Кампанія Apple назвала найлепшыя праграмы і гульні для сваіх апэрацыйных сыстэмаў у 2016 годзе. Праграмай году для iPhone названая Prisma, на другім месцы — распрацоўка беларусаў MSQRD.
Раней Google назвала MSQRD 5-й сярод «трэндавых» праграмаў — тых, што найбольш набіралі папулярнасьць у 2016 годзе.
MSQRD, створаны менскімі распрацоўшчыкамі, дазваляе ў рэальным часе замяняць на відэа твары людзей на маскі, прычым маскамі могуць быць твары рэальных людзей. Кампанію-распрацоўшчыка MSQRD за неназваную суму набыў Facebook.
Prisma ж хутка апрацоўвае выявы пад стыль карцін розных мастакоў, у тым ліку Марка Шагала. Мэнтарам Prisma, таксама як і MSQRD, выступіў былы віцэ-прэзыдэнт расейскай Mail.Ru Group, беларус Юры Гурскі.