Дата дня
29 лістапада 1961 году быў узарваны Гарадзенскі фарны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі. Фара Вітаўта была збудаваная ў гатычным стылі і перабудоўвалася ў стылях рэнэсансу, барока, псэўдарускім і нэагатычным.
Касьцёл быў узарваны сапёрамі сумесна з супрацоўнікамі КДБ уначы. Абломкі Фары Вітаўта прыбіралі на працягу 2-х дзён.
Таксама ў гэты дзень
1812 — падчас расейска-францускай вайны скончылася бітва на Бярэзіне. У выніку бітвы войска Напалеона Банапарта атрымала паразу. Слова bérézina дагэтуль ужываецца французамі ў значэньні вялікіх непрыемнасьцяў.
У 2016 годзе пад Барысавам рэканструявалі бітву на Бярэзіне.
1830 ― пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстаньне ў Варшаве. Паўстаньне ставіла мэтай аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах на 1772 год і ўвайшло ў гісторыю пад назвай Лістападаўскае. На тэрыторыі Беларусі і Літвы паўстаньне пачалося толькі ў 1831 годзе.
1877 ― Томас Эдысан упершыню прадэманстраваў грамафон.
1914 — падчас Першай усясьветнай вайны ў Менску былі заснаваныя Брацкія вайсковыя могілкі.
1920 ― пачала працу беларуская гімназія ў Горадні.
1920 ― войскі Булак-Балаховіча адступілі з падкантрольнай бальшавікамі тэрыторыі ў нэўтральную зону, створаную раней між Польшчай і СССР.
1936 — у Вільні выйшаў апошні 104-ы нумар газэты «Родны край», пасьля выданьне было забароненае польскай пракуратурай.
1945 ― было абвешчанае стварэньне Фэдэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі.
1972 — выйшла ў сьвет першая пасьпяховая кампутарная гульня Pong.
2010 — у Беларусі стварылі цэнтар кіраваньня касьмічнымі палётамі.
2011 — у авіякатастрофе верталёта Мі-24 каля Пружанаў загінулі 3 чалавекі.
Глядзіце таксама: Тэхнік «МІ-24»: Наша армія можа змагацца з уяўным ворагам, але не з туманам
У гэты дзень нарадзіліся
1914 — Мікалай Міцкевіч, фізыкахімік, акадэмік АН Беларусі, доктар хімічных навук, прафэсар, заслужаны дзяяч навукі Беларусі.
1932 — Жак Шырак, францускі палітык, былы прэзыдэнт Францыі.
1948 — Уладзімер Шымаў, беларускі дзяржаўны й эканамічны дзяяч.
1951 — Валер Дайнэка, беларускі музыка.
1983 — Яўген Гутаровіч, беларускі раварыст. Пераможца этапаў «Вуэльты», Туру Польшчы.
1985 — Аніс Ананенка, беларускі лёгкаатлет. Шматразовы чэмпіён Беларусі.
У памяці:
1937 ― памёр Ізі Харык, беларускі габрэйскі паэт.
1938 ― загінуў Браніслаў Тарашкевіч, беларускі мовазнаўца і палітык. У1937 годзе Тарашкевіч быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў справе так званага «Беларускага нацыянальнага цэнтру». У 1938 годзе ён быў прыгавораны да расстрэлу. Як сьцьвярджае афіцыйная вэрсія, ён быў расстраляны. Дасьледчык Леанід Маракоў выказвае меркаваньне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў падчас катаваньняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў.
Што будзе?
У Менску 29 лістапада пройдуць перамовы кіраўнікоў МЗС краін «Нармандзкай чацьвёркі» ў справе Данбасу.
Імпрэзы і спэктаклі
Прэзэнтацыя ілюстраванага трохтамовіка пра Скарыну
«Беларуская энцыкляпэдыя» прэзэнтуе незвычайнае трохтамовае выданьне «Францыск Скарына». У кнігах Алеся Сушы ўпершыню апублікаваныя ўнікальныя ілюстрацыі, выказваюцца нечаканыя гіпотэзы. Чытача чакаюць некаторыя правакацыі і адкрыцьці.
Месца правядзеньня: Менск, галерэя «Лябірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасьці, 116, 3 паверх).
Пачатак у 16:00. Уваход вольны.
Спэктакль «Ліса і вінаград»
Бразыльскі драматург Гільермэ Фігейрэду, паяднаўшы зьвесткі з самых розных крыніцаў, стварыў вобраз Эзопа — глыбокага мысьляра, якому наканавана было нарадзіцца ў целе «самага брыдкага нявольніка ў Грэцыі». Аўтары сучаснай адаптацыі называюць спэктакль «сьмешнай трагедыяй».
Месца правядзеньня: Менск, Тэатар юнага гледача (вул. Энгельса, 26).
Пачатак у 19:00. Квіткі каштуюць 7 рублёў.
Канцэрт украінскага гурту «Колір»
Украінскі гурт «Колір» працягвае свае гастролі па Беларусі і выступіць 29 лістапада ў Горадні. Напрыканцы лета музыкі з Адэсы выдалі альбом «Хто, як не ми».
Месца правядзеньня: Горадня, бар «Несьцерка» (вул. Маставая, 35).
Пачатак а 20-й гадзіне. Уваход вольны.