«Практыка ідэалягічнай апрацоўкі праз кіно зноў вярнулася ў Беларусь»

Кадр зь фільму пра "панфілаўцаў"

На экраны кінатэатраў выйшаў мастацкі фільм «28 панфілаўцаў». Ці фільмы, якія адраджаюць гістарычныя міты, у стане паўплываць на павышэньне маральнасьці і патрыятызму ў грамадзтве? Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Вячаслаў Ракіцкі, Віталь Цыганкоў

Ракіцкі: У кінатэатрах Беларусі гэтымі днямі адбываецца паказ новай расейскай мастацкай стужкі пра мінулую вайну — «28 панфілаўцаў». Яго паказ пачаўся адначасна з паказам у Расеі і Казахстане. І ў рукі беларускіх незалежных журналістаў трапіла копія дакумэнту, паводле якога ў Гомелі школьнікаў і студэнтаў у «добраахвотна-прымусовым парадку» адпраўлялі на прапагандысцкі фільм. Гэта зварот дырэктара «Гомелькінавідэапракату» да кіраўніка ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму. Генэральны дырэктар просіць чыноўніка «пасадзейнічаць у шырокім паказе» расейскага мастацкага фільму. У лісьце сказана, што фільм дэманструецца ў межах сьвяткаваньня 73-й гадавіны вызваленьня Гомельшчыны ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. Дзіўнае прысьвячэньне — пры чым тут Гомельшчына да панфілаўцаў? Мо сярод тых дваццаці васьмі выдуманых панфілаўцаў былі гамельчукі?

Але далей ідзе сакральнае для беларускіх сучасных ідэолягаў... Фільм быў створаны дзеля таго, каб расказаць маладому пакаленьню пра тых, хто заваяваў перамогу ў той страшнай вайне. І выснова: Улічваючы ідэалягічную, маральную і патрыятычную скіраванасьць фільму, просім садзейнічаць у шырокім паказе «28 панфілаўцаў».

Выглядае, што практыка ідэалягічнай апрацоўкі з дапамогай кіно зноў вярнулася ў Беларусь. Летась заганялі школьнікаў на фінансаваную беларускай дзяржавай хлусьліва-прапагандысцкую стужку «Мы, браты...», нягледзячы на тое, што ў фільме было шмат эпізодаў гвалту і эратычных (да таго ж, безгустоўных) сцэнаў.

Сёлета вось на «панфілаўцаў». У цэнтры гэтага кіно — колішнія савецкія героі, якія нібыта ў 1941 годзе падчас абароны Масквы цаной уласных жыцьцяў зьнішчылі 18 танкаў вэрмахту. Героі колішнія, бо гісторыкі яшчэ ў 1960 гадох паставілі пад сумнеў гэтую падзею. А пазьней і даказалі, што гэта — міт, створаны газэтай «Красная звезда». Больш за тое, подзьвіг гэты прызнала хлусьнёй яшчэ вайсковая пракуратура СССР, пацьвердзіў гэта нядаўна і дырэктар дзяржархіву Расеі. Даказана, што і легендарная фраза «Вялікая Расея, а адступаць няма куды» таксама прыдуманая тым самым журналістам. Дык навошта эпічнае кіно пра няпраўду? Адказ яго стваральнікі і замоўнікі не хаваюць.

Рэжысэр Кім Дружынін ведае пра хлусьню, але лічыць гэтую пазыцыю гісторыкаў і архівістаў спрэчнай і заяўляе: «Навошта разьвенчваць подзьвіг, калі краіне асабліва патрэбныя героі».

