Паводле словаў Райс, галоўная мэта Расеі ў Сырыі — не экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» і не «Аль-Каіда», але падтрымка Башара Асада і зьнішчэньне апазыцыі Асаду, «большасьць якой памяркоўная апазыцыя, а не экстрэмісцкая».
Паводле словаў Райс, інтарэсы расейцаў у паражэньні «Ісламскай дзяржавы» маюць другасны характар.
«Думаю, гэтая цікавасьць у іх другасная, праз блізкасьць Расеі да Сырыі і рызыкі таго, што чачэнцы і іншыя, хто змагаецца ў Сырыі на баку „Ісламскай дзяржавы“, могуць вярнуцца на расейскую тэрыторыю», — заявіла яна.
«Калі вы паглядзіце на тое, як яны разьмеркавалі свае намаганьні і рэсурсы, то ўсё зводзіцца да падтрымкі Асада і да таго, каб біць апазыцыю без разбору. Пераважна памяркоўную апазыцыю. І ў меншай ступені мець справу з «Ісламскай дзяржавай», — падкрэсьліла прадстаўніца Белага дому.
Паводле яе ацэнкі, мэтай прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна зьяўляецца тое, каб любым коштам аднавіць Расею як глябальную дзяржаву, а таксама і нацыянальны гонар.
«Думаю, галоўныя мэты прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў тым, каб убачыць Расею ўзыходзячай сусьветнай дзяржавай і аднавіць расейскія гонар і нацыяналізм. Пуцін, як вядома, зьяўляецца былым афіцэрам КДБ. І вельмі пераймаўся з прычыны распаду Савецкага Саюзу, а таксама і адносна пэрыяду, які Расія перажыла, і калі яна была эканамічна і палітычна слабою. Думаю, што ён разглядае свой мандат і сваю мэту ў аднаўленьні расейскай славы і хоча зрабіць гэта за кошт міжнароднага права і нормаў у тых выпадках, калі гэта служыць яго мэтам », - заявіла Сьюзан Райс у інтэрвію Фарыду Закарыя на CNN.