Трагедыя адбылася 26 лістапада каля вёскі Дарава ў Ляхавіцкім раёне. У выніку наезду аўтамабіля загінула маці двух малых дзяцей, 36-гадовая жыхарка Слуцку. Як выявілася, за рулём аўто быў выканаўца абавязкаў начальніка баранавіцкай ДАІ Ігар Ваўкавыцкі. Міліцыянт кіраваў уласным аўтамабілем у стане моцнага ап’яненьня — у ягонай крыві экспэртыза выявіла амаль 3 праміле алькаголю. Ваўкавыцкі затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА. Сьледчы камітэт паведаміў, што завялі крымінальную справу.
Начальнік ДАІ Беларусі Дзьмітры Карзюк ужо назваў інцыдэнт «ганьбай для службы». Гэтыя словы начальніка ДАІ працытавала карэспандэнту Свабоды старшы інспэктар па асаблівых даручэньнях управы ДАІ Ганна Банадык. Яна выказала меркаваньне, што супрацоўніка ДАІ з Баранавічаў, які зганьбіў службу, звольняць.
«Магу ад сябе дадаць, што мы ўвесь час праводзім працу з асабістым складам адносна захаваньня законнасьці і транспартнай дысцыпліны, прад’яўляем высокія патрабаваньні да супрацоўнікаў, якіх бяруць на службу. Таму натуральна, што мы будзем рабіць гэтак, каб такія людзі не працавалі ў ДАІ», — сказала Ганна Банадык.
На просьбу карэспандэнта Свабоды прывесьці статыстычныя дадзеныя пра колькасьць супрацоўнікаў ДАІ, якіх сёлета звольнілі са службы па кампрамэтуючых акалічнасьцях, Ганна Банадык адказала, што ня мае пад рукой дакладных дадзеных, але прызнала, што яны ёсьць.
«Але гэта адзінкавыя выпадкі. На жаль, нават такія адзінкавыя выпадкі кампрамэтуюць службу і перакрэсьліваюць усё, што зроблена раней нашымі супрацоўнікамі. Вы ведаеце, што мы шмат працуем дзеля прафіляктыкі ДТЗ, у тым ліку дзіцячага траўматызму, імкнёмся быць адкрытымі для грамадзтва, праводзім розныя акцыі, каб данесьці да грамадзян прынцыпы бясьпечных паводзін на дарозе — і вось такі факт... Давядзецца пачынаць ізноў».