Для аўтарытарных дзяржаваў увогуле, і для сучасных Расеі і Беларусі ў прыватнасьці, аднаўленьне і падтрымка мітаў — адна з асноўных характарыстык. Ідэалягічным падмуркам рэжыму Пуціна зьяўляцца міты пра расейскую імпэрскую веліч, магутнасьць і адзінства нацыі, вялікую дзяржаву, міты, якія, паводле ідэолягаў, нібыта падтрымліваюць нацыянальную годнасьць, маральныя асновы грамадзтва. Як кажуць беларусы з палякамі: «без штаноў, але ж шляхта». Сёньня любая спроба вярнуць гістарычную праўду, абвергнуць міт выклікае ўжо не раздражненьне, а гнеў улады. Закрытае ж грамадзтва не адкідвае гэтых хлусьлівых інтэрпрэтацыяў, а сілкуецца імі з задавальненьнем. Жыць зь верай у міт пра нібыта веліч сваёй дзяржавы прасьцей, чым з разуменьнем, што ты жывеш у галечы і хлусьні, што да цябе ў сьвеце ставяцца з усё большай пагардай. Такое кіно ствараецца для ўнутранага карыстаньня, яно абслугоўвае аўтарытарную дзяржаву. Таму ахайваюцца навукоўцы, таму пагражаюць ім крымінальнымі справамі за перагляд гісторыі, якую сфальшавалі савецкія гісторыкі і літаратары яшчэ ў сталінскія часы. Таму аднаўляюцца і ўзбагачаюцца міты, ставяцца на службу дзяржаве. Таму расейскі міністар культуры называе Зою Касмадзям’янскую і 28 панфілаўцаў «сьвятымі», а тых, хто ня верыць у подзьвіг панфілаўцаў, «завершанымі мярзотнікамі» і што яны «будуць гарэць у пекле».

Мяркуючы па закліку міністра, неўзабаве будзе фільм і «Страсьці па Зоі» (пра савецкую выведніцу), на які зноў будуць заганяць беларускую моладзь.

Падобную рыторыку выкарыстоўвае ўвесь час свайго кіраваньня і беларускі кіраўнік Лукашэнка. Я перакананы, ад бясьсільля, ад няўменьня і нежаданьня будаваць свабодную дзяржаву, ад неразуменьня і нежаданьня зразумець сапраўдныя каштоўнасьці. Таму мяне не зьдзіўляе, што гэты фільм паказваюць у Беларусі, што на яго пад прымусам водзяць дзяцей і моладзь. Натуральна, вялікую аўдыторыю ён не зьбярэ: беларусы бальшыня ходзіць на баевікі амэрыканскага ўзору, меншыня — на аўтарскае эўрапейскае кіно.

Сёньня любая спроба вярнуць гістарычную праўду, абвергнуць міт выклікае ўжо не раздражненьне, а гнеў улады.

Але, хай і няшмат, але, выглядае, што ў Беларусі ёсьць і тыя, хто на ўласнае жаданьне пойдзе глядзець хлусьню пра панфілаўцаў, як шэсьць гадоў хадзілі на «Брэсцкую крэпасьць». Знайшлася нядаўна і аўдыторыя ў крамлёўскага чарнасоценнага салаўя Салаўёва... Знайшліся ў Беларусі і фундатары «Дваццаці васьмі панфілаўцаў». Палову бюджэту (каля шасьцісот тысяч даляраў) на здымкі фільму сабралі на аснове краўдфандынгу, у тым ліку, і ў Беларусі. Цікава, хто ж у Беларусі быў шчодрым ахвярадаўцам? Тыя самыя людзі, якія прасілі Салаўёва, каб Расея забрала Беларусь, як Крым?

Гэта, калегі, адно ад мяне, «завершанага мярзотніка», які «будзе гарэць у пекле» да вас пытаньне. Другое — ці насамрэч такое кіно ўмацоўвае маральныя асновы беларускага грамадзтва, выхоўвае патрыятызм і які? Нарэшце — ці гэта правільна паказваць кіно пад прымусам? Пад прымусам гоняць дзяцей выбіраць бульбу, вынік — сьмерць дзяўчынкі. А які вынік можа быць такіх кінапраглядаў?

Гурневіч: Ёсьць такое выказваньне ў міжваенны час ад чалавека, які жыў у Вільні, зьвязанай з былым ВКЛ, Юзафа Мацкевіча: «Толькі праўда цікавая». Насамрэч так, у тым ліку ў мастацтве. Рэчы, заснаваныя на праўдзівых падзеях, былі б больш цікавыя, чым выдуманыя. Такое таксама здараецца і ў заходнім сьвеце, але ёсьць адна дэталь: у нашай гісторыі, нават у расейскай, Другой Сусьветнай вайны ёсьць багата сапраўды цікавых эпізодаў рэальных гераічных, на якія было б варта класьці націск, напрыклад, экранізаваць. Але падаецца, гэта ня робіцца, бо ў любой праўдзівай сытуацыі ўсё неадназначна, таму што гэта жыцьцё. І таму, натуральна, цэнзары, назавем іх там, на самым пачатку элімінуюць такія фільмы, таму што ім патрэбныя толькі фэервэркі, паказваць «наперад, на Бярлін», «Спасіба дзеду за пабеду» і інш. У іх павінна быць або з аднаго боку, або з другога, або мы гераічныя або не. У Расеі цяпер вядома адна лінія, яны павінны паказваць такі ўра-патрыятызм.

