«Я крытычна стаўлюся да Лукашэнкі, але ня трэба атаясамліваць краіну зь яе прэзыдэнтам», — Олівэр Качмарэк

Олівэр Качмарэк

Падчас сустрэчы зь беларускімі журналістамі ў Бундэстагу старшыня нямецка-беларускай парлямэнцкай групы Олівэр Качмарэк расказаў пра пэрспэктыву разьвіцьця стасункаў паміж ФРГ і Беларусьсю ў кантэксце лібэралізацыі, даў ацэнку палітычным працэсам у Беларусі, а таксама адзначыў памылкі беларускага кіраўніцтва.

Пра міратворчую ролю Беларусі на Данбасе

Адказваючы на пытаньне карэспандэнткі Свабоды, ці дала міратворчая роля ва ўкраінскім канфлікце прэфэрэнцыі Аляксандру Лукашэнку ў вачах эўрапейскіх палітыкаў, спадар Качмарэк адзначыў, што Беларусь сапраўды выбрала самастойны шлях у гэтай сытуацыі.

— Я думаю, Расея чакала іншага ад Беларусі. З боку Менску было вельмі слушна не прымаць катэгарычных рашэньняў, а прапанаваць пляцоўку для перамоваў на вышэйшым узроўні, з удзелам канцлера ФРГ Ангелы Мэркель. Пабочным эфэктам стала тое, што прэзыдэнт Лукашэнка выступіў гаспадаром пляцоўкі і атрымаў «прыгожую карцінку» ў сусьветных СМІ. Асноўная карысьць ад перамоваў нармандзкай чацьвёркі была, на мой погляд, для ўнутрыпалітычнага жыцьця Беларусі. Цяжка сказаць, ці дапамагло гэта Лукашэнку на замежнапалітычнай арэне, дыстанцыя ўсё адно захоўваецца. Калі я кантактую зь беларусамі ў гэтым кантэксьце, яны чамусьці пачынаюць абараняць Лукашэнку. Я крытычна стаўлюся да асобы Лукашэнкі і да многіх ягоных учынкаў, але ня трэба атаясамліваць краіну зь яе прэзыдэнтам, варта падзяляць паняцьці «краіна» і «прэзыдэнт». І калі Бэрлін наведае Дональд Трамп, я пастаўлюся да яго ня менш крытычна.

Пра зьмены ў Беларусі

Паводле нямецкага палітыка, на гэты момант Беларусь не знаходзіцца ў фокусе грамадзкай увагі ў Эўропе, пра яе гавораць параўнальна мала, хоць і адзначаюць шэраг станоўчых зьменаў:

— Каб праілюстраваць эвалюцыю стасункаў паміж Беларусьсю і Нямеччынай, я хацеў бы прывесьці два прыклады. У 2011 годзе тагачасная старшыня парлямэнцкай групы Ута Цапф зьбіралася прыехаць у Менск, каб паназіраць за судовым працэсам над экс-кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам, аднак беларускія ўлады забаранілі ёй уезд у краіну. А падчас мінулага візыту ў Менск у кастрычніку 2016 году мы ўжо атрымалі магчымасьць ня толькі сустрэцца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімерам Макеем, але і наведаць Палату прадстаўнікоў, — кажа Качмарэк.

Ва ўнутрапалітычнай сфэры варта падкрэсьліць факт вызваленьня палітвязьняў, што заўжды зьяўлялася абавязковай умовай з нашага боку для аднаўленьня кантактаў зь афіцыйным Менскам. Мы спадзяёмся, станоўчыя працэсы працягнуцца далей, не адбудзецца ніякага карэннага пералому і павароту ў іншы бок. Што тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў, то яны не былі свабоднымі і роўнымі, аднак трэба адзначыць пэўны прагрэс: у адрозьненьне ад кампаніі 2010 году, летась да нязгодных не прымяняўся фізычны гвалт.

Пра кірункі супрацоўніцтва ФРГ і Беларусі

Паводле спадара Качмарэка, адукацыя і эканоміка зьяўляюцца найбольш пэрспэктыўнымі кірункамі разьвіцьця дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі на наступныя гады:

— У эканамічным пляне Беларусь прываблівае Нямеччыну наяўнасьцю высокакваліфікаваных кадраў. Праўда, каб прыцягнуць дадатковыя інвэстыцыі буйных нямецкіх карпарацыяў, неабходна правесьці глыбінныя структурныя рэформы ў вашай эканоміцы. На сёньняшні дзень на беларускім рынку працуюць каля 400 нямецкіх кампаніяў, але патэнцыял значна большы.

У адказ на пытаньне, як у Бундэстагу ацэньваюць мінулыя парлямэнцкія выбары і ці паспрыяла пацяпленьню міжнародных стасункаў зьяўленьне ў Палаце прадстаўнікоў дзьвюх незалежных кандыдатак, спадар Качмарэк падкрэсьліў:

— У Менску мы гутарылі з прадстаўніцамі апазыцыі ў парлямэнце, цікавіліся, якой яны бачаць сваю ролю, і дамовіліся трымаць сувязь у будучыні. Важна разумець: ключавыя рашэньні, якія прымае Нямеччына ў дачыненьні да Беларусі, не грунтуюцца выключна на інфармацыі, атрыманай з афіцыйных крыніц. Мы мусім весьці дыялёг і з апазыцыяй, і з грамадзянскай супольнасьцю.

Пра сувязі з Нацыянальным сходам Беларусі

Олівэр Качмарэк паведаміў, што падчас наступнага візыту нямецка-беларускай парлямэнцкай групы ў Менск заплянаваныя сустрэчы як у Савеце Рэспублікі, так і ў Палаце прадстаўнікоў. Дакладная дата візыту пакуль невядомая:

— Перш чым казаць пра паўнавартаснае супрацоўніцтва, варта спачатку наладзіць устойлівы дыялёг. Менавіта кастрычніцкая паездка ў Менск адкрыла нам шлях да такога дыялёгу. У тым ліку важна абмяркоўваць і складаныя, цяжкія пытаньні. Напрыклад, практыку сьмяротнага пакараньня, якая па-ранейшаму выклікае ў нас вялікую заклапочанасьць. І, нягледзячы на лібэралізацыю ў Беларусі, Эўразьвяз не зьбіраецца пераглядаць сваю пазыцыю да санкцыяў на пастаўку ўзбраеньняў і па-ранейшаму захавае забарону на ўезд для асобаў, падазраваных у датычнасьці да зьнікненьня беларускіх палітыкаў.

У 2017 годзе Беларусь і Нямеччына адзначаць 25-ю гадавіну аднаўленьня дыпляматычных стасункаў, сьвяточныя мерапрыемствы пройдуць у Бэрліне і Менску. Паводле Олівэра Качмарэка, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар будзе спрыяць правядзеньню гэтых мерапрыемстваў.