Новае дыханьне Балта-Чарнаморскай ініцыятывы: далучыліся былыя кіраўнікі краін рэгіёну і прадстаўнік Расеі

Your browser doesn’t support HTML5

Ва Ўкраіне ад пачатку анэксіі Расеяй Крыму і ваенных дзеяньняў на Данбасе ідэя стварэньня Балта-Чарнаморскага Саюзу становіцца ўсё больш папулярнай. За апошнія два гады гэты працэс намагаліся ажывіць і ўзначаліць Украінская рэспубліканская партыя, Кангрэс украінскіх нацыяналістаў і нават кіраўнік добраахвотніцкага батальёну «Азоў» Андрэй Білецкі. Менавіта дзякуючы ім за мінулыя два гады ва Ўкраіне створаныя ўжо пяць асобных аналягічных арганізацый, але з адной мэтай — аб’яднаць краіны, што знаходзяцца ў поясе Расеі ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Днямі гэтая ідэя здабыла новы зьмест і новых ініцыятараў. У адрозьненьне ад усіх папярэдніх плятформаў, да цяперашняй далучыліся былыя кіраўнікі краін Балта-Чарнаморскага рэгіёну — Станіслаў Шушкевіч (старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі (1991-1994), Лех Валэнса (прэзыдэнт Польшчы (1990-1995), Валдзіс Затлерс (прэзыдэнт Латвіі (2007-2011), Леанід Краўчук (прэзыдэнт Украіны (1991-1994), Леанід Кучма (прэзыдэнт Украіны (1994-2004), Вітаўтас Ландзбергіс (старшыня Сэйму Літвы (1992 г., 1996-2000), Пётр Лучынскі (прэзыдэнт Малдовы (1996-2001), Арнольд Руйтэль (прэзыдэнт Эстоніі (2001-2006), Віктар Юшчанка (прэзыдэнт Украіны (2005-2010) і прадстаўнік Расеі Генадзь Бурбуліс (дзяржсакратар Расеі (1991-1992). Усе гэтыя палітыкі ўвайшлі ў склад рады старэйшын новай Балта-Чарнаморскай ініцыятывы.

Удзельнікі новай плятформы аб’ядноўваюцца перад галоўнымі пагрозамі — імпэрскія амбіцыі Расеі і недахоп камунікацыі паміж краінамі рэгіёну. Чым новая арганізацыя будзе адрозьнівацца ад сваіх папярэдніц і якая мэта такога аб’яднаньня былых кіраўнікоў краін рэгіёну, Радыё Свабода запытала ініцыятарку працэсу, кіраўніцу новастворанага Міжнароднага цэнтру балтыйска-чарнаморскіх дасьледаваньняў і кансэнсусных практык Ірыну Верашчук.

Ірына Верашчук

— Першае і галоўнае адрозьненьне, якое ўжо задэкляраванае, — прысутнасьць прадстаўніка ад Расейскай Фэдэрацыі. Гэта адважны крок, які мы старанна прадумалі, узважылі і прааналізавалі, бо ўсе папярэднія канцэпцыі Міжмор’я або Балта-Чарнаморскага Саюзу не прадугледжвалі партнэрства або любога дыялёгу зь дзяржавай, якую ўвесь час лічылі ворагам. Усё было накіравана на тое, каб стварыць вайсковы блёк, які дазволіў бы абʼяднаць намаганьні ў барацьбе са шматгадовай агрэсіўнай палітыкай Расейскай Фэдэрацыі. Але ўсе папярэднія ініцыятывы ня сталі прадуктыўнымі ды не атрымалі якаснага вымярэньня.

Мы ўзялі на сябе адказнасьць і паспрабавалі выпрацаваць агульныя пазыцыі не супраць кагосьці, а за мір, за абʼяднаньне, за супрацоўніцтва.

