Нянавісьць да дзяцей

Наста Захарэвіч

Прынята казаць, што дзяцінства — гэта такі добры час, пазбаўлены сапраўдных праблем і поўны веры ў сьветлую будучыню. Але ці проста падтрымліваць гэтую веру, калі дарослыя масава ставяцца да цябе як да недачалавека?

Досыць часта мэта — проста пакараць.

Падлеткі і блізка не анёлы — яны выпрабоўваюць дарослых і сябе, прымаюць безьліч няправільных рашэньняў і нават займаюцца самаруйнаваньнем. Рэагаваць на іх паводзіны можна па-рознаму ў залежнасці ад канчатковай мэты. І досыць часта, на жаль, гэтая мэта — проста пакараць. У ідэале, непрапарцыйна. Гучыць цынічна, але дарослыя называюць гэта прафіляктыкай.

Вось піша жанчына ліст у газэту «Вечерний Брест», дзе запытваецца, ці варта выклікаць міліцыю на падлеткаў, якія паляць электронныя цыгарэты побач з прыпынкам грамадзкага транспарту. І ёй адказвае прадстаўнік Брэсцкага аблвыканкаму Сяргей Дучэнка, што міліцыю выклікаць трэба абавязкова. Далей ён кажа, нібыта падлеткі парушаюць адразу два законы («паленьне ў грамадзкіх месцах» і «паленьне падлеткаў»), і што за іх супрацьпраўныя дзеяньні будуць адказваць бацькі.

У Беларусі ёсьць сьпіс месцаў, забароненых для паленьня, і месца «побач з прыпынкам» у гэты сьпіс не ўваходзіць.

Сытуацыя выглядае абсурдна. Па-першае, гэта ўсё няпраўда. У Беларусі ёсьць сьпіс месцаў, забароненых для паленьня, і месца «побач з прыпынкам» у гэты сьпіс не ўваходзіць. І нідзе ў законах не прапісаная менавіта забарона падлеткам паліць. Такім чынам, хлопцы не парушаюць аніякіх законаў, і прыцягваць бацькоў да адказнасьці проста няма за што. Па-другое, пазыцыя Дучэнкі грунтуецца выключна на жаданьні пакараць падлеткаў — «дзяцей дастаўляюць у РАУС, высьвятляюць іх асобы і зьвязваюцца з бацькамі, якія часьценька не здагадваюцца аб тым, што іх дзіця паліць».

Тут жа няма ні клопату пра здароўе, ні нават закліку кінуць шкодную звычку (калі яна ўжо стала звычкай), а ёсьць толькі прага як мага больш прынізьліва пакараць. Толькі гэта не прафіляктыка, а сапраўдны садызм. Гэтыя прыстойныя на першы погляд людзі, якія сур’ёзна кажуць пра тое, як клапоцяцца пра маладое пакаленьне, зусім не гатовыя прызнаць, што мэтады савецкай пэдагогікі «прысароміць, пакараць і яшчэ раз прысароміць» у далёкай пэрспэктыве ня проста не дапамагаюць, але нават сур’ёзна шкодзяць. За патаснымі прамовамі пра здаровую нацыю часта хаваецца банальнае жаданьне выбудаваць герархію і поўнае нежаданьне прыслухоўвацца да меркаваньняў і праблем «ніжэйшых саслоўяў».

Гэта не прафіляктыка, а сапраўдны садызм.

Калі ёсьць клопат пра здароўе і іншыя сапраўды добрыя памкненьні, то ёсьць гатоўнасьць як мінімум слухаць падлеткаў і размаўляць з імі, як з роўнымі асобамі — прыводзіць рацыянальныя аргумэнты, абгрунтоўваць сваю пазыцыю лягічна, а ня сілай. Толькі тады ёсьць шанец дасягнуць жаданага эфэкту і не нашкодзіць больш глябальна — ня зьнізіць самаацэнку і не схіліць да саманянавісьці.

Але дзяржаўная сыстэма часам працуе як паразыт, што разглядае ўсё навокал сябе як рэсурс для ўласнага выжываньня і функцыянаваньня. І тады ёй усё адно, якія будуць наступствы яе ўмяшаньня — дзіця зьбяжыць з дому, замкнецца ў сабе ці стане яшчэ больш займацца самаруйнаваньнем. Галоўнае — плян і статыстыка.

У асобных выпадках дзяцей караюць і за правіны альбо проста жыцьцёвыя абставіны бацькоў.

У асобных выпадках дзяцей караюць і за правіны альбо проста жыцьцёвыя абставіны бацькоў — забіраюць у прытулак, бо маці ня можа своечасова выплаціць вялікі штраф, ня мае працы, альбо проста настойліва адстойвае свае правы ў дзяржаўных органах. Я шчыра не разумею, адкуль у іх столькі нянавісьці да дзяцей і такая прага да садызму. І гэтыя інспэктаркі і інспэктары, што падпісваюць паперы пра зьмяшчэньне (не часовае) ў інтэрнат падлетка, чыя бабуля-апякунка трапіла ў лякарню, і ён некалькі дзён не наведваў школу, яны ж мусяць хоць самі сабе прызнацца, што робяць злачынства. Ну няма ў іх дзеяньнях клопату пра дзіця!

Гэта вялікі парадокс беларуская дзяржавы — тыя каштоўнасьці, якія пастулююцца фармальна, вельмі часта не супадаюць з тымі, што дэманструюцца ў рэальнасьці. І нават валянтэрскія прапановы сутыкаюцца з жорсткім дзяржаўным супрацьстаяньнем — сыстэма проста не гатовая дзяліцца ўладай. І для ўладаў няма значэньня, якая цана гэтага супрацьстаяньня, бо плаціць яе будуць дзеці. Галоўнае — выканаць плян.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.