Амэрыканскае выданьне Bloomberg спрагназавала самыя пэсымістычныя падзеі 2017-га.
Каб быць гатовымі да любых паваротаў сучаснай гісторыі, рэдактары Bloomberg выказалі здагадку, што можа адбыцца ў наступным годзе. Найбольш пэсымістычны прагноз закранае Беларусь.
«Ізаляцыянізм Трампа і агрэсія Ўладзіміра Пуціна паставяць канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель перад цяжкім выбарам: працягваць нарошчваньне вайсковай моцы ў Эўропе супраць Расеі або прыслухацца да парады Трампа і заключыць буйную зьдзелку з Пуціным, каб дамовіцца аб сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе. Пуцін спыніць атакі, адкліча зьнішчальнікі, пагодзіцца спыніць умяшаньне ў справы ЗША і Эўрапейскага Саюзу. У сваю чаргу, Мэркель і Трамп прызнаюць уладу Расеі над Украінай, Беларусьсю і Сырыяй.
Для Пуціна прэстыж РФ канчаткова адновіцца праз 26 гадоў пасьля распаду Савецкага Саюзу, і ён пачне адкрыта казаць пра сваю адстаўку пасьля чарговага прэзыдэнцкага тэрміну. Рубель узрасьце. Акцыі абароны страцяць частку сваёй прывабнасьці на тле расчараваньня, што ЭЗ ня ўзбройваецца.
Уплыў прарасейскіх палітычных партый можа стаць вялікай пагрозай для глябальнай палітычнай стабільнасьці 2017 году. Гэтая пагроза ўключае Баўгарыю, Малдову або Эстонію», — піша выданьне.
Што да астатняй карціны сьвету, то рэдактарам Bloomberg бачацца наступныя сцэнары:
— Рост папулярнасьці Трампа ў першыя тыдні прэзыдэнцтва, аднак пазьней глыбокія рознагалосьсі ў кіруючай кааліцыі Трампа і абвал фінансавай сыстэмы.
— Кітай і ЗША пачнуць эканамічную вайну
— Трамп ставіць пад сумнеў абавязаньні ЗША па ўсім сьвеце, ад чаго традыцыйныя ворагі Амэрыкі пачынаюць квітнець. Паўночная Карэя стварае ядзерную ракету, здольную дасягнуць заходняга ўзьбярэжжа ЗША.
— Перамога папулісцкіх лідэраў у Эўропе і развал Шэнгенскай зоны.
— Татальнае праслухоўваньне размоваў і кібэрвайна паміж звышдзяржавамі
— Куба адмаўляецца ад ідэі збліжэньня з ЗША і зноў дазваляе Расеі адкрыць выведную базу ў Гаване. Адносіны Трампа і Пуціна напружваюцца.
— Узводзіцца сьцяна на мяжы з Мэксыкай, Мэксыка ўпадае ў рэцэсію.
— На Блізкім Усходзе ўзмацняюцца пазыцыі Ірану, скачок цэн на нафту.