Мы, прааналізаваўшы ўсю гісторыю стварэньня такіх балта-чарнаморскіх саюзаў, зразумелі, што нельга рухацца ў гэтай жа траекторыі і парадыгме, бо выклікі сёньня надзвычай вялікія — мы перакананыя, што вайна, якая можа поўнамаштабна пачацца ў любы момант, можа закрануць ня толькі Ўкраіну. Так, сёньня пакутуе Ўкраіна, але заўтра гэта можа быць і Польшча, і іншыя краіны, а Эўрапейскі Зьвяз і НАТО ня могуць забясьпечыць і даць гарантыю такім, напрыклад, краінам, як Латвія ці Літва, у тым, што заўтра яны ня будуць анэксаваныя або акупаваныя. Таму мы ўзялі на сябе адказнасьць і паспрабавалі выпрацаваць агульныя пазыцыі не супраць кагосьці, а за мір, за абʼяднаньне, за супрацоўніцтва. Гэта будзе плятформа, на якой можна будзе хоць бы выслухаць меркаваньне гэтага боку. І гэта, я лічу, будзе эфэктыўным. У нас ёсьць плян дзеяньняў, і мы будзем прапаноўваць і дзяржавам Эўрапейскага Зьвязу, і ЗША, пляны выхаду з глябальнага крызысу, які на сёньня склаўся.

— Палітыкі, якія ў 90-ых гадах прасоўвалі гэтую ідэю на постсавецкай прасторы, могуць зараз запярэчыць прысутнасьці расейскага прадстаўніка...

— Адзін з нашых старэйшын прэзыдэнт Леанід Краўчук заўсёды казаў, што бясьпека для суседзяў — бясьпека для нас, і яшчэ тады падымаў гэтае пытаньне. Тое ж можна сказаць і пра Леаніда Кучму, і пра Віктара Юшчанку, якія падчас свайго прэзыдэнцтва падкрэсьлівалі важнасьць абʼяднаньня дзяржаў Усходняй Эўропы — Грузіі, Малдовы, Беларусі, Украіны. Згадайце хаця б такое інтэграцыйнае ўтварэньне як ГУАМ. Гэтыя людзі зрабілі ўсё, каб ня здарылася канфліктаў, якіх хапала і тады яшчэ. Крызысы былі заўсёды і розныя. А менавіта выключнасьць сёньняшняй сытуацыі, якая на мяжы балянсаваньня паміж вайной і мірам, то бок поўнамаштабнай вайной на кантынэнце, прымушае сабрацца, прааналізаваць памылкі, якія былі зьдзейсьненыя тымі прэзыдэнтамі ў мірны час, калі не сьвісьцелі кулі і ня гінулі людзі штодня, і прапанаваць новыя падыходы сьвету, у тым ліку і ЗША, якія таксама шукаюць форму ўзаемаадносін з Усходняй Эўропай.

Выключнасьць сёньняшняй сытуацыі, якая на мяжы балянсаваньня паміж вайной і мірам, прымушае сабрацца, прааналізаваць памылкі, якія былі зьдзейсьненыя ў мірны час і прапанаваць новыя падыходы.

Мы ж бачым, што Эўропа ня ёсьць маналітнай і адзінадушнай — так, ёсьць санкцыі, але ня факт, што яны будуць падоўжаныя, то бок на геапалітычнай пляцоўцы ёсьць гульцы, якія думаюць па-рознаму. І нам трэба прадбачыць і фармаваць палітыку, а не заставацца абʼектам палітычных гульняў. Вось мы і хочам паспрабаваць прапанаваць праграмы і ідэі. Ужо, напрыклад, прэзыдэнт Парашэнка падтрымаў нашу ініцыятыву, прывітаў яе. Зараз мы выходзім на міжпарлямэнцкія слуханьні, і на наступным тыдні ўжо будзе сфарміравана рабочая група менавіта па гэтым пытаньні. Нашая ініцыятыва была ўспрынятая вельмі добра, і ўлада нас пачула.

— А што будзеце рабіць, каб вас пачулі афіцыйныя ўлады іншых краін рэгіёну, напрыклад, Беларусі?

— Заўсёды ёсьць нейкія падводныя плыні і камяні. Але, тым ня менш, мы спадзяемся, што ўлады Беларусі вывучаць пытаньне і прааналізуюць сытуацыю і нашы дакумэнты. Мы гатовыя да супрацоўніцтва з уладнымі інстытутамі і вельмі спадзяемся, што ўлады Рэспублікі Беларусь будуць адкрытымі гэтак жа, як наша ўлада, і зразумеюць усю важнасьць пытаньня. Усе ж бачаць, што менскі працэс (па разьвязаньні сытуацыі на Данбасе — РС) замаруджваецца. Зроблена вялікая праца, але яна аказваецца беспэрспэктыўнаю. Гэта значыць, трэба шукаць новыя формы, і я думаю, мы прапануем Рэспубліцы Беларусь зь яе палітычным істэблішмэнтам новыя формы ўзаемадзеяньня. Нам трэба сумесна шукаць выйсьце з крызысаў без эмоцыяў. Гэта наша асноўная прынцыповая ідэя — без эмоцыяў, бяз крыўд, без усялякай нянавісьці, пакінуўшы гістарычныя праблемы ў мінулым і гледзячы ў будучыню.

Мы вельмі спадзяемся, што ўлады Рэспублікі Беларусь будуць адкрытымі гэтак жа, як наша ўлада.

— Гэта будзе нейкі афіцыйны зварот да ўладаў краін рэгіёну?

— Так, мы накіруем наш праект звароту ўсім краінам, якія ўваходзяць у наш альянс.

— Якія менавіта дакумэнты вы распрацоўваеце?

— Гэта канцэпцыя, якую мы падзялілі на тры вялікія блёкі, на тры клястары — эканамічны, гуманітарны і бясьпекавы. Мы залучылі шырокія колы міжнародных экспэртаў для такога партнэрскага абʼяднаньня, пакуль партнэрскага. Мы спадзяемся, што потым гэта будзе мець нейкі палітычны выгляд, юрыдычна замацаваны. Мы хочам выпрацаваць такі пакет дакумэнтаў, які будзе цікавы краінам і прэзыдэнтам тых краін, якія сёньня ёсьць на геапалітычнай прасторы ад Балтыйскага да Чорнага мора, хоць мы кажам і пра рэгіён Касьпійскага мора, у тым ліку і Азэрбайджан, дзе таксама ёсьць гарачая кропка. І маем адтуль сыгналы, што яны таксама хочуць браць удзел у нашай плятформе.

— Спадарыня Ірына, вы казалі пра беспэрспэктыўнасьць менскага працэсу. Ці азначае гэта, што вы будзеце спрабаваць перанесьці перамоўны працэс на вашу пляцоўку?

— Не. Гэтым маюць займацца людзі, якія маюць на гэта паўнамоцтвы. Мы — грамадзкая арганізацыя, хоць і маем міждзяржаўны статус. Мы можам параіць, дапамагчы, прапанаваць новыя падыходы, якія затым могуць быць прапанаваныя ў афіцыйным парадку. Мы ня будзем прапаноўваць мяняць пляцоўкі, але ў пэрспэктыве, вядома, мы хочам стаць паўнавартасным партнэрам ад грамадзянскай супольнасьці тых людзей, якія ў сваіх краінах ведаюць і разумеюць важнасьць моманту.

*************

Ірына Верашчук скончыла Вайсковы інстытут пры Нацыянальным унівэрсытэце «Львоўская палітэхніка» па спэцыяльнасьці «Міжнародная інфармацыя », а пазьней — юрыдычны факультэт Львоўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя І.Франка па спэцыяльнасьці «Правазнаўства». Працавала мэрам гораду Рава-Руска ў Львоўскай вобласьці. Цяпер узначальвае Міжнародны цэнтар балтыйска-чарнаморскіх дасьледаваньняў і кансэнсусных практык.