Чаму дзяржаўныя мэдыі больш не паказваюць Колю Лукашэнку ў замежных паездках ягонага бацькі?
Удзельнічаюць: Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.
Глод: Пра тое, што разам з Аляксандрам Лукашэнкам падчас ягонага візыту ў Азэрбайджан быў і малодшы прэзыдэнцкі сын Коля, беларусы даведаліся толькі з замежных мэдыяў. Афіцыйны Баку распаўсюдзіў здымак, на якім выразна відаць чацьвёра чалавек. Двое зь іх — прэзыдэнт Ільхам Аліеў са сваёй жонкай Мэхрыбан. Дарэчы, за прыгажосьць яе шмат хто ў Азэрбайджане называе Шахэрэзадай. А побач з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам беларускай Шахэрэзады няма. Побач — Коля Лукашэнка.
Беларускае тэлебачаньне, якое, як заўжды, шырока асьвятляла візыт кіраўніка дзяржавы, Колю з Азэрбайджану не паказала. Пра тое, што перад гэтым хлопчык езьдзіў разам з бацькам у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, таксама нідзе ня згадвалася. Ён мільгануў на кадрах тэлеканалу АНТ толькі ў апошні дзень візыту — калі прынц Абу-Дабі праводзіў кіраўніка Беларусі ў аэрапорт.
Назіральнікі заўважылі, што малодшы сын кіраўніка Беларусі апошнім часам зусім ня бачны падчас замежных паездак бацькі і нават афіцыйных спатканьняў, якія Аляксандар Лукашэнка праводзіць у Беларусі.
Хлопца не было побач з бацькам ні падчас травеньскага візыту ў Казахстан і Ўзбэкістан, ні падчас Усебеларускага народнага сходу, ні на фінале конкурсу «Міс Беларусь — 2016», ні нават падчас адзначэньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці, дзе Коля раней, традыцыйна ў вайсковай форме, прымаў парад на трыбуне разам з галоўнакамандуючым.
На самым пачатку прысутнасьць Колі на экранах успрымалася бальшынёй беларусаў найперш са зьдзіўленьнем. Але ішоў час, і стаўленьне да гэтага, як я думаю, пачало мяняцца.
Акрамя сустрэчы кіраўніка дзяржавы з амэрыканскім акторам Стывэнам Сыгалам, Лукашэнка-малодшы амаль ані разу за ўсё лета не зьявіўся ў абʼектывах тэле- ды фотакамэраў. Гэта стала настолькі заўважным, што прэсавы сакратар кіраўніка беларускай дзяржавы Натальля Эйсмант вымушаная была тлумачыць: «Мікалай — школьнік, а не мэдыйная пэрсона».
Дарэчы, пра вучобу. Візыт кіраўніка Беларусі ў Катар і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты супаў з канікуламі (ці, магчыма, спэцыяльна быў да іх прымеркаваны), таму Коля Лукашэнка заняткаў не прапусьціў. Чаго ня скажаш пра паездку ў Азэрбайджан.
Дык чаму ўсё ж Коля Лукашэнка зьнікае з экранаў беларускіх тэлеканалаў? Мне падаецца, на самым пачатку ягоная прысутнасьць на экранах успрымалася бальшынёй беларусаў найперш са зьдзіўленьнем. Такога яны раней ня бачылі нідзе: ні ў Расеі, ні ва Ўкраіне, ні ў Польшчы... Да таго ж, калі ўсё толькі пачыналася, Коля быў маленькі. І бацьку шмат хто разумеў: дзе маці — невядома, ну дык няхай пры бацьку будзе.
Але ішоў час, і стаўленьне да гэтага, як я думаю, пачало мяняцца. Фінансавыя складанасьці, страта працоўных месцаў, высокія цэны... Усё гэта выклікае раздражненьне ў людзей. Маўляў, хай бы той Лукашэнка меней езьдзіў па сьвеце, а болей займаўся рэальнай эканомікай. Да гэтага дадаецца і неразуменьне: а навошта ён увесь час возіць за сабой сынка? А той яшчэ і ўрокі прагульвае. Звычайнага вучня за гэта б ужо моцна пакаралі. А прэзыдэнцкаму сынку ўсё можна. Дый хлопчык ужо падрос, няма чаго яго за сабой усюды цягаць. Адсюль і папрокі на адрас бацькі, які страціў пачуцьцё меры.
Зразумела, што адпаведныя службы ведаюць пра такія настроі ў грамадзтве. Думаю, менавіта з гэтай прычыны найперш Коля Лукашэнка і зьнік з тэлевізійных экранаў.
Карбалевіч: Ня толькі падчас міжнародных візытаў, але і падчас працоўных паездак па Беларусі, увогуле афіцыйных мерапрыемстваў Колю больш не паказваюць. Толькі на мерапрыемствах, якія можна разглядаць як адпачынак, Коля зьяўляецца ў афіцыйных мэдыях.
