Разьдзел кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая другім выданьнем выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе». Спампаваць кнігу можна тут.
...Калі раніцай 7 сьнежня 1991 году я выйшаў са свайго дому ў Менску і накіраваўся ў бок аўтобуснага прыпынку, то мусіў спыніцца перад картэжам Ельцына («маскоўскую» трасу ў раёне Ўручча ў той час рэканструявалі, і машыны ехалі ў аб'езд якраз па нашай вуліцы Гінтаўта). Памятаю, падумаў: «Ну вось, яшчэ адна расейская пятля-ўдаўка». Пра візыт Ельцына мы, дэпутаты, ведалі, але нічога добрага ад яго не чакалі. Калі б мне сказалі, што праз пару гадзінаў я апынуся за мэтар ад Ельцына, зусім не зьдзівіўся б: высокія візыцёры ўсё часьцей наведвалі Вярхоўны Савет і выступалі перад дэпутатамі. Але ўявіць, што праз тры дні, 10 сьнежня, мне і маім калегам-дэпутатам выпадзе магчымасьць прагаласаваць за зьнікненьне з мапы сьвету абрэвіятуры «СССР» — не, гэтаму я ня даў бы веры.
Што Савецкі Саюз скончыць сваё існаваньне, я не сумняваўся.
Сапраўды, Беларусь дэ-юрэ ўжо была незалежнай дзяржавай; незалежнасьць абвясьцілі і большасьць іншых савецкіх рэспублік. І што такое цяпер «Савецкі Саюз» — пра гэта ў тым сьнежні наўрад ці мог сказаць і яго прэзыдэнт Міхаіл Гарбачоў. Але паняцьце СССР існавала — апарат прэзыдэнта, міністэрства замежных справаў, нарэшце, вайсковае ведамства… (Праўда, у першыя дні сьнежня Гарбачоў ліквідаваў КДБ, перадаўшы ягоныя функцыі «рэспубліканскім» органам дзяржаўнай бясьпекі; ды Лубянка, зразумела, засталася на сваім месцы.) Усё гэта ўплывала на сьвядомасьць бальшыні дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі, якія ўпарта адмаўляліся ствараць атрыбуты сувэрэннай дзяржавы.
Яшчэ горш, што гэтага не жадалі старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і кіраўнік ураду Вячаслаў Кебіч - увосень 91-га, калі кожны дзень быў на вагу золата, Шушкевіч езьдзіў у Нова-Агарова да Гарбачова абмяркоўваць бясконцыя праекты "новай саюзнай дамовы", Кебіч жа, замест каб распачаць рэформы, спадзяваўся на дапамогу Масквы.
Пра тое, што барацьба з «цэнтрам» і з інэртнасьцю палітычнага мысьленьня парлямэнцкай большасьці можа цягнуцца даволі доўга, сьведчылі паперы, якія я нёс з сабой у «дыплямаце».
Першым назаву ліст, які я напярэдадні атрымаў у сакратарыяце — зварот прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова да дэпутатаў парлямэнтаў «саюзных рэспублік».
Яшчэ ў верасьні 1990-га, калі Гарбачоў наклаў рэзалюцыю на мой зварот з просьбай прыняць дэпутатаў-сяброў парлямэнцкай камісіі па расьсьледаваньні замоўчваньня вынікаў Чарнобыльскай катастрофы — рэдактар «Народнай газеты» Іосіф Сярэдзіч адразу надрукаваў і той ліст, і рэзалюцыю на першай паласе як сэнсацыю. Тады Гарбачоў яшчэ меў аўтарытэт і ў СССР, і ў сьвеце.
У лютым 1991-га пра кароткую гутарку з Гарбачовым мяне зь цікавасьцю распытвалі ня толькі беларускія, але і маскоўскія журналісты. Ён усё яшчэ ўспрымаўся як нашчадак Сталіна і Брэжнева на пасадзе генсека, паўнавартасны прэзыдэнт адной шостай часткі сьвету, уладар тысячаў ядзерных боегаловак.
