Добры вечар! Міністэрства эканомікі чакае, што валавы ўнутраны прадукт у наступным годзе можа паменшыцца на 3%. Тым ня менш кіраўнік ведамства заяўляе, што прэзыдэнцкае заданьне павялічыць сярэднюю зарплату да 500 даляраў – выканальнае. То бок ВУП краіны ўпадзе на 3%, а сярэдняя зарплата вырасьце на 35%. Вось ён, беларускі эканамічны цуд, у статыстычнай наяўнасьці.
ЧАРГІНЦА ПЕРААБРАЛІ. На зьезьдзе праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі быў аднагалосна пераабраны старшынём Мікалай Чаргінец, які ўзначальвае Саюз з 2005 году. Толькі адзін чалавек выказаўся супраць – ужо былы сябра Саюзу, кінарэжысэр і драматург Аляксей Туровіч.
ПЕРАМОВЫ БЕЗ АСАБЛІВЫХ СПАДЗЯВАНЬНЯЎ. У Менску праходзіць сустрэча так званай «нармандзкай чацьвёркі» на ўзроўні міністраў замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Украіны ды Расеі ў пытаньнях разьвязаньня вайсковага канфлікту на Данбасе. «Калі з Францыяй і Нямеччынай у нас ёсьць агульнае бачаньне дарожнай мапы ў ключавых момантах, то з Расеяй мы вельмі далёкія ад хаця б агульнага супольнага бачаньня. Я даволі скептычна стаўлюся да таго, што мы ў Менску дамовімся па асноўных пытаньнях гэтай дарожнай мапы» — сказаў перад сустрэчай міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін.
АЛЕКСІЕВІЧ СТАЛА ДОКТАРАМ, ГАНАРОВЫМ. Ганаровую доктарскую ступень беларуская нобэлеўская ляўрэатка атрымала ад Такійскайга ўнівэрсытэту замежных моваў.
ВЯРЦІНСКІ АПУБЛІКАВАЎ ПАЗЬНЯКА І ШМЫГАЛЁВА НА ЎЛАСНУЮ АДКАЗНАСЬЦЬ. У размове з Ганнай Соўсь Анатоль Вярцінскі, колішні галоўны рэдактар газэты «Літаратура і мастацтва» ды дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, сказаў, што артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці» ён апублікаваў у ЛіМе ў чэрвені 1988 году без узгадненьня з партыйным начальствам.
ТАНЦЫ Ў КАЛЯСЦЫ. На мінулым тыдні ў Віцебску прайшоў Міжнародны фэстываль сучаснай харэаграфіі. Было на што паглядзець. Прапануем вам справаздачу Яны Шыдлоўскай са здымкамі Сьцяпана Баярскага.