Актывіст Алесь Масюк падаў скаргу ў пракуратуру на загадчыцу аддзелу адукацыі Слонімскага райвыканкаму, якая адмовіла яму ў працаўладкаваньні. Алесь Масюк атрымаў накіраваньне з Цэнтру занятасьці на працу ў Слонімскім раённым экалягічным цэнтры дзяцей і моладзі.
Алесь Масюк апошнія восем гадоў працаваў у Слонімскім раённым цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму. За гэты час ня меў ніякіх нараканьняў. Сёлета ў складзе дэлегацыі беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў яго запрасілі ў Нарвэгію.
Масюк напісаў заяву на пяцідзённы адпачынак за свой кошт, але начальства яго не адпусьціла. Актывіст паехаў без дазволу, а калі вярнуўся, то яго звольнілі за прагулы.
У Цэнтры занятасьці Масюку далі накіраваньне ў Слонімскі раённы экалягічны цэнтар дзяцей і моладзі. Паводле Масюка, праца практычна тая самая, зь дзецьмі, толькі крыху іншая спэцыялізацыя.
Напачатку загадчыца экалягічнага цэнтру Сьвятлана Масло была ня супраць яго ўзяць, але потым сказала, што ёй трэба параіцца з загадчыцай аддзелу адукацыі Слонімскага райвыканкаму Тэрэзай Юшкевіч. Пасьля гэтага, паводле Масюка, Масло загаварыла па-іншаму:
«Вы, маўляў, ужо працавалі ў адукацыі, вас звольнілі з папярэдняга месца працы за прагул, а таму і мы вам адмаўляем». Ніякія мае довады плёну не далі, нават тое, што за мяне прасілі і дзеці, і іх бацькі, дзе я раней працаваў. А таму я вырашыў зьвярнуцца ў пракуратуру».
Як кажа Масюк, нават пракурор, пабачыўшы, на якой падставе адмаўляюць у працаўладкаваньні, сказаў, што фармулёўка яўна не адпавядае закону.
Спробы датэлефанавацца да кіраўніка аддзелу адукацыі Слонімскага райвыканкаму аказаліся марнымі — на званкі ніхто не адказвае.
У Алеся Масюка на ўтрыманьні двое непаўналетніх дзяцей. У 2008 годзе Свабода пісала пра тое, як Алесь Масюк зьвяртаўся ў пракуратуру раёну са скаргай, што яго з палітычных матываў 8 гадоў нідзе ня бралі на працу. Тады ён скончыў унівэрсытэт і ў жніўні 2008 году пісьмова зьвярнуўся да начальніцы ўпраўленьня адукацыі райвыканкаму. У заяве прасіў разгледзець усе магчымыя варыянты працаўладкаваньня. Яму адмовілі.
Тады ў верасьні ён сам пайшоў па школах, і высьветлілася: вольныя гадзіны ёсьць, можна весьці гурткі, займацца арганізатарскай працай. Але калі дырэктары даведваліся, што ён займаецца палітычнай дзейнасьцю, адразу адмаўлялі. І толькі пасьля заявы ў пракуратуру яго ўсё ж узялі ў Цэнтар дзіцяча-юнацкага турызму.