Цяпер Гарбачоў цікавіў толькі заходніх палітыкаў, якія мелі ілюзіі адносна захаваньня СССР, і — журналістаў. І, прызнаюся, калі б мне тады выпала магчымасьць зь ім пагутарыць — я не прапусьціў бы такой журналісцкай ўдачы. Але як палітыку, меркаваньне Міхаіла Сяргеевіча мне ўжо было мала цікавае. Такое стаўленьне было і ў іншых дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Прадстаўнікі ж «пераважнай дэпутацкай большасьці», хоць і не маглі дараваць Гарбачову «перабудовы», але ўспрымалі ягоныя спробы аднавіць СССР спачувальна.
«… Я прашу вас, паўнамоцных прадстаўнікоў сваіх народаў, у бліжэйшыя дні абмеркаваць праект Дагавор пра саюз сувэрэнных дзяржаваў і ўхваліць яго.
Яшчэ раз настойліва паўтараю: ня справіцца нам з адраджэньнем грамадзтва, ня выйсьці з крызісу і не злучыцца з цывілізаваным сьветам, горш за тое — не пазьбегнуць агульнай катастрофы, калі мы ня спынім працэс дэзінтэграцыі. Я прашу вас сказаць ''так'' такой форме раўнапраўнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньня, якая дазволіць усім нам сумесна — а інакш не атрымаецца — прайсьці вельмі цяжкую і вельмі небясьпечную паласу сваёй агульнай гісторыі.
Дзяржаўны савет у сваім звароце да парлямэнтаў выказаў пажаданьне, каб Дагавор быў падрыхтаваны да падпісаньня ў гэтым годзе. Паўнамоцныя дэлегацыі Вярхоўных Саветаў змогуць канчаткова ўлічыць заўвагі на апошнім этапе працы над Дагаворам, з тым каб нарэшце з падпісаньнем гэтага дакумэнту краіна з палёгкай уздыхнула, набыла вельмі важную кропку апоры і надзею на сумесны рух наперад'', —так завяршаў свой зварот Гарбачоў.
Тое, што абмеркаваньне дамовы аб «Саюзе сувэрэнных дзяржаваў» у нашым Вярхоўным Савеце адбудзецца, можна было не сумнявацца: тры папярэднія месяцы большасьць дэпутатаў ігнаравала нашы заклікі не глядзець на Маскву і стаць, нарэшце, палітыкамі самастойнай дзяржавы.
У маім «дыплямаце» былі і пяць старонак, якія напярэдадні даў мне Зянон Пазьняк — з просьбай падумаць, якому выданьню можна было б прапанаваць гэты артыкул (зь менскіх газэтаў выбар быў невялікі: «Народная газета» Сярэдзіча ці «Свабода» Герменчука).
Гэтыя пяць старонак (аўтарскі асобнік, з праўкамі) — цяпер на маім стале. Артыкул Пазьняка называецца «Сьнежань. Палітычнае становішча на Беларусі». Тады ён ня быў надрукаваны, а цяпер успрымаецца як дакладная фіксацыя недаравальнай страты тагачасным кіраўніцтвам Беларусі магчымасьцяў для руху наперад.
