У Слуцку разьвітваюцца з Вольгай Стралкоўскай, якая загінула вечарам 27 лістапада пад коламі аўтамабіля п’янага начальніка Баранавіцкага ДАІ Андрэя Валкавыцкага.
Адпяваньне адбылося ў Сьвята-Міхайлаўскім саборы. Вользе Стралкоўскай у сакавіку споўнілася 36 гадоў. Працавала яна ў Слуцкім тэрытарыяльным сацыяльным цэнтры па абслугоўваньні пажылога насельніцтва.
Пасьля адпяваньня нябожчыцу павязуць хаваць у Стоўпцы.
Бацька Вольгі, Ігар Зянько сказаў, што дачка нарадзілася і вырасла ў Стоўпцах, таму яе там і пахаваюць.
— У Слуцку я служыў у вайсковай частцы, мы тут засталіся жыць і працаваць. Вольга таксама жыла і працавала ў Слуцку... Гора для нас раптоўнае, цяжка апамятацца. Вечарам кіроўца аўтамабіля, зь якім яна паехала ў Баранавічы, патэлефанаваў нам, што яна загінула, — кажа бацька. — Прыехалі на тое месца на трасе — самі ні жывыя ні мёртвыя. На працягу ччатырох гадзін на месцы трагічнага здарэньня вяліся сьледчыя мерапрыемствы, а мы глядзелі і чакалі. А яна ўвесь гэты час ляжала на нашых вачах на дарозе.
Не на вайне, у мірны час загінула — пад коламі п’янага кіроўцы, выканаўцы абавязкаў начальніка ДАІ. Будзем чакаць афіцыйнага заключэньня Сьледчага камітэту і ўзбуджэньня крымінальнай справы, — сказаў у перапынку падчас адпяваньня Ігар Зянько.
Натальля Каракіна — цётка і хросная маці — кажа, што Вольга была вельмі добрым і чулым чалавекам.
— Магла падабраць і ката, і сабаку — усіх карміла. Працуючы ў сацыяльным цэнтры, шкадавала старых людзей, заўсёды па-добраму да іх ставілася. І вось такі лёс: пакінула сваіх дзетак. Багдану нядаўна споўнілася толькі 6 гадоў. Анжэліка мае 16 гадоў, у такім узросьце маці яшчэ вельмі патрэбная, — кажа Вользіна цётка.
Натальля Каракіна кажа, што на Вользе не было жывога месца: яна была ўся пераламаная, усе костачкі паламаныя. Твар увесь заклеены спэцыяльнымі плястырамі — папрацавалі ў моргу.
«Гэта ж зь якой хуткасьцю трэба было ляцець, каб так пабіць і паламаць чалавека?» — кажа яна.
Жанна Лебедзь раней працавала ў сацыяльным цэнтры і добра ведала Вольгу:
— Мы ўсе ў шоку, — кажа Жанна. — Яна заўсёды была вельмі актыўным, вясёлым і адказным чалавекам. Прыгажуня, старанная на працы, добразычлівы чалавек. Ня верыцца, што яе больш няма.
ДТЗ адбылося 26 лістапада каля 20.30. Паводле слоў Вользінай цёткі Натальлі Каракінай, Вольга ехала ў аўтамабілі, каб сустрэць чалавека з баранавіцкага цягніка. Кіроўца ня меў правоў, і калі ў вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёну аўтамабіль спынілі, яна пайшла да інспэктараў, каб даведацца, ці магчыма будзе паехаць далей. А калі вярталася да машыны, то на пешаходным пераходзе яе зьбіў аўтамабіль, якім кіраваў п’яны выканаўца абавязкаў начальніка Баранавіцкага ДАІ Андрэй Валкавыцкі.