Рэчы, заснаваныя на праўдзівых падзеях, былі б больш цікавыя, чым выдуманыя.

Выхаваць штосьці грунтоўнае на гэтым канешне ня ўдасца. Гэта як было ў Савецкім Саюзе — махалі сьцяжкамі, быццам бы плакалі па сьмерці Сталіна, але калі развальваўся Саюз, ніхто нават бараніць яго ня выйшаў. Ніводзін чалавек не захацеў са зброяй у руках адстойваць тую «вялікую дзяржаву». Казалі, што чырвоная зорка на Крамлі бачная з усяго Савецкага Саюзу, а яна аказалася нікому не патрэбная. Так сама будзе з гэтым фільмам. Як відовішча ён магчыма можа прыцягнуць гледачоў, але нешта па зьмесьце нічога ў людзей у галовах не застанецца.

Я б параўнаў фільм Лазьніцы па Быкаву — вось на такі фільм вучняў варта было б намаўляць пайсьці паглядзець. Ён паказвае ўсю неадназначнасьць гісторыі, і гэта значна лепш вучыць разумець гісторыю і думаць пра яе. Яшчэ ў школьныя гады нам давалі на пазакляснае чытаньне нейкія кніжкі пра ВАВ, ура-гісторыі, якія магчыма ніколі не здараліся. Я не памятаю назваў, толькі колер вокладкі. Але я памятаю дэталі фільмаў і кніг, якія паказваюць усе адценьні, бо яны сапраўды цікавыя, праўдзівыя. І таму пра «28 панфілаўцаў» забудуцца, як забыліся пра «Берасьцейскую крэпасьць».

Цыганкоў: Я б падыскутаваў наконт уплывовасьці. Усё ж калі паводле сацыялягічных апытаньняў большая частка расейскіх грамадзян падтрымлівае палітыку Пуціна і апошнія ягоныя дзеяньні ад Крыму да Данбасу, то гэта аднекуль бярэцца. Хоць мы маем інтэрнэт, бачым разьвянчаньне розных мітаў, дзе праўда, дзе не, аказваецца, што значная частка насельніцтва гэта ня можа адрозьніць і не хоча. Непатрэбная мне ваша праўда, мне патрэбная прыгожая вялікая гісторыя пра герояў. І таму прапагандысты ўсё ж ведаюць што робяць, і нездарма расейскае міністэрства культуры на чале з сумнавядомым, нават адыёзным міністрам Мядынскім выдаткоўвае грошы на такія фільмы. То бок магчыма на людзей сапраўды адукаваных і высокаразьвітых яны ня могуць мець ніякага эфэкту. А школьнікі, якіх будуць прыганяць на гэты фільм, безумоўна ня могуць валодаць поўнай інфармацыяй і будуць успрымаць гэта за чыстую манэту.

Менавіта на гэтым сёньня выхоўваюцца сучасныя пакаленьні расейскіх людзей.

Сапраўды, калі расказваць пра вайну, то нават фільмы савецкія 60-х гадоў, дзе была трагедыя, напрыклад «Ляцяць жураўлі» ці «Праверка на дарогах», які ў свой час быў забаронены, ці фільмы па Быкаву, «Альпійская баляда» — казалі праўду пра вайну, бо там была неадназначнасьць, канфлікт, самыя розныя бакі, і не праслаўленьне подзьвігаў, а прадстаўленьне вайны як найвялікшай драмы чалавецтва і канкрэтнага чалавека.

Але гэта не цікавіць расейскую прапаганду, бо гераізм часоў Вялікай Айчыннай Вайны — яе краевугольны камень. Тут няма неадназначнасьці, няма нават сапраўднай трагедыі. Тут ёсьць толькі перавага ад перамогі, захапленьне подзьвігам і г. д. Менавіта на гэтым сёньня выхоўваюцца сучасныя пакаленьні расейскіх людзей. Ну а тое, што вынікі гэтага выхаваньня ёсьць, мы можам заўважыць па тым, як расейскія грамадзяне падтрымліваюць расейскую агрэсіўную замежную палітыку.