Бокс, футбол і хакей. У Менску бясплатна пакажуць скандынаўскія фільмы пра спорт

Праграмная дырэктарка «Паўночнага зьзяньня», прадусарка Вольга Чайкоўская

15-17 сьнежня ў межах фэстывалю паўночнаэўрапейскага кіно «Паўночнае зьзяньне» ў менскім кінатэатры «Мір» пройдуць паказы трох дакумэнтальных кінастужак, аб’яднаных тэмай спорту.

У кожным з трох фільмаў будзе гісторыя пра бокс, футбол і хакей. Праграма называецца «Northern Light Sport Doc».

Праграмная дырэктарка «Паўночнага зьзяньня», прадусарка Вольга Чайкоўская расказала Свабодзе, чаму гэтыя стужкі варта паглядзець нават тым, хто не цікавіцца спортам.

— Фэстываль «Паўночнае зьзяньне» прайшоў ужо два разы. Заплянавалі праграму на наступны год. Чаму вырашылі зрабіць яшчэ дадатковы паказ, выбраўшы дакумэнтальныя фільмы?

— Усё правільна. Наступны, трэці раз фэстываль «Паўночнае зьзяньне» пройдзе 20-23 красавіка. Але фэстываль цягнецца толькі чатыры дні, і ў іх вельмі цяжка зьмясьціць усе актыўнасьці, якая хацелася б. Таму прыйшла ідэя пашыраць фэстываль. Так зьявіўся і разьвіваецца адукацыйны складнік «Паўночнага зьзяньня» — гэта воркшопы і лекцыі. У канцы кастрычніка сумесна з Акадэміяй мастацтваў прайшоў вучэбны пітчынг (з ангельскага pitching «выстаўленьне на продаж». — Р.С.), у якім узялі ўдзел прадстаўнікі кінаіндустрыі з Даніі і Латвіі. Цяпер у сьнежні ладзім дакумэнтальную праграму «Northern Light Sport Doc». Мэта — паказаць стужкі, якія не зьмясьціліся ў фэстывальную праграму, і пашырыць кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне» да дакумэнтальных фільмаў. Да гэтага часу пераважная большасьць таго, што паказвалі, — гэта ігравыя стужкі. Паглядзім, як адрэагуе аўдыторыя на дакумэнтальныя фільмы. Увогуле, у сьвеце цяпер цікавасьць да кінадакумэнталістыкі расьце. Мы хочам спрыяць гэтаму ў Беларусі.

— Чым асаблівыя фільмы, якія пакажаце ў межах праграмы «Northern Light Sport Doc»?

— Пачынаем стужкай фінскай рэжысэркі Ніні Ракасы «Тата любіць цябе». Гэта шчырае кіно пра вядомага фінскага баксэра Юсі Койвула, пра пераадольваньне жыцьцёвых складанасьцяў і ўнутраных перажываньняў. Гэты чалавек перамог наркатычную залежнасьць, знайшоўшы ратунак у спорце, і стаў папулярным спартоўцам. Першага сьнежня, дарэчы, Юсі прыяжджаў у Менск, даў майстар-кляс маладым баксэрам у адной са спартовых школаў Менску. Паказ адбудзецца 15 сьнежня.

«Тата любіць цябе»

Юссі Койвула - герой дакумэнтальнай стужкі "Тата любіць цябе" / Daddy Loves You

Другі фільм называецца «Унутры вулькану», зьняў яго ісьляндзкі рэжысэр Сайвар Гудмундсан. Я пабачыла гэтую стужку на фэстывалі Norsisk Panorama ў швэдзкім горадзе Мальмэ, і адразу зразумела, што яго трэба паказаць у Менску. Фільм пра ісьляндзкую футбольную зборную, а ў нас жа шмат футбольных заўзятараў, у нас БАТЭ, «Крумкачы». Да таго ж вельмі шмат беларусаў падчас Эўра-2016 заўзелі за ісьляндцаў, відаць, параўноўваючы іх зь беларусамі. Стужка «Унутры вулькану» пра тое, як атрымалася, што ісьляндцы вельмі пасьпяхова выступілі на эўрапейскім чэмпіянаце. Запрашаю паглядзець гэты фільм 16 сьнежня.

«Унутры вулькану»

Завершыць праграму фільм швэдзкіх рэжысэраў Карын аф Клiнтберг і Андэрса Хельгесана «Мілыя людзі». Там вядзецца пра самалійскіх уцекачоў у Швэцыі, якія вырашылі навучыцца гуляць у хакей і паехаць на спаборніцтва ў Расею прадстаўляць Самалі. Гэты фільм вельмі сьмешны, ён поўніцца камічнымі і забаўнымі момантамі, якія ўзьнікаюць пры сутыкненьні дзьвюх розных культур. І ўвогуле, калі самалійцы, якія і сьнегу ніколі раней ня бачылі, вырашаюць гуляць у хакей, непазьбежна будуць забаўныя сытуацыі. Прыходзьце глядзець 17 сьнежня.

«Мілыя людзі»

— Падчас другога фэстывалю вясной 2016 году ўсе фільмы ішлі з субтытрамі на беларускай мове. Як будуць перакладзеныя гэтыя тры фільмы?

— «Тата любіць цябе» будзе з субтытрамі на расейскай мове, астатнія два — на беларускай. Адзін фільм не ўдалося перакласьці на беларускую мову з прычыны бюджэту і некаторых тэхнічных момантаў. Як бы гэта банальна ні гучала, але часам ёсьць неабходнасьць эканоміць.

— Як трапіць на прагляд фільмаў?

— Уваход будзе бясплатным, квіткі можна атрымаць тут. Бясплатна, бо ў пэўнай ступені гэта экспэрымэнт. Трэба праверыць, ці будзе гэта цікава гледачам. Пакуль ёсьць адчуваньне, што ў Беларусі людзі яшчэ не гатовыя плаціць за дакумэнтальнае кіно. Зь іншага боку, фэстываль «Паўночнае зьзяньне» ўжо займеў пэўную аўдыторыю, і мы будзем рады паказаць нашым пастаянным гледачам нешта новае — дакумэнтальныя фільмы.

— Воля, сёлета ты стварыла прадусарскую кампанію Volia Films, фільмы якой ужо паўдзельнічалі ў прэстыжных эўрапейскіх фэстывалях. Твая дзейнасьць у межах прадусарскай кампаніі зьвязаная з дакумэнталістыкай?

— Я працую як незалежны прадусар пад брэндам Volia Films. У межах гэтай кампаніі я займаюся прадусаваньнем дакумэнтальнага кіно. Я гляджу вельмі шмат стужак, шмат вандрую з мэтай паглядзець, як дакумэнтальныя фільмы ствараюцца ў іншых краінах, таксама як адбываюцца пітчынгі і фэстывалі дакумэнтальных фільмаў. Цяпер я працую зь дзьвюма стужкамі — гэта фільм «Дарога», створаны як мантаж з запісаў відэарэгістратараў, і «Тэст-730» — яго прэм’ера адбылася на апошнім «Лістападзе». Зусім нядаўна на кінафэсьце IDFA, які ладзіцца ў Амстэрдаме, адбылася сусьветная прэм’ера «Дарогі». Нас і яшчэ 7 фільмаў адабралі сярод 4000 ахвотных. Гэтымі днямі «Дарога» ўдзельнічае ў расейскім фэстывалі ArtDocFest.