Дыспэтчар, зь віны якога сутыкнуліся два цягнікі ў Нямеччыне, у часе катастрофы гуляў на смартфоне

Сутыкненьне цягнікоў пад Бад-Айблінгам, 9.02.2016

У Нямеччыне вынесены прысуд дыспэтчару, зь віны якога адбылася катастрофа ў баварскім горадзе Бад-Айблінг непадалёку ад нямецка-аўстрыйскай мяжы. Саракагадовы чыгуначны службовец Міхаэль П. атрымаў тры з паловай гады турмы за занядбаньне службовых абавязкаў, у прыватнасьці — за тое, што гуляў у гульню Dragon Hunter 5 на сваім смартфоне ў працоўным часе.

Правілы службовага распарадку Deutsche Bahn катэгарычна забараняюць работнікам карыстацца смартфонамі падчас працы.

9 лютага за 40 км ад Мюнхэну сутыкнуліся два пасажырскія цягнікі Meridian. Абодва належалі прыватнай кампаніі, якая абслугоўвае трасу паміж Мюнхэнам і Зальцбургам. Загінулі 12 чалавек (у тым ліку чатыры кіроўцы), 89 чалавек пацярпелі. На шчасьце, з-за карнавалу і школьных канікул у цягніку не было дзяцей. Большасьць пасажыраў былі жыхарамі прадмесьцяў, якія ехалі ў гарады на працу.

Паводле сьледзтва, дыспэтчар пераключыў увагу з працы на гульню і няправільна перавёў стрэлкі на каляінах, накіраваўшы два цягнікі, якія ішлі насустрач адзін аднаму, на тую самую каляіну, ад чаго яны сутыкнуліся «лоб у лоб».

Дыспэтчар заўважыў памылку і яшчэ мог яе выправіць да сутыкненьня, патэлефанаваўшы машыністам. Але ён зь нейкай прычыны набраў памылковы нумар.

Пракурор настойваў на тым, што машыніст мусіць атрымаць як найменей 4,5 гады турмы (максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле складае ў Нямеччыне 5 гадоў), але абарона пераконвала, што дыспэтчар дзейнічаў у паніцы і заслугоўвае ня больш чым 2,5 гады зьняволеньня.