«Беларусь застыла ў самагубчым супрацьстаяньні, — пісаў Пазьняк. — З аднаго боку ідэалягічна падарваная і скампрамэтаваная намэнклятурная сыстэма былой камуністычнай улады, з другога — усё грамадзтва, якое трапіла ў палон дэмакратычных ілюзіяў і фразэалёгіі. У выніку, Рэспубліка Беларусь, стаўшы дэ-юрэ незалежнай дзяржавай, не праводзіць палітыкі незалежнай дзяржавы. Ня рухаюцца рыначныя эканамічныя рэформы, не адбываецца пераарыентацыі вытворчасьці на ўнутраны таварны рынак, які адкрыты бяскрайнім прасторам калапсіруючай галоднай і агрэсіўнай Расеі, не ствараецца ўласная валюта, войска, мытная сыстэма, не ўпарадкоўваюцца межы, не наладжваюцца міжнародныя сувязі, няма канцэпцыі замежнай палітыкі. Па прывычцы намэнклятурнае кіраўніцтва Беларусі глядзіць на ўсход, на Маскву, якую цяпер адначасна ня любіць і баіцца, бяздумна завязвае кантакты з Азіяй і мусульманскім сьветам, замест таго, каб вяртацца ў Эўропу, выкарыстаць свае эканамічныя, навуковыя, прамысловыя, геапалітычныя перавагі перад іншымі рэспублікамі, свой высокі ўзровень разьвіцьця…
Апазыцыя БНФ яшчэ ў 1990 годзе, прадбачачы падзеі, паставіла перад урадам пытаньне аб падрыхтоўцы нацыянальнай валюты — беларускага талера. Прапанова не была адкінутая, але і зроблена нічога не было… Беларускія грошы? — «Гэта сьмешна». Сувэрэнітэт? — «Гэта жарт!» — усклікае ў стане няспыннай эўфарыі ад улады наш новы старшыня Вярхоўнага Савету…
Ня вырашана і пытаньне з войскам… Апазыцыя БНФ яшчэ ў верасьні падрыхтавала пакет законапраектаў па войску і дамаглася скліканьня нечарговай сэсіі. Прапаноўвалася падпарадкаваць войскі на тэрыторыі Беларускай вайсковай акругі Вярхоўнаму Савету Рэспублікі, узяць іх на свой бюджэт, тут жа правесьці скарачэньне асабовага складу і прыступіць да фармаваньня беларускіх узброеных сілаў, стварыць вайсковае міністэрства, прывесьці да прысягі афіцэраў і салдат, прыступіць да вырашэньня пытаньня пра вывад астатніх войскаў, пра міжрэспубліканскія пагадненьні па супрацьпаветранай абароне, стратэгічных сілах, пра канвэрсію, раззбраеньне і г.д. Аднак намэнклятурныя дэпутаты Вярхоўнага Савету не зразумелі нічога і прагаласавалі супраць рэальных прапановаў апазыцыі…
Адмаўленьне Ўкраіны ад «саюзнага дагавору» праваліла гарбачоўскую авантуру і дае надзею Беларусі, але мала што зьменіць у яе становішчы. Ня выключана, што Расея і Ўкраіна паспрабуюць дамовіцца паміж сабой аб прыярытэтах, як даў зразумець спадар Краўчук. Ня выключана, што за кошт інтарэсаў нашай Рэспублікі.
Для Беларусі няма іншай альтэрнатывы, як вяртаньне на Захад, як шлях у аб’яднаную Эўропу, як незалежная дзяржаўная палітыка ў інтарэсах свайго народу. Таму пытаньне пра зьмену ўраду і ўлады на Беларусі, пра ўрад народнага даверу, аб новых дэмакратычных выбарах на шматпартыйнай аснове застаецца надзейным і неабходным».
Падзеі, якія адбудуцца празь некалькі дзён у Віскулях, прымусяць Пазьняка пісаць іншы артыкул — хоць у асноўных сваіх палажэньнях (нежаданьне ствараць уласныя грошы і беларускае войска) ягоныя высновы яшчэ доўга не састарэюць. А валаводжаньне з выбарамі ў новы парлямэнт і ўвогуле стане для лёсу беларускай дэмакратыі фатальным.
І, нарэшце, у маім "дыплямаце" ляжаў пратакол сустрэчы дэпутатаў апазыцыі БНФ са старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам, якая адбылася 5 сьнежня ў нашым 363-м пакоі Дому ўраду.
Гэта быў першы і апошні раз, калі Шушкевіч прыйшоў да нас у апазыцыю БНФ.
Ініцыятыва сустрэчы сыходзіла ад нас і была выкліканая трывогай за лёс дзяржавы ў сувязі з намечаным прыездам у Беларусь прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына.
