Беларускі нацыянальны кангрэс правёў 7 сьнежня пасяджэньне, на якім ініцыяваў стварэньне агульнанацыянальнага арганізацыйнага камітэту для «годнага сьвяткаваньня» Дня Волі ў 2017 годзе. Таксама на ім былі створаныя камісіі ў сацыяльна-эканамічным пытаньні і ў справе пагрозы незалежнасьці.
У БНК уваходзяць на сёньня 7 грамадзкіх арганізацыяў і 10 абласных. Кангрэс сфармавалі Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саньнікаў, Генадзь Фядыніч і Міхал Пастухоў. Як кажа Статкевіч, Кангрэс «займаецца ўсімі небясьпекамі» і пазыцыянуе сябе як «грамадзка-палітычны рух супраціву беларускіх патрыётаў».
Мікола Статкевіч распавядае Свабодзе, што пакуль падрыхтаваны толькі чарнавік прапаноў да Мінабароны, а ў камісіі вайсковых пытаньняў выбрана толькі кіраўніцтва, поўны склад будзе абраны крыху пазьней. Прапановы яшчэ будуць удасканальвацца і аналізавацца, канчатковыя прапановы маюць быць сфармаваныя і перададзеныя Мінабароны цягам наступных тыдняў. Калі прапановы будуць праігнараваныя міністэрствам, кажа Статкевіч, давядзецца перадаць іх наўпрост грамадзтву і «рыхтаваць грамадзянаў да выкананьня пачэснага абавязку згодна з 37 артыкулам Канстытуцыі», бо «грамадзтва мусіць ведаць, што рабіць і куды рухацца, а крокі вельмі відавочныя».
«Могуць быць самыя розныя сцэнары — і крымскі, і данбаскі, — разважае Статкевіч. — Безумоўна, найперш у такой сытуацыі пачынае хваляваць стан войска. Мы не закраналі чыста вайсковыя аспэкты як тэхнічную падрыхтаванасьць. Але нас ня можа не хваляваць псыхалягічная, маральная няздольнасьць войска супраціўляцца агрэсіі з усіх мажлівых кірункаў — мы маем на ўвазе і агрэсію з боку Расеі.
Мы зьвярталіся зь лістом да Міністэрства абароны, зьвярталі ўвагу на лічбы, што прагучалі ў інтэрвію расейскага спэцыяліста ў пытаньнях псыхалягічнай вайны, а лічбы вельмі непрыемныя (70–80% беларускіх афіцэраў нібыта хацелі б не фармальнага, а фактычнага абʼяднаньня дзьвюх краінаў. — РС). Рэальная сытуацыя мо крыху лепей, але ўсё роўна вельмі небясьпечная.
У Мінабароны ж выказалі аптымізм, а гэта супярэчыць інфармацыі, што мы маем. Таму мы заклапочаныя гатоўнасьцю краіны адбіць агрэсію. Бо калі краіна гатовая да супраціву, а патэнцыйны агрэсар гэта ведае, гэта можа гарантаваць мір. А калі краіна спакушае сваёй безабароннасьцю, яна правакуе агрэсію.
Ключавыя пасады займалі да нядаўняга часу ці ўсё яшчэ займаюць прыхільнікі прэзыдэнта іншай краіны. Калі генэрал пры любым слове кажа: „Як сказаў прэзыдэнт Пуцін...“ — пры тым, што павінен служыць іншаму прэзыдэнту, гэта шмат пра што сьведчыць. Калі патрыёты ў беларускім войску мусяць утойваць свае погляды — гэта што такое? Такое войска — філія расейскага. Яно як чорт ладану баіцца тысячагадовай беларускай гісторыі.
А калі заробак у беларускім войску ў разы меншы, чым у расейскім? Людзі не абцяжараныя ідэалягічнымі момантамі, яны параўноўваюць: „А колькі б я атрымліваў там?“».