«Беларусы пачалі цягнуцца да свайго. Вераць у анёла-ахоўніка, які ў цяжкі момант падтрымае ці выратуе». На магілёўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў лічаць, што кожная беларуская сям’я павінна мець беларускія сувэніры з саломкі і ільну. Пакуль жа такая прадукцыя больш папулярная ў замежных турыстаў.
Пакой асартымэнтнага аддзелу фабрыкі застаўлены ўзорамі яе прадукцыі. Саламяныя і льняныя вырабы на падлозе, стэляжах, у шафах. Праціснуцца да аддаленых закуткоў няпроста.
Апошняя распрацоўка — беларускія абярэгі
«Наша фабрыка пачала працаваць 1 кастрычніка 1960 году. За гэты час выраблена дужа шмат чаго цікавага. Асартымэнт надзвычай шырокі. Ад лялькі 12-15 сантымэтраў да лялек у мэтар дваццаць, мэтар трыццаць, — распавяла мастачка прадпрыемства Вольга Сыцікава. Яна ўзялася паказаць даробак фабрыкі.
«Усе лялькі — у традыцыйных беларускіх строях з нашай традыцыйнай беларускай сыравіны. Паказаць нам ёсьць што, таму мая мара — стварыць музэй распрацовак і гісторыі нашай фабрыкі», — адзначала Вольга Міхайлаўна.
«Апошняя наша распрацоўка — беларускія абярэгі, — пахвалілася яна, адчыняючы шкляныя дзьверцы шафы. — Тут вы бачыце абярэгі любові, здароўя, дабрабыту, дзяцей, маладых. Нават абярэг „Я люблю Беларусь“. Абярэгі не пасьпяваем рабіць. Настолькі яны папулярныя. Беларусы пачалі цягнуцца да свайго. Вераць у анёла ахоўніка, які ў цяжкі момант падтрымае ці выратуе».
Пераходзячы з аднаго кута пакою ў другі ды перакладаючы пакункі, Вольга Міхайлаўна згадвала, што на пачатку сувэніры былі просьценькія, але па меры разьвіцьця станавіліся больш прэзэнтабэльнымі.
«Апошнім часам у вырабе нашай прадукцыі мы ўсё больш робім ухіл на нацыянальную тэматыку, хоць і раней трымаліся яе, але цяпер адчулі, што такая прадукцыя больш запатрабаваная на рынку, — казала суразмоўніца. — Беларусь жа сувэрэнная дзяржава, і пра яе мусяць ведаць у тым ліку і па сувэнірах. У нас шмат лялек з надпісам «Беларусь», і іх з задавальненьнем купляюць замежныя турысты.
На рэкляму па БТ у фабрыкі ня хопіць грошай
Фабрыка мастацкіх вырабаў знаходзіцца ў цэнтры Магілёва. На ўваходзе — шыльда са згадкай пра Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Прадпрыемства вырабляе прадукцыю народных мастацкіх промыслаў з саломы і льну. Акрамя таго, у асартымэнце швейныя і вязаныя вырабы.
«Нашы сувэніры дужа папулярныя, але не ў Магілёве і Магілёўскай вобласьці, а ў Менску», — тлумачыць сытуацыю з продажам прадукцыі кіраўнік фабрыкі Ўладзімер Ярошкін. Паводле яго, у сталіцу Беларусі фабрыка пастаўляе сувэніраў на 20 тысяч рублёў штомесяц.
«Там больш замежнікаў, якія ахвотна набываюць магілёўскія сувэніры. Толькі адзін Менскі аэрапорт прадае іх на тры тысячы рублёў», — казаў ён. Тым ня менш цяперашнія аб’ёмы продажу кіраўніка прадпрыемства не задавальняюць.
«Такія аб’ёмы замалыя для нашай фабрыкі. Мы можам вырабляць тавараў на суму да 40 тысяч рублёў».
Што тычыцца Магілёва і Магілёўскай вобласьці, то, як заўважаў кіраўнік фабрыкі, землякі «бяруць нязначную частку прадукцыі».
