Як кажа Трусаў у гутарцы са Свабодай, такое рашэньне ён прыняў яшчэ два гады таму:
«Ніякага адкрыцьця тут няма. Будзе зьезд у кастрычніку. На ўчорашнім зьезьдзе я сказаў, каб людзі абмяркоўвалі, хто мяне заменіць. Я казаў, што іду ў адстаўку з розных прычынаў. Хай іншыя пакіруюць. Цяпер я паўтарыў тое, што казаў два гады таму, гэта ня сёньняшняе рашэньне. Нельга быць бясконца кіраўніком адной і той жа арганізацыі».
Трусаў прынцыпова не называе таго, каго хацеў бы бачыць на сваёй пасадзе, каб не ўплываць на думку сяброў ТБМ, але бачыць годных кандыдатаў:
«Я хачу зрабіць усё па-эўрапейску. Мы прынялі рашэньне, што да студзеня людзі будуць думаць, каго абраць. У канцы студзеня вылучым адну-дзьве-тры кандыдатуры, а на зьезьдзе могуць быць і іншыя кандыдаты. Нармальны дэмакратычны працэс! Такі быў у руху „За свабоду“, быў Губарэвіч, быў Лагвінец... Нарэшце навучыліся быць дэмакратамі, прыклад Руху мне падабаецца».
Пасьля абраньня новага старшыні Трусаў не зьбіраецца сыходзіць з ТБМ. Ён дапускае, што зьезд можа пакінуць яго ў радзе або сакратарыяце. У свой час Гілевіч і Бураўкін, сышоўшы з пасады старшыні, заставаліся ў радзе ТБМ.
Алег Трусаў стаў у 1989 годзе адным з заснавальнікаў ТБМ (а годам пазьней — Коласаўскага ліцэю), быў кіраўніком ТБМ у Савецкім раёне Менску (і ў той жа час дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня), затым першым намесьнікам старшыні — Генадзя Бураўкіна, пры гэтым займаючы пасаду дэкана факультэту бібліятэчна-інфармацыйных сыстэмаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры. У 1999 годзе быў абраны на старшыню ТБМ. Аўтар больш як 150 навуковых публікацыяў, сярод якіх некалькі манаграфіяў, падручнік «Гісторыя сярэднявечнай Эўропы V—ХV ст.».
За час старшынства Трусава ў стаўленьні дзяржавы і грамадзтва да беларускай мовы шмат што зьмянілася. Цяпер некаторыя адзначаюць «мяккую беларусізацыю».
«Вядома, павінна зьмяніцца і само Таварыства, — кажа Трусаў. — Бо сярэдні ўзрост рады, прабачце, 80 гадоў! Некаторым па 85 гадоў. І мне ўжо далёка не 50. Трэба, каб прыйшлі да кіраўніцтва маладзейшыя. Нядаўна маладога хлопца абралі ў Полацку, малады кіраўнік Менскай гарадзкой арганізацыі, дый Алена Анісім маладзейшая за мяне. Ідзе зьмена пакаленьняў — новыя людзі павінны па-новаму кіраваць арганізацыяй. Новае пакаленьне павінна захаваць, што ёсьць, і пайсьці наперад».
Алегу Трусаву 62 гады.
Галоўным дасягненьнем ТБМ за час ягонага старшынства Трусаў лічыць тое, што арганізацыя засталася, захавала офіс, выдае дзьве газэты, два часопісы, вядзе інтэрнэт-партал, мае каля 6500 чальцоў, якія рэгулярна праходзяць перарэгістрацыю і плоцяць складкі.
«Адных кніжак мы выдалі мо паўсотні! — кажа Трусаў. — І мы адзіная арганізацыя, якая выдала летапіс дзейнасьці за 20 гадоў, па месяцах усе нашы работы».