Маці Ігара Барбашынскага накіравала ў Сьледчы камітэт 13 пытаньняў наконт сьмерці сына

Маці Ігара Барбашынскага Галіна Шаравар

Маці Ігара Барбашынскага — Галіна Шаравар зьвярнулася з хадайніцтвам у Жодзінскі аддзел Сьледчага камітэту з просьбай уключыць яе пытаньні да экспэртаў у дадатковую судова-мэдычную экспэртызу па факце сьмерці ў турме яе сына.

«Усе мае пытаньні да экспэртаў былі ўключаныя ў дадатак да пытаньняў сьледчых, — кажа Галіна Шаравар. — Пытаньняў вельмі шмат. Яны датычаць і сінякоў, і рубцоў, і так званай „мэдыцынскай дапамогі“, якая дапамагла Ігару пакінуць гэты сьвет».

Галіна Шаравар лічыць дзіўным, што ў яе сына раптоўна аказалася столькі «таямнічых» хвароб, што ніводзін доктар ня змог паставіць дыягназ.

«Чым больш я ўчытваюся ў дакумэнты папярэдняй экспэртызы, тым больш жахаюся. Дактары ня ставяць ніякага заключнага дыягназу, але нешта колюць і як быццам нешта лечаць. Як сьведчаць паперы, 18 жніўня пасьля першага паседжаньня суду майму сыну было дрэнна, да яго прыяжджаў фэльчар слуцкай „хуткай дапамогі“ Мялешка. На вока паставіў дыягназ „вэгетасасудзістая дыстанія“, нешта ўкалоў. Што ўкалоў — невядома. А ў дакумэнце экспэртызы ёсьць запіс, што празь месяц, 21 верасьня, у яго ўжо былі рубцы на галаве месячнай даўнасьці. Можа, з-за гэтых ран на галаве і пачаліся праблемы зь непрытомнасьцю? І хто гэтыя раны яму нанёс? І ці патрэбныя былі тыя ўколы дактароў „на вока“? Гэта такая дыягностыка ў 21-м стагодзьдзі?»

Фота памерлага Ігара Барбашынскага

Адначасова маці Ігара Барбашынскага прызнаецца, што ня верыць у праўдзівасьць экспэртаў:

«Як я цяпер магу верыць экспэртам, калі дзяржаўны судова-мэдыцынскі экспэрт Іван Мікалаевіч Трубілка 21 верасьня 2016 году пасьля агляду трупа пры сьведках запэўніў мяне, што ўсе органы цела майго сына здаровыя і ніякіх праблем у яго не было? — кажа жанчына. — Гэта была першая хлусьня ў шэрагу іншай хлусьні? Ці гэта была праўда? Тады чаму менавіта ён жа і напісаў першае заключэньне экспэртызы, зь якога вынікае, што амаль усе ўнутранасьці майго 39-гадовага сына прыйшлі ў непрыдатнасьць, неадпаведную далейшаму жыцьцю?»

Падчас папярэдняй праверкі было ўстаноўлена, што з 18 жніўня па 16 верасьня 2016 году Ігар Барбашынскі неаднойчы скардзіўся на галаўны боль, страты прытомнасьці, яго аглядалі мэдыкі хуткай мэдычнай службы, лекары мэдчасткі жодзінскай турмы, пераводзілі ў мэдчастку турмы № 8 для лячэньня і назад у камэру. Увечары 16 верасьня ў сувязі з пагаршэньнем стану Ігар Барбашынскі быў шпіталізаваны ў Жодзінскую цэнтральную гарадзкую бальніцу.

Па выніках абсьледаваньня мэдыкі выставілі Барбашынскаму дыягназ — энцэфаліт неўдакладненай этыялёгіі, яго стан быў ацэнены як «сярэдняй цяжкасьці». Аднак дактары вырашылі, што працяг тэрапіі ў лякарні немэтазгодны. Увечары 19 верасьня Ігара Барбашынскага перавялі ў Рэспубліканскую бальніцу Жодзінскай турмы № 8, дзе ён памёр а шостай раніцы наступнага дня.

Брата Ігара Барбашынскага Івана пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі». Яго зьвінавацілі ў супраціве міліцыянтам, спалучаным з гвалтам.

Барбашынскі заявіў, што мае намер абскардзіць рашэньне суду, бо лічыць сябе невінаватым. «Мы павінны даказаць — Ігара забілі», — сказаў ён у інтэрвію Свабодзе.