Мы ўжо добра бачылі, што палітыка «дэмакратычнага» кіраўніцтва посткамуністычнай Расеі робіцца ўсё больш імпэрскай, і мелі сумнеў, што Шушкевіч здолее ёй супрацьстаяць. Апрача таго, мы настойвалі на правядзеньні новых выбараў — Шушкевіч жа прапаноўваў рэфармаваць парлямэнт, скараціўшы колькасьць дэпутатаў, якія працавалі на пастаяннай аснове, такім чынам, што захоўваўся статус-кво (ён называў гэта «зьлепак»). Гэта значыць, БНФ у Вярхоўным Савеце, як і раней, мела б толькі дзясятую частку, паводле ягонай мадэлі — толькі пяць-шэсьць чалавек. Ну і , нарэшце, мы хацелі яшчэ раз пераканаць старшыню ў неабходнасьці стварэньня нацыянальнай валюты і беларускага войска. Шушкевіч упарта не хацеў выступаць з такой ініцыятывай і прапаноўваў нам спачатку зьвяртацца ў парлямэнцкія камісіі (якімі кіравалі пераважна намэнклятурныя дэпутаты і якія стабільна «хавалі» большасьць нашых прапаноў).
Запіс гэтай сустрэчы дае добрае ўяўленьне пра настроі як Шушкевіча, так і дэпутатаў Апазыцыі. У дужках — цяперашнія тлумачэньні.
Несакрэтны пратакол
Дыялёг адбыўся вельмі экспрэсіўны.
Напачатку Пазьняк сказаў, што мы разьлічваем укласьціся ў 40 хвілін і абмеркаваць рэформу Вярхоўнага Савету, пытаньні незалежнасьці і саюзнай дамовы, а таксама ўвядзеньня ўласных грошай і стварэньня ўласнага войска. А яшчэ — візыт прэзыдэнта Расеі Ельцына і прэзыдэнта Ўкраіны Краўчука.
Шушкевіч: «Гэтую сустрэчу арганізаваў я — спатканьне кіраўнікоў трох рэспублік».
Баршчэўскі: «Прапануем абмеркаваць наступнае. Суадносіны палітычных сілаў у грамадзтве. Вызначэньне нашай далейшай дзейнасьці. Рэфэрэндум па вызначэньні лёсу. Ідэя, якая кансалідуе — рух да незалежнасьці, да дэмакратыі. Калі гэта прымаецца — пачакаем з выбарамі і паспрабуем рэфармаваць Вярхоўны Савет. Зьбірацца не радзей за 2 разы на год. Сойм. Суадносіны ў бок сіл дэмакратычных . Сыстэма рэгістрацыі членаў Сойму».
Шушкевіч: «Прапанова непрымальная, бо на яе ня пойдзе Вярхоўны Савет».
Баршчэўскі: «Стварэньне паралельнага органу — устаноўчага Сойму ці Рады. Слабасьць улады відавочная».
Шушкевіч: «Вы працавалі ў кантакце з камісіямі? Можа, камісіі ўлічаць гэта?»
Баршчэўскі: «Згодна з рэглямэнтам, маем права ўносіць (мінуючы камісіі, адразу на сэсію)».
Шушкевіч (чамусьці пераходзіць на расейскую мову, але я даю пераклад): «Зьлепак Вас не задавальняе, а большага я ня выцягну. Зьлепак будзе — інакш недэмакратычна. Па колькасьці апазыцыянэраў — чысты зьлепак вы не жадаеце — ня ўсе з вас патрапяць. Больш як 90 чалавек рабіць — бессэнсоўна. 65 — у значнай ступені лепшая частка парлямэнту». (Такім чынам, Шушкевіч лічыў «недэмакратычным» павелічэньне прысутнасьці дэпутатаў БНФ у новай структуры)
Голубеў: «Незалежнасьць. Ня ведаем Вашу пазыцыю ў адносінах да будучыні Беларусі. Саюзная дамова. Вы сказалі, што — за падпісаньне эканамічнага пагадненьня. Заявілі, што палітычнае (падпісваць) ня будзеце, а цяпер гэта робіце. Мы ня бачым плюсаў для Беларусі. Чаму старшыня Вярхоўнага Савету не праводзіць палітыку па войску? Ельцын можа ператварыць яго ў акупацыйнае войска: хто плаціць грошы, той заказвае музыку».
