Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі» запусьцілі «Дэтэктар хлусьні»

«Голас Амэрыкі» (VOA) і Радыё Вольная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL) запусьцілі новы рэсурс праверкі інфармацыі: сайт Polygraph.info.

Гэта рэакцыя на тое, што ў сьвеце апошнім часам усё больш фальшывай інфармацыі.

«Polygraph.info адказвае на попыт грамадзкасьці на прафэсійна правераную інфармацыю і падмацуе асьвятленьне падзеяў RFE/RL і VOA, якія будуць перадаваць праўду», — сказаў прэзыдэнт RFE/RL Томас Кент.

«Ён аддзяляе факты ад выдумак, дадае кантэкст і выкрывае хлусьню, зьмяншаючы разбуральныя наступствы дэзінфармацыі, а таксама дапамагае аўдыторыі сьвядома рабіць выбар і прымаць рашэньні», — сказала дырэктарка VOA Аманда Бэнэт.

Каманда Polygraph.info з «Голасу Амэрыкі» і Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода дасьледуе і аналізуе заявы ўрадаў і іншых чыноўнікаў, каб ацаніць іх праўдзівасьць. Цяпер аналіз сфакусаваны на заявах, зьвязаных з адносінамі паміж Расеяй і Захадам, пазьней ён пашырыцца і на іншыя сфэры ўсясьветнай палітыкі.

Расейскія ўзброеныя сілы выкарыстоўваюць «разумную» зброю, якая ня чыніць вялікіх стратаў сярод цывільнага насельніцтва? Так, але ня толькі і ня столькі. Паўстанцы ў Сырыі выкарыстоўваюць «жывыя шчыты»? Хлусьня. Расея паднялася ў рэйтынгу Doing Business на 11 пазыцыяў? Не зусім.