«Раскосмас» пацьвердзіў крушэньне грузавога карабля «Прагрэс»

Запуск "Прагрэсу" 28 красавіка 2015 году.

Транспартны грузавы карабель «Прагрэс», які накіроўваўся да Міжнароднай касьмічнай станцыі, разьбіўся над тэрыторыяй Рэспублікі Тува. Большасьць фрагмэнтаў карабля згарэлі ў шчыльных пластах атмасфэры.

Пра гэта паведамляецца на сайце «Раскосмасу».

Прыкладна праз шэсьць хвілін пасьля старту з касмадрому Байканур «Прагрэс» перастаў перадаваць на зямлю дадзеныя пра стан сваіх сыстэм. Непаладка адбылася на этапе працы рухавіка трэцяй ступені.

Апошні раз «Прагрэс» быў страчаны ў красавіку 2015 году. Тады «Раскосмас» назваў прычынай непаладкі пашкоджаньне, атрыманае пры няштатным аддзяленьні трэцяй ступені. Шкоду ацанілі на пяць мільярдаў рублёў.