Пазьняк: «Уяўленьне ад Вашай дзейнасьці: ігнараваньне гэтых фактараў падводзіць да страты сувэрэнітэту, крызісу эканомікі. Палітык павінен мець апору. Вы разьвіваліся на нашых вачах. Ня можаце абаперціся ні на Фронт, ні на КПСС. Абапіраецеся на палітыку Ельцына, Гарбачова. Мы стаім на парозе згубы сувэрэнітэту».
Шушкевіч: «Палітык не павінен быць дурнем... У вас непасьлядоўная палітыка. Мне блізкі сацыял-дэмакратычны рух. На здаровы сэнс абапіраюся. Вы ўвялі ў страх палову насельніцтва Беларусі (гэта быў зварот пэрсанальна да мяне і меліся на ўвазе мае выступы і артыкулы пра Чарнобыль. Свой адказ Шушкевічу я не запісаў). Я — за самастойны шлях, але вашымі мэтадамі проста немагчыма...
Саюзная дамова — усё праўда. Я лічу гэта палітыкай. Дазвольце мне не станавіцца пад вашы штандары... Вялікае войска ніколі ня ўтворыцца (пад «вялікім» мелася на ўвазе звычайнае, клясычнае войска, стварэньня якога мы дамагаліся, а не дэкаратыўны полк). Ельцын можа паставіць супраць Беларусі войска вельмі проста. Я больш бачу памылак ва ўрадзе, чым вы. Але трэба нітку зачапіць, а потым швэдар зьняць».
Заблоцкі: «Мы заўсёды падкрэсьліваем неабходнасьць эканамічных сувязяў. Прыклад — агульны рынак. А Вы — што дзяржава перашкаджае ўсталяваньню эканамічных сувязяў. Валютная рэформа (увядзеньне ўласных грошай). Мытні, межы. Забесьпячэньне ўстойлівых актываў. Крэдыт пад заклад, заклад — дзяржпрадпрыемствы. Прывязаць валюту да маркі Нямеччыны — і па намінале, і па пакупніцкай здольнасьці».
Малашка: «Грошы!»
Шушкевіч: «Расея перакрые каналы».
Пазьняк: «Пытаньне войска. Мы былі ініцыятарамі, каб склікаць надзвычайную сэсію (увосень 1991-га). Мы не пераканалі Вярхоўны Савет. Але цяпер апынуліся ў найбольш невыгодным становішчы. Альбо мы возьмем гэтае войска — прыступім да стварэньня і прывядзем яго да прысягі. На якой аснове зь Ельцыным дамаўляцца? Схема: войска ўзяць. Структура. Міністар. Бюджэт — расходы на войска ўключыць... Чаму Вы праводзіце палітыку супраць дзяржавы?»
Шушкевіч: «Вы — дрэнны тактык і лічыце сябе вялікім стратэгам».
Пазьняк: «Вы ў гэтай сытуацыі несяце адказнасьць. Вы яе будзеце несьці. Не для таго, каб дыскутаваць. Пасьля размовы мы зробім выснову».
Шушкевіч: «Вы — мышы, сабраліся і хочаце кату павесіць званочак на хвост. Хоць хто-небудзь папрацаваў ва ўрадзе? Начхаць на саюз з Малдовай і Прыбалтыкай — у іх нафты няма! Я чакаю, што яны (кіраўнікі Расеі) могуць пайсьці на паралізаваньне гаспадаркі Беларусі. Але ў нас ва ўрадзе не такія дурні...»
Пазьняк: «Вы правільна ацэньваеце Расею ... Чаму Ваша палітыка ўвесь час глядзець на Расею? А не на Прыбалтыку, Захад?»
