Першая сустрэча адбудзецца ў Галерэі TUT.BY 7 сьнежня. Уваход па запрашэньнях. Онлайн-трансьляцыя мае пачацца ў 18.30.
У якасьці госьця зь лекцыяй «Зло» выступіць расейская паэтка, празаік, перакладчык, філёляг і этнограф Вольга Седакова.
Сьвятлана Алексіевіч кажа, што ня ведае роўных Седаковай сярод сучасных расейскіх інтэлектуалаў.
«У Вольгі вельмі дакладнае маральнае чуцьцё, яна ўмее раней за іншых фармуляваць думкі і прагназаваць будучыню. Яшчэ гадоў 10 таму яна арганізавала лекцыю „Пасрэднасьць як сацыяльная небясьпека“, дзе ўжо тады прадказала і пуцінізм, і тое, што наверх вылезе ашуканы і раззлаваны маленькі чалавек. А вінаватыя ў гэтым будуць дэмакраты», — сказала TUT.BY Сьвятлана Алексіевіч.
Плянуецца, што сустрэчы ў інтэлектуальным клюбе будуць ладзіцца штомесяц. Сярод гасьцей, якіх Сьвятлана Алексіевіч абяцала запрасіць на бліжэйшыя паседжаньні, — рэжысэр Аляксандар Сакураў, палітык і грамадзкі дзеяч Расеі Ірына Хакамада, вучоны-псыхалінгвіст Тацяна Чарнігаўская.
«Я на першай жа сустрэчы папрашу, каб у клюбе не было ніякай палітычнай мітынговасьці. Так мы нічога не дасягнем. Важней убачыць глыбінныя праблемы і намацаць той падмурак, які дапаможа думаючаму чалавеку выжыць. А такія людзі ў нас ёсьць, але ў апошні час інтэлектуалы адчуваюць сябе маргіналамі», — сказала Сьвятлана Алексіевіч.