Міністэрства інфармацыі абнавіла рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, забароненых у Беларусі.
У сьпіс трапіў шэраг кніг менскага выдавецтва «Праваслаўная ініцыятыва»: «Няма кепскіх народаў», «Хто мы: хрысьціяне ці юдэі», «Прысуд тым, хто забівае Расею» і «Праваслаўным аб праваслаўі: Папулярнае багаслоўе, альбо Багаслоўе для чайнікаў».
Таксама забароненымі сталі кнігі расейскага выдавецтва «Алгоритм»: «Расейскі супраціў», «Іга юдэйскае», «Габрэйская рэвалюцыя», «Дасьледаваньне Галакосту», кнігі сэрыі «Змова супраць Расеі».
У сьпіс забароненых трапілі і ісламскія выданьні «Асновы веры ў сьвеце Карану і Суны», «На шляху да Карану», «Парушэньне адзінабожжа» і іншыя.
Першым пунктам у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо даўно ідуць дыскі зь фільмам «Урок беларускай мовы» і відэазапіс канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю» 2006 году, таксама ў сьпісе нароўні з «Майн Кампф» ідуць альбом «Прэс-фота Беларусі 2011» і суполкі анархістаў «УКантакце» пад назвай «Пошуг», відэа скокаў пад крыкі «Хто ня скача — той маскаль» на Дні Волі-2015.