The Independent: Жыхары балтыйскіх краінаў рыхтуюцца да «расейскага ўварваньня»

У Літве, Латвіі і Эстоніі расьце страх, што Масква, паказаўшы сваю ваенную моц у Грузіі, Украіне і Сырыі, можа абраць наступным аб’ектам нападу краіны Балтыі. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін папярэдзіў, што ня будзе вагацца, калі спатрэбіцца абараняць расейцаў, дзе б яны ні жылі.

Невядома, наколькі рэальныя гэтыя пагрозы, але ў Літве некаторыя грамадзяне вырашылі не чакаць, піша The Independent. Маладыя літоўцы ствараюць нядзельныя школы навучаньня тактыцы партызанскай вайны, а ўлады выдалі спэцыяльныя дапаможнікі, дзе расказваецца, як падрыхтавацца да патэнцыйнай агрэсіі.

Пачуцьцё неабароненасьці ва Ўсходняй Эўропе вырасла ў сувязі з адчуваньнем, што цяперашні міжнародны парадак, які прынёс мір і эканамічны рост пасьля распаду СССР, пачынае разбурацца. Новаабраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які заявіў, што не зьбіраецца аўтаматычна абараняць краіны Балтыі, падкрэсьліў гэтыя зьмены.

Усходнеэўрапейскія страхі падаграваюцца яшчэ і тым, што Масква ўзмацніла сваю вайсковую прысутнасьць у Калінінградзкай вобласьці, якая мяжуе з краінамі НАТО — Польшчай і Літвой.

Найлепшы спосаб прадухіліць вайну — гэта «прадэманстраваць агрэсару, што мы гатовыя змагацца за сваю свабоду, за кожны сантымэтар нашай зямлі».

Адказваючы на занепакоенасьць грамадзянаў, Міністэрства абароны Літвы выдала дапаможнік з інфармацыяй па спосабах выжываньня ва ўмовах замежнай агрэсіі.

Найлепшы спосаб прадухіліць вайну — гэта «прадэманстраваць агрэсару, што мы гатовыя змагацца за сваю свабоду, за кожны сантымэтар нашай зямлі», — сказаў у інтэрвію агенцтву Associated Press міністар абароны Літвы Юозас Олекас.

Летась Літва аднавіла армейскі прызыў, аднак за гэты час выявілася столькі добраахвотнікаў, што фактычна патрэба ў прызыве адпала. Разам з тым у краіне ўзьнікаюць арганізацыі, якія займаюцца вайсковай падрыхтоўкай ахвочых.

Адзін з заснавальнікаў арганізацыі «Defence Projects» Жыльвінас Пастарнокас кажа: «Мы маем мяжу ня толькі з Расеяй, але і зь Беларусьсю, таму мы мусім быць гатовыя, што „зялёныя чалавечкі“ могуць зьявіцца з розных бакоў, і нават знутры краіны».

Кіраўнік гэтай арганізацыі, якая праводзіць курсы партызанскай барацьбы ў лясах пад Вільняй, Рымвідас Матузоніс лічыць, што воля да супраціву натуральна ўласьцівая для народу, які перажыў у мінуласьці расейскую акупацыю. Партызанская вайна ў Літве працягвалася яшчэ доўга пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны.