Беларускія нафтавікі пачалі маштабны праект ва Ўкраіне

Ілюстрацыйнае фота

«Беларуснафта» пачала першы маштабны праект нафтавага сэрвісу ва Ўкраіне. Беларускія спэцыялісты пачалі апэрацыі гідраразрыву пласта на ўкраінскіх радовішчах вуглевадародаў.

Пра гэта паведамляецца на сайце www.belorusneft.by.

Кантракт заключаны ўкраінскім апэратарам здабычы прыроднага газу «Укргазздабыча», які ўваходзіць у «Нафтагаз Украіны».

«Беларуснафта» выйграла два тэндэры на правядзеньне 50 апэрацыяў гідраразрыву пласта ў Палтаўскай вобласьці, абышоўшы кампаніі з Румыніі і Ўкраіны, паведамляе БелТА.

Таксама бакі абмеркавалі пэрспэктыву пашырэньня беларускіх сэрвісных паслуг на ўкраінскім рынку. Плянуецца, што «Беларуснафта» возьме ўдзел у тэндэрах на бурэньне сьвідравін і сэйсмавыведныя работы.

Камэнтуючы гэтую інфармацыю Свабодзе, эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак сказала, што «Беларуснафта» зьяўляецца сур’ёзным гульцом на міжнародным рынку, мае вопыт і напрацаваныя тэхналёгіі.

«Але пакуль складана сказаць, наколькі Ўкраіна зможа знайсьці гэтыя сланцавую нафту і сланцавы газ. Бо былі ўжо пэўныя спробы, там разглядаліся некалькі радовішчаў. Але пакуль што пасьпяховых вынікаў не было. Аднак спэцыялісты для таго і рэалізуюць такія праекты, каб знайсьці сланцавую нафту ці газ. Гэта сёньня вельмі патрэбна Ўкраіне, і дзяржава стымулюе такія праекты. Украіна вельмі зацікаўленая ў пошуку альтэрнатыўных вуглевадародаў».