Апошнім часам адносіны паміж Кіевам і Менскам істотна ўскладніліся. Першым праблемным фактарам, які паўплываў на дыпляматычны клімат паміж дзьвюма краінамі, стала прыняцьце ў сярэдзіне мінулага месяца рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН «Сытуацыя з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль (Украіна)», у якой Расею прама называюць дзяржавай-акупантам. Беларусь на пасяджэньні Генасамблеі галасавала супраць гэтага дакумэнту.
Наступнай «кропкай напружаньня» стаў інцыдэнт з «Боінгам» беларускай кампаніі «Белавія», які ўкраінскі бок вярнуў у Кіеў ужо пасьля вылету, каб паўторна агледзець багаж аднаго з пасажыраў. Апошнім трывожным фактарам сталі пляны Расеі па перамяшчэньні вялікага вайсковага кантынгенту на тэрыторыю Беларусі і падрыхтоўка супольных стратэгічных вучэньняў «Захад-2017» у верасьні наступнага году.
Пра тое, як могуць разьвівацца ўкраінска-беларускія адносіны ў далейшым, мы пагутарылі зь беларускім аналітыкам, старшынём Назіральнай рады Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Юрыем Царыкам.
— Юры, не сакрэт, што адносіны паміж Кіевам і Менскам абвастрыліся пасьля галасаваньня Беларусі ў Трэцім камітэце Генасамблеі ААН па рэзалюцыі па Крыме. Пры гэтым раней беларускі лідэр казаў, што паважае тэрытарыяльную цэласьць Украіны...
— У гэтым выпадку мы павінны глядзець праўдзе ў вочы. У Беларусі не было і няма абавязаньняў перад Украінай галасаваць у ААН тым або іншым чынам. Больш за тое, у Беларусі афіцыйна існуе абавяньне на міжнародных пляцоўках каардынаваць пазыцыі і выступаць салідарна з Расеяй. У прыватнасьці, у нас прымаецца плян супольных дзеяньняў зьнешнепалітычных ведамстваў і іншыя падобныя дакумэнты. Я разумею, што гэта гучыць жорстка, але юрыдычна аналягічныя абавязаньні ў Беларусі адносна Ўкраіны могуць зьявіцца толькі ў тым выпадку, калі Ўкраіна ўступіць у Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Я ведаю, што гэта гучыць абсурдна, і такая сытуацыя можа нам усім не падабацца, але пакуль яна такая, і ўкраінскі бок выдатна пра гэта ведаў.
— Тым ня менш, існуюць абавязаньні, якія вынікаюць з таго, што Беларусь зьяўляецца незалежнай пляцоўкай для перамоваў у рамках расейска-ўкраінскага канфлікту.
— Так, у Беларусі, безумоўна, ёсьць пэўныя абавязаньні ў дачыненьні да Ўкраіны. Гэта, самае галоўнае, абавязаньні па неўчыненьні дзеяньняў, якія падрываюць бясьпеку, тэрытарыяльную цэласьць і сувэрэнітэт Украіны, а таксама па недапушчэньні выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі для ўчыненьня такіх дзеяньняў. І Аляксандар Лукашэнка неаднаразова адкрыта паўтараў гэта: Беларусь сама ніколі ня ўчыніць варожых дзеяньняў у дачыненьні да Ўкраіны, а таксама ніколі не дапусьціць выкарыстаньня сваёй тэрыторыі для ўчыненьня такіх дзеяньняў.
Калі спрасьціць, то гэта азначае, што мы ніколі не нападзем на Ўкраіну, не ўвядзем супраць яе санкцыі і іншыя рэпрэсіі, а таксама не дазволім трэцім краінам, уключаючы Расею, выкарыстоўваць нашу тэрыторыю супраць Украіны, не падтрымаем санкцыі і іншыя рэпрэсіі трэціх краін супраць Украіны. Так мы паводзім сябе зь першых дзён украінскага крызісу і будзем працягваць паводзіць сябе так і ў далейшым. Таму, а таксама з-за эканамічнай мэтазгоднасьці, ва Ўкраіну ідуць беларускія нафтапрадукты, прадукцыя вайсковага і двайнога прызначэньня, іншая прадукцыя, а з Украіны ў Беларусь — таксама шмат тавараў, якія мы з задавальненьнем купляем. Аналягічныя абавязаньні, дарэчы, Беларусь узяла на сябе і ў дачыненьні да іншых суседніх краін: Літвы, Латвіі, Польшчы — і гэтак сама выконвае іх.
