«У Беларусі сілавік можа пасадзіць любога алігарха»

Як беларускім праваахоўнікам вярнуць да сябе павагу людзей? Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Вячаслаў Ракіцкі, Віталь Цыганкоў

Гурневіч: Увечары 26 лістапада ў раёне вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну адбылася аварыя са сьмяротным зыходам. Пад коламі аўтамабіля загінула 36-гадовая жанчына. За рулём машыны быў выканаўца абавязкаў Баранавіцкага ДАІ. У Оршы ўвесну пʼяны інспэктар ДПС зьбіў на пешаходным пераходзе дзяўчынку — вучаніцу восьмай клясы.

Лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч распавёў, як АМАП паставіўся да яго пасьля затрыманьня на акцыі адкрыцьця помніка Леніну ў Менску: «Адзін зьняў падгалоўнік з крэсла і пачаў малаціць мяне ім па галаве. Я падняў рукі і абараняўся, тады іншы ўчапіўся за мае рукі і разьняў іх — каб я ня мог прыкрываць галаву. Адзін засунуў мне пальцы ў ноздры і задраў галаву, а другі тыкаў дубінкай у зубы і галасіў: „Смакчы, падла, смакчы!“ Супакойвацца пачалі толькі тады, як расквасілі дубінкай мне вусны і пусьцілі кроў», — напісаў Дашкевіч.

Такіх выпадкаў, апісаньняў з дэталямі, у беларускім інтэрнэце можна знайсьці процьму. Тое, што да ахоўнікаў правапарадку шмат дзе ставяцца з дыстанцыяй — ясна. Людзі часта могуць нешта парушыць, а задача праваахоўніка выявіць гэтую справу. Але мне падаецца, што маштаб гэтай паталёгіі ў Беларусі зашкальвае. Міліцыянты адчуваюць сябе беспакаранымі. Усё гэта адбываецца дзякуючы дзяржаве. Бо беларуская дзяржава — гэта па-сутнасьці паліцэйская дзяржава. У судах міліцыянты могуць быць сьведкамі ў справах. Да міліцыянтаў па ўсіх справах у нас ільготны тарыф. І вынік маем такі, што беларусы не давяраюць міліцыі, баяцца яе. Але ці так павінна быць?

Зьмяняцца павінна міліцыя. Але ўладзе гэта непатрэбна. Ёй патрэбная міліцыя, якой людзі будуць баяцца.

Зьмяняцца павінна міліцыя. Але ўладзе гэта непатрэбна. Ёй патрэбная міліцыя, якой людзі будуць баяцца. Ім патрэбны людзі ў форме, якія б наводзілі жах на людзей. Бо на страху трымаецца ўся сыстэма. Многія гэтым карыстаюцца, а іншыя яшчэ і злоўжываюць. Цяжка ўявіць, што гэтая паталёгія некалі будзе цалкам ліквідаваная, але зьменшыць яе відавочна можна.

Ракіцкі: Насамрэч, у краіне адбываецца нешта неверагоднае, жахлівае. Ледзь не штодня адбываецца гвалт і зьдзекі з боку супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Беспакаранасьць нараджае новыя і новыя злачынствы. Натуральна, улада будзе казаць пра тое, што журналісты згушчаюць фарбы, перабольшваюць, з мухі робяць слана, адзіны факт робяць тыповым. Але нават адзін факт такога кшталту ў любым грамадзтве выклікае пратэст, у адказ на гвалт людзі выходзяць на вуліцы.

Адна з прычын у скрыўленым разуменьні ўладай і грамадзтвам маральных каштоўнасьцяў. Дзяржава перадусім. Галоўная каштоўнасьць — дзяржава, а чалавек павінен ёй служыць. Такая ідэалёгія сучаснай Беларусі. І гэтая ідэалёгія ўступае ў супярэчнасьць з законамі. Але ў неправавой дзяржаве законы можна прымяняць выбарачна. Можна заплюшчваць вочы на беззаконьне, якое вырабляюць тыя, хто ахоўвае дзяржаву, якая зноў жа, разумеецца, як адміністрацыя аднаго чалавека.

Сёньняшні беларускі рэжым трымаецца на дзьвюх сваях — на сілавіках, ахоўна-карнай сыстэме і на ідэалёгіі, якая скіраваная на ахову ўлады, яе сыстэмы, у якой чалавек, як казаў той Ленін, толькі шрубок мэханізму. А шрубок можна завінчваць да любога ўзроўню, аж пакуль ён ня зломіцца.

Адсюль і індульгенцыі сілавікам. Яны могуць прымушаць Зьмітра Дашкевіча смактаць дручок, яны могуць спраўляць свае патрэбы на галовы падлеткаў, яны могуць, што заўгодна рабіць з тымі, хто інакш думае, інакш сябе паводзіць, ня кажучы ўжо пра спробу выказаць пратэст. Для неправавой, аўтарытарнай, таталітарнай дзяржавы — гэта норма: ахоўваць рэжым любым спосабам. І гэтая норма апраўдваецца ідэалёгіяй.

