Жыхарцы Сочы далі 7 гадоў, зьвінаваціўшы ў шпіянажы на карысьць Грузіі

Аксана Севасьцідзі

Адвакат Іван Паўлаў, які абараняе інтарэсы прызнанай вінаватай у шпіянажы жыхаркі Сочы Аксаны Севасьцідзі, настойвае на яе вызваленьні. Яна асуджаная на сем гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў дзяржаўнай здрадзе за тое, што летам 2008 году, незадоўга да вайны з Грузіяй, адправіла свайму знаёмаму СМС пра цягнік з расейскай ваеннай тэхнікай, які ішоў у бок Абхазіі.

Прысуд быў вынесены яшчэ ў сакавіку, але да гэтага часу пра яго не паведамлялася. Паводле праваабаронцаў, у краявым судзе Краснадару цяпер разглядаюцца яшчэ тры падобныя справы, якія вядзе адзін судзьдзя — Уладзімір Кобзеў. Аксана Севасьцідзі адбывае пакараньне ў калёніі № 3 Іванаўскай вобласьці.

У лістападзе 2014 года пры аналягічных абставінах была асуджаная жыхарка Сочы Кацярына Харэбава. Яе абвінавацілі ў шпіянажы і прысудзілі да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Абвінавачаньне заявіла, што яна перадала сакрэтныя зьвесткі вайсковаму прадстаўніку Грузіі. Абарона настойвае, што жанчына паслала СМС аб перамяшчэньні расійскай тэхнікі ў бок Абхазіі свайму прыяцелю і не зьяўляецца шпіёнам. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў Кацярыну Харэбаву палітзьняволенай.

Паводле дадзеных выданьня «Медуза», справы Севасьцідзі і Харэбавы разглядаў адзін і той жа судзьдзя — Уладзімір Кобзеў.

Пра справу Аксаны Севасьцідзі Радыё Свабода распавёў яе адвакат Іван Паўлаў.

— На самай справе, гаворка ідзе пра два СМС-паведамленьні, яны былі накіраваны яшчэ ў 2008 годзе. Адно было накіраванае ў красавіку, другое — у ліпені. Усё роўна гаворка ідзе пра падзеі, якія адбыліся да таго, як пачалася жнівеньская вайна, але гэта ніякім чынам не памяншае ступень абсурду самога абвінавачваньня. Кожнае з гэтых СМС-паведамленьняў складаецца з 60-70 знакаў. Як у гэтыя 60-70 знакаў можна ўкласьці зьвесткі, якія экспэрты Генэральнага штаба трактуюць як дзяржаўную таямніцу, незразумела. Акрамя таго, у нас, у адпаведнасьці з законам аб дзяржаўнай таямніцы, да такой адносяцца зьвесткі, якія абараняюцца. Тады як экспэрты маглі ацаніць сакрэтнасьць інфармацыі, якая бачная няўзброеным вокам? У нас вельмі вялікія пытаньні, і мы спадзяемся знайсьці адказы. Але для гэтага прыйдзецца правесьці апэляцыйнае паседжаньне Вярхоўнага суда Расейскай Фэдэрацыі.

— А як наогул высьветлілася, што Аксана адпраўляла гэтыя СМС-паведамленьні?

— Добрае пытаньне — як гэта высьветлілася. Хутчэй за ўсё, шляхам перахопу гэтых СМС. Чаму так шмат часу спатрэбілася на тое, каб прыйшла нейкая рэакцыя? СМС былі адпраўленыя ў 2008 годзе, а пачатак крымінальнай справы і арышт адбыліся толькі ў студзені 2015 года. На гэтыя пытаньні мы адкажам тады, калі азнаёмімся з матэрыяламі крымінальнай справы, і я спадзяюся, гэта будзе ў бліжэйшы час. На жаль, у Краснадары нам пакуль так і не змаглі даць доступ да матэрыялаў справы, але гэта было выклікана тэхнічнымі прычынамі. Спадзяемся, што ў найбліжэйшы час гэтыя прычыны будуць ліквідаваны, і нам нарэшце дадуць азнаёміцца з крымінальнай справай.