Кастынг у Гомелі сабраў амаль 60 маладых маці, якія пажадалі змагацца за ганаровы тытул самай прыгожай і грацыёзнай замужняй гамяльчанкі. Абавязковая ўмова — мець дзяцей. Адклікнулася на запрашэньне й 36-гадовая Аліна Малыш.
«А ў вас колькі дзяцей? Адно, двое?» — пацікавіліся ў журы.
«Пяцёра!» — адказала Аліна, як быццам іначай і быць не магло.
Журы не паверыла: пяцёра? Неверагодна. Хуценька адгарнулі старонкі пашпарта з рознымі адзнакамі. Дзеці — пяць штампаў: Кірыл, Улада, Ільля, Дзёма, Міла. Першаму сыну трынаццаць, меншай дачушцы — 3 месяцы. Дапусьцілі, як не дапусьціць!
І шматдзетная мама ўвайшла ўжо ў лік 15 фіналістак абласнога конкурсу прыгажосьці й грацыі, і 8 сьнежня яна пазмагаецца за карону «Місіс Гомель-2016». Свабода пагутарыла з канкурсанткай.
— Аліна, вам, безумоўна, найперш варта ўдзельнічаць у падобных конкурсах, бо вы сапраўдная маці-гераіня.
— Я марыла пра дзяцей. І муж Аркадзь, дзякуй Богу, быў ня супраць. Мы пазнаёміліся ў Інстытуце радыялёгіі. Я працавала там эканамісткай, а муж — біёлягам у лябараторыі. Пабраліся шлюбам, стварылі моцную сям’ю. Мы ідзём разам, і ўсё азіраюцца на нас, камплімэнты нават выказваюць. Перавага ў вялікай сям’і ў тым, што дзецям ня трэба шукаць кампанію, ім ня сумна. Мы выйшлі ў двор — мы кампанія. На пляж прыйшлі — мы кампанія. Да нас хутчэй далучаюцца, чым мы да каго. У сямейнай кампаніі й закладваюцца асновы выхаваньня.
Я родам з Баранавічаў, адтуль яшчэ ў савецкі час наша сям’я пераехала Расею. А калі выбухнуў Чарнобыль, бацька вярнуўся ў Беларусь, стаў працаваць у Гомелі ў Інстытуце радыялёгіі. Потым і нас перавёз з мамай і сястрой у горад над Сожам.
Сама я ня надта добра валодаю беларускай мовай, а дзецям наказваю, каб вучылі і мову, і гісторыю Беларусі. Мы ж грамадзяне гэтай краіны, і ніхто за нас вучыць і шанаваць нашу мову і гісторыю ня будзе. Радуюся, што чацьвёра маіх дзяцей вучацца ў Беларускай славянскай гімназіі імя Мележа.
— Як вы думаеце, чаму толькі лічаныя сямейныя пары, і асабліва ў горадзе, адважваюцца мець чацьвёра- пяцёра дзяцей?
— На мой погляд, людзей спыняе найперш матэрыяльнае становішча. Звычайная асьцярога: баяцца, што ня змогуць годна выгадаваць, абуць, накарміць дзяцей. А калі падрастуць, даць ім належную адукацыю. Усюды трэба нейкія ўнёскі рабіць — там заплаці, туды занясі. Там грошы сабралі, тут зьбіраюць. Баяцца сем’і апынуцца ў галечы. Гэта ў нас бацька такі, што сям’ю не пакіне без капейкі — прыдумае, заробіць. Інстытут радыялёгіі Аркадзь пакінуў, бо на заробак навуковага супрацоўніка сям’ю не забясьпечыш. Цяпер вось з напарнікам сваё малое прадпрыемства адкрылі. Пакуль людзі не адчуюць надзейнага тылу за сьпінаю, вялікіх сем’яў чакаць марна.
— У вас свой дом, кватэра?
— Жывём пакуль у двухпакаёўцы, дзе меншыя сыны ўхітраюцца нават у футбол пагуляць. Крэдыт ільготны пад адзін адсотак узялі як шматдзетная сям’я — дом будуем у Якубоўцы. Калі скончым, пакуль не загадваем. Складана ўсё.
— У вас, Аліна, нейкі свой рэцэпт маладосьці ды грацыі?Ці гэта гены, спадчыннасьць?
— Проста я сама выхоўваю сваіх дзяцей, хоць ёсьць бабкі, дзед. У юныя гады плаваньнем займалася. Не сядзела дома, калі дзесяць гадоў запар была ў дэкрэтным водпуску. І цяпер не сяджу. Муж на працы, а я вазок дзіцячы з трэцяга паверху зьнясу, потым Мілу на рукі — і ў паход. Каго ў школу, каго на сэкцыю ці ў гурток. А нядаўна Ўладу рыхтавала на конкурс «Маленькая гамяльчанка-2016», убор Чырвонай каралевы шылі, у арт-студыю хадзілі. І Ўлада перамагла, заваявала галоўную карону.
Цяпер вось усёй сям’ёй ходзім на заняткі ў драматычны тэатар, рыхтуемся да майго конкурсу. Для канкурсантак будзе ж ня толькі дэфіле, але й танец, выхад на сцэну зь дзецьмі. Патрэбны рэпэтыцыі, каб праявіць сябе ў розных іпастасях.
— У вас ёсьць нейкі свой ідэал ці кумір жаноцкасьці?
— Было ўжо, што мяне параўноўвалі з Анджэлінай Джолі, хоць я ня згодная. У яе ж шасьцёра дзяцей, а ў мяне толькі пяцёра. Да таго ж я лічу, што кожная жанчына — гэта асоба, індывідуальнасьць, і яна непаўторная.
Калі я нарадзіла Мілку, уся сям’я радавалася, а Ўлада нават плакала ад радасьці, што ў яе зьявілася сястрычка. Мне знаёмыя мае, сяброўкі кажуць, што, нарадзіўшы Мілку, я дасягнула вяршыні, піка ў сваёй жаноцкасьці. І гэта мяне таксама падштурхнула да ўдзелу ў конкурсе.
— А як муж ставіцца да вашых памкненьняў заваяваць карону «Місіс Гомель-2016»?
— Муж прывёз нас у тэатар. Няхай ён і адкажа.
Аркадзь: «У мяне найлепшая ў сьвеце жонка і дзеці. А пэрліны нельга хаваць — яны мусяць зіхацець».