І яшчэ. Сёньня нейкая бактэрыя пасялілася ў беларускім грамадзтве. Людзі, практычна ўсе, абураюцца хамствам, няўвагай у крамах, мэдычных установах, у транспарце. Адчуваюць сябе ахвярамі. А вяртаюцца на сваё працоўнае месца, і вырабляюць са сваімі кліентамі, пацыентамі тое самае. На дадзеным ім дзяржавай працоўным месцы яны адчуваюць сябе начальнікамі, якія могуць кіраваць іншымі, выкарыстоўваючы любыя сродкі аж да зьнявагаў.

Дзе ж іх, адукаваных і выхаваных, набярэсься, калі патрэбныя дзясяткі тысяч міліцыянтаў?!

Прыклад штодня дэманструе беларускі тэлевізар. І вось калі такі чалавек атрымлівае ў рукі дручкі, кайданкі, пісталеты, корачкі міліцыянтаў і амапаўцаў тады яго самавеліч вырастае да нябёсаў. Ён — важны, ён ахоўвае парадак, самога прэзыдэнта. І аж рукі сьвярбяць выкарыстаць гэтыя самыя падручныя сродкі ці нават зброю. І ён выкарыстоўвае гэта. Зьбіваючы актывіста, ён заадно, на падсьвядомым узроўні, зьбівае і тую прадавачку, якая яму нахаміла ў краме, ён вылівае сваю злосьць і на чаргу ў паліклініцы, у якой ён адседзеў паўдня. І гэты чалавек у судах будзе хлусіць, і яму будуць верыць, бо гэтая хлусьня на карысьць дзяржаве. І злачынца ў форме міліцыянта ў гэта верыць, і верыць, што ня будзе за гэта пакараны.

Яшчэ адзін момант. І ён не сакрэтны. Далёка ня ўсе прыходзяць у міліцыю з добрым выхаваньнем, прыймальнай адукацыяй. Дзе ж іх, адукаваных і выхаваных, набярэсься, калі патрэбныя дзясяткі тысяч міліцыянтаў?! Чалавек неадукаваны, нявыхаваны будзе і п’яным аўто вадзіць, і рукі заломваць затрыманым, і ботамі біць па твары і брудна лаяцца. Я не кажу ўжо пра кантралёраў у турмах...

Пакуль у Беларусі не ўсталюецца дэмакратыя, пакуль чалавек ня стане каштоўнасьцю, пакуль народ ня возьме міліцыю і ўвогуле ўладу пад свой кантроль, пакуль у краіне будзе насаджацца страх, датуль міліцыя і іншыя сілавікі будуць вырабляць, што захочуць. За відавочныя злачынствы, калі ўжо нельга схаваць, як з тым баранавіцкім даішнікам, будуць, натуральна, караць, за зьдзек над апазыцыянэрамі і хлусьню ў судах — не. На жаль, калегі, гэтых пакуль так шмат, што ў нас ня хопіць часу перадачы на іх пералік.

Цыганкоў: Ня так даўно ў «Інтэрвію тыдня» Мечыслаў Грыб казаў, што чаргі ў міліцыю сёньня няма. Дзе ўзяць іх ветлівых і культурных? Мяркуюць, што ў міліцыю ідуць людзі па некалькіх прычынах. Дзеці акадэмікаў наўрад ці пойдуць у міліцыю, як і дзеці культурных работнікаў. Ёсьць тэндэнцыя, што ў міліцыю на сёньня ідуць людзі, якія не знайшлі чагосьці іншага, ня маюць яркага прызваньня. Калі чалавек ня вызначыўся, то, асабліва пасьля войска, ён ідзе ў міліцыю. Там павінны стаяць вельмі моцныя дэтэктары і абмежаваньні, каб туды не дазволілі пранікаць людзям, якія маюць псыхалягічныя праблемы і схільнасьці, да злоўжываньня ўладай. Як паказвае практыка, сапраўды не заўсёды гэта працуе. Гэта праблема для ўсіх краін, у тым ліку дэмакратычных. Але ў Беларусі ёсьць адно моцнае вялікае адрозьненьне, пра якое ўжо казалі.

У Беларусі сілавікі – гэта самая моцная групоўка, фактычна безальтэрнатыўная, таму раўнавагі ніякай няма.

Калі ў іншых, нават недэмакратычных краінах існуе нейкая раўнавага паміж рознымі ўплывовымі групоўкамі, напрыклад, бізнэсоўцамі, алігархамі, палітыкамі, апазыцыяй і г. д, то ў Беларусі сілавікі — гэта самая моцная групоўка, фактычна безальтэрнатыўная, таму раўнавагі ніякай няма. Сілавік, калі вырашыць пасадзіць любога алігарха, ён яго пасадзіць. Няма нават падкілімнай барацьбы, сілавікі вырашаюць усё. Адзінае, калі яму не ўдаецца нешта даказаць Лукашэнку. Яго асабістае меркаваньне — адзіная перашкода. Ва ўсіх іншых варыянтах яны каралі, бо не маюць ніякай супрацьвагі.

Безумоўна, у палітычным сэнсе — гэта праблема. Гэта праяўляецца, калі, напрыклад, апазыцыянэры пачынаюць на вуліцы дыскутаваць з шараговымі міліцыянтамі, а тыя адчуваюць, што нібы яны ахоўваюць дзяржаву ад розных дэструктыўных элемэнтаў. Мы ня ведаем прыкладаў, калі б міліцыянтаў судзілі за ілжэсьведчаньне, за зьбіцьцё — усё гэта прыводзіць да таго, што мы назіраем.