Шушкевіч: «Да палітыкі, якую можа праводзіць дзяржава, нам трэба ісьці доўга... (Пра меркаваную сустрэчу) Спатканьне Краўчука і Ельцына. Правесьці перамовы па пытаньнях эканамічных пагадненьняў, фінансаў, шэрагу іншых. Размова адзін на адзін зь Ельцыным, Краўчуком у абставінах ізаляваньня ад астатняга сьвету».
На заканчэньне Шушкевіч выказаў дэпутатам апазыцыі пажаданьне мець «добрую тактыку».
Пасьля таго, як Шушкевіч з ахоўнікам пакінулі 363-ці пакой, мы абмяняліся ўражаньнямі.
Пазьняк сказаў: «Шушкевіч — у стане агрэсіўнай эўфарыі... Ён паводзіць сябе як хам... Чалавек не зразумеў, чаго ад яго хацелі». Валянцін Голубеў прапанаваў правесьці 15 сьнежня мітынг на плошчы Леніна (заяўку трэба было падаць за дзесяць дзён). Ігар Пырх выказаўся за стварэньне паралельнай парлямэнцкай структуры.
Мы вырашылі склікаць і прэсавую канфэрэнцыю (арганізаваць і весьці яе даручылі мне) з удзелам Заблоцкага, Пазьняка, Голубева і Баршчэўскага. Канфэрэнцыю мы правялі ў будынку гарвыканкаму — для беларускіх і некалькіх дзясяткаў заходніх журналістаў, якія прыехалі «асьвятляць» візыт Ельцына і Краўчука, але былі пакінутыя «галоўнымі героямі», якія вылецелі ў Белавескую пушчу. Надарылася цудоўная магчымасьць выкласьці нашую канцэпцыю пабудовы незалежнай дзяржавы. Але гэта было ўвечары 7 сьнежня.
Казус Ельцына
А ў першай палове таго самага дня Ельцын выступіў перад дэпутатамі Вярхоўнага Савету.
Заля была поўная — акрамя парлямэнтарыяў, прыйшлі і члены ўраду, шмат журналістаў. У часе выступу Ельцын падараваў Вярхоўнаму Савету выяву Белага дому, каля якога ён у дні жнівеньскага путчу на танку чытаў свае ўказы пра непрызнаньне ГКЧП. Затым высокі госьць перадаў Шушкевічу копію «Ахоўнай граматы Воршы 1664 году» і назваў яе сымбалем вызваленьня беларусаў расейскімі войскамі.
Дарадцы забыліся патлумачыць прэзыдэнту Расеі, што ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя беларусы змагаліся з маскоўцамі (у тым ліку і асабліва пасьпяхова пад Воршай), і што ў той час войскі з усходу зьнішчылі палову беларускага насельніцтва.
А магчыма, падаецца мне цяпер, тое было зроблена адмыслова.
Мы, фронтаўскія дэпутаты, паўскоквалі са сваіх месцаў.
Ельцын выглядаў разгубленым.
Ён пашукаў вачыма каго-небудзь, хто мог бы патлумачыць прычыну тых рэплік, што выкрыкваліся з розных канцоў залі (а можа і спыніць дэпутатаў, што беглі да трыбуны), і неяк па-дзіцячаму, нібыта апраўдваючыся, прамовіў: « А что? Что-то не так? Да? Извините…»
Памятаю, Ельцын двойчы папрасіў прабачэньня і вымавіў гэта так шчыра, што асабіста ў мяне адпала ахвота ўступаць у дыскусію. Ці пагатоў сьцягваць яго з трыбуны, як у жніўні мы зрабілі зь першым сакратаром ЦК Малафеевым.
Ельцын усьміхнуўся, разьвёў рукамі, і ў мяне чамусьці адклалася ў памяці, што ў яго не хапае двух пальцаў — здаецца, на левай руцэ.
Ён неяк абяззброіў сваёй шчырасьцю і адкрытасьцю — магчыма, прыроднай, а можа, набытай на шматлікіх будоўлях, на якіх працаваў з маладосьці, дзе дрэнна пакладзеная муроўка — гэта дрэнна пакладзеная муроўка, адсутнасьць бэтону — гэта адсутнасьць бэтону, п'яны прараб — гэта п'яны прараб, а не агентурны работнік пры выкананьні апэратыўнага заданьня.