— Але ў сувязі з новым вітком вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй гэтая сытуацыя можа парушыцца...
— Так, расейскі бок зрабіў чарговы даволі дзіўны крок, зьвязаны з плянаваньнем у аднабаковым парадку перамяшчэньня вялікай колькасьці войскаў на тэрыторыю нашай краіны. Гэта ў пэўным сэнсе паўтарае дзеяньні Масквы пры такім самым аднабаковым плянаваньні і «працісканьні» разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай авіябазы ў 2015 годзе. Здаецца, гэтым разам перамяшчэньне вялікіх мас войскаў будзе прапанавана ажыцьцявіць пад выглядам вучэньняў «Захад-2017». Аднак беларускі бок можа толькі здагадвацца аб плянах Масквы, паколькі ніякай афіцыйнай інфармацыі з гэтай нагоды нам не давалі. Гэтыя пляны ня ўзгодненыя зь беларускім бокам. І можна з упэўненасьцю сказаць, што ня будуць узгоднены беларускім бокам, бо яны несумяшчальныя зь міралюбнай зьнешняй і абароннай палітыкай Менску.
— Так што, магчымасьці нападу выключаць нельга?
— Тэарэтычна, вядома, так. Але важна разумець, што ва ўмовах, калі да ўлады ў краінах Захаду прыходзяць палітыкі, арыентаваныя на паляпшэньне адносін з Масквой, задачу ўсталяваньня поўнага вайскова-палітычнага кантролю над Беларусьсю расейскаму боку больш выгодна вырашыць на легітымнай аснове. Гэта значыць, гэта будзе зроблена або са згоды беларускага боку, або з добрапрыстойнай прычыны, напрыклад, у рамках выкананьня саюзьніцкіх абавязаньняў. Але для гэтага ў Беларусі мусіць пачацца вялікі ўнутраны канфлікт, зь якім сам Менск ня зможа справіцца. Гэтага, на маю думку, ня будзе. Або на Беларусь павінны напасьці краіны НАТО ці Ўкраіны, чаго, як мы ўсе разумеем, таксама ня будзе. Значыць, зручнай прычыны для аднабаковых дзеяньняў у Масквы ня знойдзецца.
Акрамя таго, беларускія ўзброеныя сілы гатовыя да супрацьдзеяньня агрэсіі зь любога кірунку, уключаючы расейскі. І ці ёсьць падставы меркаваць, што сутыкненьне зь імі будзе «лёгкай прагулкай» нават для такога магутнага ў вайсковых адносінах субʼекта, як расейская армія. Таму мне здаецца, што прамы напад трэба ўсё ж такі адкінуць. Крыніца пагроз — гэта, у першую чаргу, унутраныя канфлікты, якія могуць быць выкарыстаны Масквой для навязваньня беларускаму кіраўніцтву «саюзьніцкай дапамогі». У гэтым сэнсе нельга выключаць і такія сцэнары, як той, што быў раскрыты ў Чарнагорыі.
— Як, на вашу думку, у далейшым будуць разьвівацца беларуска-ўкраінскія адносіны?
— Беларуска-ўкраінскія адносіны маюць стратэгічны характар. І я чакаю, што разуменьне гэтага стратэгічнага характару дазволіць нам пераадолець усе часовыя цяжкасьці, тым больш, што рэальных, а ня выдуманых, супярэчнасьцяў паміж нашымі краінамі практычна няма. А ўзаемныя інтарэсы пры гэтым — вялізныя. Дастаткова толькі сказаць, што Беларусь і Ўкраіна цяпер прапрацоўваюць пытаньне аб пастаўках нафты на беларускія НПЗ з альтэрнатыўных расейскім крыніц (хутчэй за ўсё, з Азэрбайджану). Але ёсьць і мноства іншых пэрспэктыўных праектаў.
Галоўныя рызыкі ў нашых адносінах зьвязаныя з унутранай палітыкай кожнай з нашых краін. Вельмі важна, каб і Беларусь, і Ўкраіна забясьпечылі стабільнасьць і пераемнасьць сваёй зьнешняй палітыкі, для чаго, зразумела, неабходныя пасьпяховыя дзеяньні па захаваньні стабільнасьці і недапушчэньні ўнутраных канфліктаў.
Юры Царык — старшыня Назіральнай рады Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў, лічыцца ляяльным да беларускіх уладаў аналітыкам. Ён ня раз пісаў пра расейскую пагрозу, пра сцэнары ўмяшаньня РФ ва ўнутраныя справы Беларусі.