Я згодзен з сп. Глодам, што Лукашэнка, мусіць, лічыцца з грамадзкай думкай. Ад самага пачатку зьяўленьня Колі ў публічнай прасторы, асабліва падчас працоўных мерапрыемстваў прэзыдэнта, насельніцтва ўспрыняла гэта адмоўна. Па-першае, такая традыцыя склалася ў краіне, што чальцы сям’і кіраўніка не павінны быць на віду. Можна ўзгадаць, як нэгатыўна ўспрынялі савецкія людзі вялікую прысутнасьць у публічнай прасторы жонкі кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова Раісы Максімаўны. Гэты чыньнік быў сярод тых, якія панізілі аўтарытэт апошняга генсека КПСС. Так і цяпер — зьяўленьне Колі на экране раздражняла людзей.
Лукашэнка ведае пра нэгатыўнае стаўленьне насельніцтва да таго факту, што першая асоба краіны кіруе дзяржавай зь дзіцем на руках.
Да таго ж сытуацыя даходзіла да абсурду, калі Коля прысутнічаў на афіцыйных перамовах Лукашэнкі з замежнымі лідэрамі, яго віталі падчас афіцыйных візытаў як афіцыйную асобу. Ён сядзеў сярод беларускай дэлегацыі падчас паседжаньня ў ААН. Прымаў парад, даклады вайскоўцаў у вайсковай форме. То бок гэта быў статус насьледнага прынца ў манархічных краінах.
Лукашэнка ведае пра нэгатыўнае стаўленьне насельніцтва да таго факту, што першая асоба краіны кіруе дзяржавай зь дзіцем на руках. Некалькі разоў ён спрабаваў апраўдацца, тлумачыў, што сын прывык да яго і ён ня можа яго пакінуць, бо нанясе дзіцяці псыхалягічную траўму. І пакуль сытуацыя ў краіне была больш-менш нармальная, то Лукашэнка разважаў: нічога, пацерпіце мае капрызы.
Але калі сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў краіне стала дрэннаю, то кіраўнік дзяржавы вырашыў прыбраць гэты дадатковы раздражняльнік. Пагатоў сын у такім узросьце, што тлумачыць грамадзкасьці ягонае знаходжаньне разам з бацькам нейкімі дзіцячымі капрызамі не выпадае.
Цыганкоў: У гэтай тэме мы вымушаныя пераходзіць да асабістых ацэнак характару і абставінаў жыцьця Аляксандра Лукашэнкі. Мікалай Лукашэнка, магчыма, у жыцьці кіраўніка Беларусі — адзіны чалавек, зь якім яму хочацца быць побач даволі доўгі час, і ня толькі па працы. Выглядае, што зь іншымі сынамі ў Аляксандра Лукашэнкі няма такой душэўнай блізкасьці, яны жывуць сваімі сем’ямі, у іх саміх дзеці. І нават ускосным доказам такога стаўленьня можна лічыць — магчыма, няправільна ўжытае — слова, калі Аляксандар Лукашэнка назваў свайго сына Віктара «чарнамазым» на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі. Неяк цяжка ўявіць, што ў гэтым не прарвалася незадаволенасьць у адносінах паміж імі, якая раней стрымлівалася.
Магчыма, Мікалай уступіў у падлеткавы ўзрост, калі чалавек пачынае станавіцца дарослай асобай і ў яго ўзьнікаюць свае патрабаваньні і прэтэнзіі да дарослых. І тады якраз у гэтым прычына таго, што ён ня так часта зьяўляецца ў беларускіх СМІ.
Нічога такога няма ў адносінах да Колі. Пакуль Мікалай яшчэ дзіцё і не ўступіў у падлеткавы ўзрост, калі чалавек пачынае станавіцца дарослай асобай і ў яго ўзьнікаюць свае патрабаваньні і прэтэнзіі да дарослых. Магчыма, гэта ўжо адбываецца, і тады якраз у гэтым прычына таго, што Мікалай ня так часта зьяўляецца ў беларускіх СМІ. А калі дакладней, — пагаджуся з калегамі, — ёсьць загад не паказваць яго.
Пагаджуся з высновамі пра сацыяльна-палітычны фон. Аляксандар Лукашэнка, трэба прызнаць, улічвае грамадзкі настрой, магчыма, і ў гэтым пытаньні. Магчыма, проста ў яго ёсьць адчуваньне, што частае зьяўленьне Колі на экране як мінімум раздражняе людзей, становіцца прадметам шматлікіх анэкдотаў і няёмкіх сытуацыяў.
Ва ўсялякім разе, пэўны час, сапраўды, асоба Мікалая ня будзе назаляць беларускім тэлегледачам.