхароў, назваўшы гэта найбуйнейшай гуманітарнай апэрацыяй за ўвесь час канфлікту.

Лаўроў таксама паведаміў, што ў часе апошніх дзьвюх сустрэчаў з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры дасягнута дамоўленасьць аб правядзеньні ў Жэнэве 10 сьнежня нарады вайсковых экспэртаў і дыпляматаў для ўрэгуляваньня «праблемы Ўсходняга Алепа».

Паўстанцкія ўлады на ўсходзе Алепа паведамілі, што за апошнія 26 дзён у баях загінулі больш за 800 чалавек, да трох з паловай тысяч — параненыя.

У сераду вядучыя заходнія дзяржавы патрабавалі ад Дамаску неадкладна спыніць агонь у Алепа, а ад Масквы — аказаць у гэтых мэтах ціск на рэжым Башара Асада, які Расея падтрымлівае.