Францыя запатрабавала склікаць пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН у справе Алепа

Алепа

Францыя патрабуе склікаць экстраннае пасяджэньне Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб абмеркаваць сытуацыю вакол сырыйскага гораду Алепа.

Міністар замежных спраў Францыі Жан-Марк Эйро заявіў 29 лістапада, што з прычыны інтэнсіўных баявых дзеяньняў у гэтым раёне і гуманітарнай катастрофы «трэба тэрмінова пакласьці канец ваенным дзеяньням».

Каардынатар праграм гуманітарнай дапамогі ААН Стывэн О’Браен заявіў у Бэйруце 29 лістапада, што каля 16 000 мірных жыхароў былі вымушаныя ўцячы з гораду ў выніку баявых дзеяньняў за апошнія некалькі дзён, «многія апынуліся ў няпэўным становішчы і нестабільнай сытуацыі». Ён дадаў, што каля 20 000 чалавек былі перамешчаныя ў выніку баявых дзеяньняў у заходняй частцы гораду на працягу апошняга месяца.

Сырыйскія ўрадавыя войскі 28 лістапада захапілі некалькі ключавых раёнаў ва ўсходняй частцы гораду.

Алепа быў самай важнай апорай апазыцыі прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду з тых часоў, як пачалося паўстаньне супраць яго ў 2011 годзе. Аднаўленьне кантролю над горадам будзе вялікай перамогай для ўраду Асада.