«Нам патрэбная дапамога ў прасоўваньні нашых вырабаў, і чыноўнікі з Магілёўскага гарвыканкаму і аблвыканкаму нам маглі б дапамагчы ў гэтым. Яны ж бываюць у дзелавых замежных камандзіроўках і маглі б рэклямаваць іх за мяжой», — казаў Уладзімер Ярошкін.
Што да рэклямаваньня тавараў магілёўскай фабрыкі па беларускім тэлебачаньні, то яе кіраўнік з усьмешкай заўважыў: у прадпрыемства на рэкляму ня хопіць грошай.
«Я не хачу сказаць, што мы паміраем, што стаім на каленях, але цяпер дужа няпроста працаваць. Даходы насельніцтва ўпалі практычна на сем працэнтаў. Людзі аддаюць перавагу прадуктам першай неабходнасьці. Сувэніры для іх другасная прадукцыя».
«Мы разаслалі былі па Беларусі і замежжы 1,5 тысячы камэрцыйных прапановаў. Пакуль на іх адгукнуліся меней за дзясятак арганізацыяў», — канстатаваў Уладзімер Ярошкін.
З сувэніраў жывём
«На жаль, нашы фабрыкі мастацкіх вырабаў перажываюць ня лепшыя часы, — са скрухай адзначыла Вольга Сыцікава. — Зьмяншаюцца аб’ёмы. Меншаюць калектывы. Можа, у пэрспэктыве ўсё пяройдзе ў прыватныя рукі».
«Як пачаліся крызісы, то я думала, што і наша фабрыка ня выжыве, — працягнула яна, — Аднак, калі іншыя прадпрыемствы сутыкнуліся з праблемамі, то мы з сувэніраў жывём».
Вольга Сыцікава на фабрыцы з 1980 году. 26 апошніх год займаецца праектаваньнем тавараў. Цяпер рыхтуе пэрсанальную выставу.
«Наша нацыянальная вопратка адметная і лялькі пазнавальныя. Калі расейскія лялькі ў сарафанах, то беларускія ў такіх прыгожых, да таліі сукенках, — не без задавальненьня апавядала майстрыца, паказваючы адрозьненьні на сувэнірах.
„А паглядзіце, якія ў нас ручнікі майстрыхі ткуць“, — дастаючы нібыта з куфра адзін за адным ручнікі, хвалілася Вольга Міхайлаўна. — У беларускай вышыўцы пераважаюць белыя, чырвоныя ды чорныя колеры. У беларусаў жа сьвята не абыходзіцца без ручніка. Нашы выжытыя паводле беларускіх традыцыяў».
«Ручнікі мы цяпер робім толькі на замову, у сувязі зь няпростай эканамічнай сытуацыяй, — зноў скрушна заўважыла Вольга Міхайлаўна. — На давальніцкай сыравіне сядзім. Трэба ж людзей загружаць працаю».
«Робім такія вось наборы да беларускіх сьвятаў», — прадэманстравала Вольга Міхайлаўна маленькіх лялек, запакаваных у скрыначкі.
«Вось гэты набор да Калядаў выпускаем. Бачыце, і каза ёсьць, і калядоўшчыкі таксама. Праўда прыгожа? — запытала яна журналіста і, не чакаючы адказу, працягнула. — А гэта лялькі ў нацыянальных строях шасьці рэгіёнаў Беларусі. Вось, бачыце, у камізэльцы лялька зь Віцебскай вобласьці. А вось магілёўская ў намітцы і андараку ў клетку. А вось як праходзіў Чэмпіянат сьвету па хакеі, дык вырабілі такі эксклюзіўны набор з хакеістаў. Імкнёмся не адставаць ад жыцьця».
«Наагул, я лічу, што кожная беларуская сям’я мусіць мець сувэніры зь беларускай саломкі ці ільну, — выказала меркаваньне Вольга Міхайлаўна, прыціскаючыся да паліцаў з большымі лялькамі. — Гэта ж уся прадукцыя зробленая рукамі, з добрымі думкамі. Наша саломка — з сонечнага сьвету, таму нясе цеплыню людзям. Акрамя таго, і лён і саломка — прыродныя матэрыялы. Многія, я ведаю, набываюць нашу прадукцыю, бо яна прыцягвае».