Падзеі 9 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.
Дата дня
9 сьнежня 1891 году ў Менску нарадзіўся паэт Максім Багдановіч. Багдановіч вядомы таксама як крытык і гісторык літаратуры, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу. Творы Багдановіча ўзбагацілі нацыянальную літаратуру такімі формамі вершаскладаньня, як санэт, трыялет, танка, рубаі, рандо, рандэль, тэрцына і інш.
Таксама ў гэты дзень
1976 — быў заснаваны Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту.
1981 — у Менску адкрылі помнік Максіму Багдановічу.
1990 — Лех Валэнса перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы.
2001 — у горадзе Старыя Дарогі Менскай вобласьці ўрачыста адкрыты помнік паэтцы Ларысе Геніюш.
У гэты дзень нарадзіліся
1893 — Станіслаў Шыманоўскі, беларускі паэт.
1963 — Сяргей Краўчанка, беларускі рок-музыкант («Бонда», ULIS).
У памяці
1268 — ва Ўладзімеры-Валынскім быў забіты Войшалк, вялікі князь літоўскі.
1974 — памёр Янка Шутовіч, беларускі літаратуразнавец, выдавец.
1991 — памёр Гжэгаж Каласоўскі, пастыр нясьвіскай каталіцкай парафіі Божага Цела, ганаровы грамадзянін Нясьвіжа.
2004 — ня стала Сяргея Войчанкі, беларускага мастака і дызайнэра.
Куды варта пайсьці і за чым сачыць 9 сьнежня
Лекцыя «Што ня так з архітэктурнай спадчынай»
Лятучы ўнівэрсытэт арганізоўвае 9 сьнежня публічную лекцыю пра помнікі архітэктуры і ахову іх дзяржавай. Гісторык Сьцяпан Стурэйка распавядзе, чаму рэстаўрацыя і кансэрвацыя архітэктурных абʼектаў не заўжды карысная.
Менск, Галерэя «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а).
Пачатак у 18:30.
Уваход вольны.
Выстава «Строчыцкі скарбец»
На выставе будуць прадстаўлены рарытэты, знойдзеныя падчас археалягічных раскопак на тэрыторыі музэю і на рацэ Менцы. Экспазыцыя ўяўляе сабою кабінэт калекцыянэра, у якім прадстаўлены посуд, кнігі, мінэралы і іншыя рэдкасьці.
Вёска Азярцо (Менскі раён), Музэй народнай архітэктуры і побыту
Пачатак у 15:00.
Уваход па квітках у музэй.
Акцыя «Захаваць мастацтва»
У межах акцыі ўваход у сталічныя музэі па пятніцах будзе вольны. Без квітка можна будзе наведаць Нацыянальныя мастацкі і гістарычны музэі, «Галерэю ДК», а таксама Музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Акцыя працягнецца да 30 сьнежня.
Імпрэзы
Тэатральна-дыскусійны вечар у «Пружанскім палацыку»
Кампанія «Будзьма беларусамі» прывязе ў Пружаны дакумэнтальны спэктакль «Білінгвы». Пасьля спэктаклю — абмеркаваньне жыцьця беларусаў у дзьвюхмоўным грамадзтве.
Пружаны, музэй «Пружанскі палацык» (вул. Савецкая, 50).
Пачатак а 8-й гадзіне.
Уваход вольны.
Фальклёрны канцэрт да 125-годдзя Максіма Багдановіча
Сёлета спаўняецца 125 год з дня нараджэньня Максіма Багдановіча. Ён нарадзіўся 9 сьнежня 1891 году. Студэнцкае этнаграфічнае таварыства сабрала фальклёрных выканаўцаў, якія падрыхтавалі праграму на аснове вершаў Багдановіча.
Менск, Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы (вул. Янкі Купалы, 4).
Пачатак у 18:00.
Уваход па квітках у музэй.
Спэктакль «Дзёньнік паэта»
У дзень 125-годзьдзя Максіма Багдановіча акторы Тэатру беларускай драматургіі прадэклямуюць ягоныя вершы і прэзэнтуюць спэктакль «Дзёньнік паэта». У межах праекту «Чытаем Багдановіча разам» акторы запісалі сэрыю відэа зь вершамі паэта, якія, на іх думку, актуальныя цяпер.
Менск, Тэатар беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44).
Пачатак у 19:00.
Квіткі: 9 рублёў.