Добры вечар! Ангела Мэркель выказалася за забарону адзеньня, што закрывае твар, усюды «дзе гэта магчыма паводле закону». Верагодна, яна стане канцлерам Нямеччыны і чацьверты раз. Але што будзе, калі усе тыя, хто закрывае твар у Нямеччыне, атрымаюць выбарчае права?
НЕКАТОРЫХ ДАРМАЕДАЎ ПАШКАДУЮЦЬ. Да канца году будуць унесеныя зьмены ў дэкрэт аб дармаедах. Зьмены «тычацца цяжкіх жыцьцёвых сытуацый і наданьня права мясцовым органам улады прымаць рашэньне аб вызваленьні ад збору грамадзян, у якіх склаліся непрадбачаныя жыцьцёвыя сытуацыі», – сказала па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы намесьніца прэм’ер-міністра Натальля Качанава.
ЗА ЖМЕНЮ ДАЛЯРАЎ. Даярка Жана Рудак з Глыбоччыны за працу ў кастрычніку атрымала на рукі зарплату 32 рублі 26 капеек. Як жывецца за такія грошы? Рэпартаж Аляксандры Дынько.
ПАЛЯКІ СПАДЗЯЮЦЦА НА ПОСЬПЕХ. «Працэс дэмакратызацыі ў Беларусі трывае, мы маем надзею, што нашы размовы патрэбныя. Сёньня падчас усіх размоваў, і з уладамі, і з апазыцыяй, мы прыйшлі да высновы, што трэба працягваць дыялёг. Можа, ён будзе доўгі, але, спадзяюся, пасьпяховы», – сказаў нам у Менску сьпікер Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі. Сёньня польская дэлегацыя наведала Курапаты.
У БЕЛАРУСКУЮ ЛІТАРАТУРУ ЎВАЙШЛІ ЗОМБІ. «Навэла „1813” напісаная ўдумліва і дасьціпна. Прапанаваная Садоўскім зомбі-вэрсія гісторыі не пазбаўленая элегантнасьці» – піша Ганна Янкута пра кнігу Ўладзіміра Садоўскага «1813».