Суд у Петрапаўлаўску ў Казахстане прысудзіў жыхара Паўночна-Казахстанскай вобласьці да пяці з паловай гадоў турмы «за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці ў сацыяльных сетках і заклікі далучыцца да Расеі».
Паводле матэрыялаў сьледзтва, у пэрыяд ад 1 верасьня 2014 да 20 траўня 2015 пры зносінах з карыстальнікамі сацыяльнай сеткі «Укантакце» Ігар Чупрына апублікаваў у сваёй стужцы камэнтары, «якія выклікалі нэгатыўную рэакцыю ў карыстальнікаў і сацыяльную напружанасьць» і «сталі крыніцай ўзьнікненьня зьвестак, якія маюць прыкметы нацыянальнай нецярпімасьці».
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.
У дачыненьні да іншых карыстальнікаў сацсеткі, якія ўдзельнічалі ў дыялёгу, як паведамляе прэс-служба суду, вядзецца дасудовае расьсьледаваньне.