Карта паляка і нацыянальны інтарэс. Пусьцілі ў «Кінавідэапракат»

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са Станіславам Карчэўскім

Асноўнае пра падзеі 5 сьнежня з сайту Свабоды.

Добры вечар! Сытыя гады ўжо за намі – асьцерагаюць нашы экспэрты. Усё больш прыходзіць усьведамленьне, што крызыс у Беларусі — гэта надоўга, можа назаўжды. Ну дык з крызысам усіх, сябры!

ДАЛІКАТНАЯ ТЭМА. На сустрэчы з польскай дэлегацыяй на чале з маршалкам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясьніковіч выказаў сумневы наконт карты паляка. «Такая палітыка стымулюе эміграцыю моладзі, высокакваліфікаваных спэцыялістаў зь Беларусі ў Польшчу, а гэта не павінна наносіць шкоду інтарэсам маёй краіны» – заявіў Мясьніковіч.

СЕВЯРЫНЕЦ УБАЧЫЎ ПОЛЬСКУЮ «ЗДРАДУ». Сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец лічыць, што сустрэчы Станіслава Карчэўскага са старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічамі старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам – гэта «здрада ідэалам дэмакратыі».

ЯКАЯ РОЗЬНІЦА? Аляксандр Косінец і Канстанцін Мартынецкі вызваленыя ад пасадаў кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта «ў сувязі зь пераходам на іншую працу».

ДАСЛУЖЫЎСЯ. «Кінавідэапракат» Менгарвыканкаму узначаліў былы першы сакратар менскага гаркаму БРСМ Юры Чачукевіч. Да прызначэньня 34-гадовы Чачукевіч ня меў досьведу ў кінапракаце. У інтэрвію «Вячэрняму Мінску» ён некалі казаў, што хацеў бы ўзначаліць футбольны клюб.

Падпісацца праз электронную пошту.