Газэта The Wall Street Journal надрукавала артыкул пра менскі «Парк высокіх тэхналёгіяў», у якім канстатуе, што «Беларусь ператвараецца ў «Крэмніевую даліну» Ўсходняй Эўропы.
Нагадваючы, што «Беларусь знаходзіцца ў падпарадкаваньні былога калгаснага кіраўніка і вядомая вытворчасьцю трактароў, газэта адзначае, што «цяпер былая савецкая рэспубліка хоча быць вядомая як Крэмніевая даліна Ўсходняй Эўропы».
Беларусь мае дастаткова высокі ўзровень адукацыі насельніцтва і адносна нізкі кошт працоўнай сілы. У 2015 годзе экспарт зь Беларусі асноўных ІТ-цэнтраў склаў 705.6 млн даляраў, піша WSJ.
Газэта цытуе словы IT-мэнэджэраў, якія высока ацэньваюць патэнцыял Беларусі ў сфэры высокіх тэхналёгіяў.
«Гэта адносна таннае месца для разьвіцьця», — кажа Пётра Іваніцкі, дырэктар у польскай кампаніі Superhot Team.
«Нам спадабалася працаваць у Беларусі больш, чым у іншых краінах, таму што культура працы, працоўная этыка, адукацыя і якасьць былі на вельмі высокім узроўні», — кажа Ігар Магазінік, заснавальнік Viber і Juno.
WSJ адзначае, што сёньня 164 кампаніі і больш за 25 000 супрацоўнікаў зьяўляюцца рэзыдэнтамі Парку высокіх тэхналёгіяў. Пры гэтым 41% кампаній былі створаныя беларускімі інвэстарамі, 35% — замежнымі інвэстарамі і 24% — супольныя прадпрыемствы. Газэта нагадвае, што менавіта ў Менску быў створаны калектыў, які нядаўна прадаў сваю сэлфі-прыладу MSQRD кампаніі Facebook.
Газэта піша, што для многіх рэпутацыя Беларусі як краіны з апошняй дыктатурай у Эўропе «не зьяўляецца перашкодай для працы» і цытуе словы Ніка Выгоўскага, сузаснавальніка MeetnGreetMe: «Гісторыі посьпеху і маштаб бізнэсу больш важныя, чым палітыка. Гісторыі посьпеху Viber, Wargaming — натхняюць».