Шлюбны абавязак

Наста Захарэвіч.

У мяне ніколі не было «Энцыкляпэдыі для дзяўчынак» і падобных да яе кніг, і бацькі ніколі не размаўлялі са мной пра сэкс. Бацька аднойчы спрабаваў завесьці размову на гэтую тэму, але так і ня змог пачаць — толькі напіўся і выкурыў паўпачка цыгарэт, пакуль зьбіраўся з сіламі. Маці ж проста пэрыядычна казала: «У выпадку чаго я цябе па сьцяне размажу гэтымі вось рукамі». Было зразумела, што яна пра падлеткавую цяжарнасьць, але ўслых зноўку ж нічога не прамаўлялася. У сем’ях маіх сябровак сэксуальная адукацыя была прыблізна на такім жа ўзроўні.

Інфармацыю пра «Гэта» я, як і большасьць постсавецкіх дзяцей, зьбірала па кроплях зь вельмі разнастайных крыніц. На шчасьце, інфармацыя збольшага траплялася някепская. Але гэта ж чыстая выпадковасьць, што міты пра надзейнасьць каляндарнага мэтаду кантрацэпцыі і існаваньне шлюбнага абавязку я пачула ці прачытала ўжо тады, калі магла дакладна адказаць, што гэта прыдумкі і маніпуляцыі.

Адсутнасьць добрай сэксуальнай адукацыі — адзін са шматлікіх элемэнтаў так званай культуры гвалту.

Адсутнасьць добрай сэксуальнай адукацыі — адзін са шматлікіх элемэнтаў так званай культуры гвалту — культуры, у якой розныя формы гвалту над асобай ня проста ігнаруюцца, але нават рамантызуюцца і культывуюцца. Перад тым, як запытвацца, чаму жанчына не сыходзіць ад мужа-агрэсара, падумайце, у якіх культурных устаноўках вырасла гэтая жанчына.

Вось нараджаецца дзяўчынка. Яе маці кажуць, каб яна вучылася заплятаць касічкі і завязваць банцікі, а тату, што яго, па вялікім рахунку, пранесла — выхоўваць дачку мусіць усё ж такі маці, а ягоная задача — абараняць яе ў будучыні ад кавалераў, якія, безумоўна, будуць усе аднолькава жахлівыя. Дзяўчынка расьце, ёй набываюць цацачную кухонную пліту і цацачны пыласмок, вучаць быць акуратнай і паводзіць сябе прыгожа.

З часам дзяўчынка становіцца падлеткам і, у большасьці выпадкаў, пачынае цікавіцца сэксуальнай тэмай (тут да выхаваньня падключаецца тата ў ролі няпрошанага ахоўніка, які сам вырашае, ад каго трэба ахоўваць). Яны чытае часопісы, у якіх даюць падрабязныя інструкцыі «як спадабацца хлопцу» і «як не праваліцца на першым спатканьні» і расказваюць пра важнасьць галеньня ног і стварэньня інтымных прычосак.

Бацькі, як правіла, жахаюцца «распусным» артыкулам, але самі пра сэкс з дачкой не размаўляюць.

Бацькі, як правіла, жахаюцца «распусным» артыкулам, але самі пра сэкс з дачкой не размаўляюць — па-першае, саромеюцца, па-другое, баяцца, па-трэцяе, адмаўляюць, што гэта ўжо актуальна. Затое дзяўчынцы раскажа пра сэкс запрошаная ў школу доктарка. Збольшага расповед будзе пра тое, як «Гэта» брудна, нізка і няварта, і што ад «Гэтага» бываюць страшныя інфэкцыі, і што «Гэтым» нельга займацца да вясельля (інфэкцыі, напэўна, чароўным чынам зьнікаюць адразу пасьля абмену пярсьцёнкамі).

Але ў шлюбе, дарэчы, сэксу таксама няма. Ёсьць шлюбны абавязак — прэвэнтыўны і бясконцы. Дакладней, даўжынёй у шлюб. А раз жаніцца трэба адзін раз і назаўжды, значыць... ну вы зразумелі.

Толькі вось шлюбнага абавязку не існуе. Сэксуальныя стасункі ў шлюбе можна падзяліць на два тыпы: сэкс па ўзаемнай згодзе і сэксуальны гвалт. Так, згвалтаваньне — гэта зусім неабавязкова страшны маньяк з нажом у руцэ у цёмным парку. Гэта вельмі нават часта каханы муж — той, які «і ў бядзе, і ў радасьці». Проста яму вельмі хочацца. Так, менавіта зараз. Не, ён ня можа цярпець, і не, рука — гэта не выйсьце.

Фізычная бясьпека і псыхалягічны камфорт адыходзяць на задні плян, калі размова ідзе пра так званае ратаваньне сям’і.

Перш, чым запытацца ў жанчыны, чаму яна не сыходзіць ад агрэсара, падумайце, як часта вы чуеце і чытаеце, што сям’я — гэта сьвятое, і за яе трэба змагацца да апошняга, нягледзячы ні на што. Фізычная бясьпека і псыхалягічны камфорт адыходзяць на задні плян, калі размова ідзе пра так званае ратаваньне сям’і. Але жанчыны застаюцца ня толькі таму, што ім страшна «руйнаваць сям’ю» — часта яны думаюць, што сэксуальны прымус у шлюбе — гэта норма. Яны пакутуюць, але ўпэўненыя, што так і павінна быць.

Сэксуальны гвалт у сям’і яшчэ больш незаўважны для грамадзтва, чым гвалт фізычны — на целах ахвяраў часта не застаецца аніякіх сьлядоў. Сабраць адпаведную статыстку надзвычай цяжка, што не адмаўляе неабходнасьці казаць пра гэтую праблему. Бо галоўнае — не афіцыйная статыстыка, а рэальнасьць, у якой жывуць жанчыны.

І ніколі не блытайце — падтрымліваць трэба жанчын, а асуджаць — агрэсараў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.