А празь дзень мы (разам з усім сьветам) даведаліся пра падпісаньне ў Віскулях пагадненьняў аб ліквідацыі СССР і ўтварэньні СНД.
У мяне могуць запытацца: у якой ступені тая нашая сустрэча ў 363-ім пакоі паўплывала на зьмену пазыцыі Шушкевіча?
Адказваю — у ніякай. Станіслаў Станіслававіч ня з тых людзей, якіх палітычныя апанэнты могуць пераканаць сілаю аргумэнтаў.
Потым удзельнік сустрэчы ў Віскулях Ягор Гайдар прыгадваў: «Больш за ўсіх, мне здаецца, перажываў, хваляваўся Шушкевіч. У ягоных словах гучаў ляйтматыў: мы маленькая краіна, прымем усякае ўзгодненае рашэньне Расеі і Ўкраіны. Але вы ж, вялікія. Усё прадумалі?» (Егор Гайдар, «Дни поражений и побед», Москва, 1996).
Думаю, подпіс Шушкевіча пад пагадненьнем — гэта вынік абставінаў, якія склаліся на сустрэчы кіраўнікоў трох дзяржаваў. Але ў той самай ступені і подпісы Ельцына і Краўчука — вынік тых самых абставінаў, — ніхто зь іх ці іхняе сьвіты (пра што сьведчаць пазьнейшыя ўспаміны) не плянаваў падпісаць такія дакумэнты. Але ўсе шасьцёра (Ельцын, Бурбуліс, Шушкевіч, Кебіч, Краўчук і Фокін), хто паставіў свае подпісы, апынуліся ў той момант на вышыні цьвярозага разуменьня палітычнай неабходнасьці.
Адзінае, мне падаецца, што ў выпадку з Шушкевічам пэўную ролю адыграла прысутнасьць Вячаслава Кебіча, старшыні Савету міністраў, які быў больш рашучым палітыкам, чым Шушкевіч, і апрача таго кантраляваў большасьць дэпутацкага корпусу ў Вярхоўным Савеце.
Хоць сам Шушкевіч у сьнежні 2009 году ў інтэрвію для «Радыё Свабода» дае такое тлумачэньне паводзінам Кебіча: «Ён мне сказаў: «Ведаеш, відавочна, калі выканаўчая ўлада і прадстаўнічая ўлада будуць разам, дык гэта будзе лепш». Ён вельмі хацеў паставіць подпіс пад гэтым пагадненьнем. Але ў чым тут справа? Галоўныя словы ў Белавескім пагадненьні належаць Бурбулісу, які сказаў 7 сьнежня , што СССР як геапалітычная рэальнасьць перастае існаваць. І нелягічна было гэта ня ўжыць і не папрасіць Бурбуліса паставіць подпіс. І Ельцын прапанаваў, каб падпісаў Бурбуліс. Ну, тады было лягічна, каб падпісаў і Кебіч. Хаця яму, дарэчы, Краўчанка ня раіў гэта рабіць. Але Кебіч быў вельмі дасьведчаным намэнклятуршчыкам, ён падумаў так: калі будуць асуджаць далей, ён скажа, што паколькі першая асоба (значыцца, я) падпісала, і я вымушаны быў падпісаць».
Наяўнасьць подпісу Кебіча пад Віскулёўскімі пагадненьнямі адыграла станоўчую ролю і пры іх ратыфікацыі ў Вярхоўным Савеце.
... Празь некалькі дзён пасьля падпісаньня Віскулёўскіх пагадненьняў сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін ад імя Беларусі, Расеі і Украіны ўручыў дакумэнты аб ліквідацыі СССР прэзыдэнту ЗША — і Джордж Буш вымушаны быў памацаць рукамі тое, у верагоднасьць чаго ня мог паверыць яшчэ некалькі тыдняў таму.